Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карняенка: «На ўчастках, дзе было назіраньне, афіцыйныя вынікі адрозьніваліся на 10 працэнтаў»


Карняенка: На ўчастках, дзе было назіраньне, афіцыйныя вынікі адрозьніваліся на 10 працэнтаў”
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:57 0:00
Наўпроставы лінк

У чарговай перадачы «Інтэрвію тыдня» госьць эфіру, каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка, адказвае на пытаньні, чаго можна дабіцца назіраньнем, якія рэчы самыя галоўныя ў кантролі за выбарамі і колькі назіральнікаў трэба, каб афіцыйныя вынікі выбараў былі зусім іншыя.

— Перш за ўсё давайце вызначымся з прынцыповым пытаньнем — чаго можна дабіцца назіраньнем? Ці былі выпадкі, прыклады таго, калі назіральнікі зьмянілі афіцыйныя вынікі галасаваньня, напрыклад, на нейкім участку?

— Калі займацца выключна адным назіраньнем падчас электаральнай кампаніі, то, напэўна, зьмяніць удаецца мала што. Таму мы не называем сваю кампанію толькі назіраньнем. Мы таксама вылучаем нашых людзей у сябры камісіі. Калі б мы іх не вылучалі — адкуль бы ўсе ведалі, што іх туды не ўключаюць?

Паводле нашых дадзеных, на выбарах у 2010 годзе афіцыйныя дадзеныя на тых участках, дзе было назіраньне, адрозьніваліся прыблізна на 10 працэнтаў.

— Няўжо камісіі настолькі баяцца назіральнікаў?

— Не паўсюль. Але шмат дзе гэта чыньнік, які дысцыплінуе. Таму назіраньне, безумоўна, справа карысная, але, зразумела, недастатковая для таго, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне. Таму мы ня толькі на назіраньні канцэнтруемся.

— Ці можна сказаць, што калі б назіральнікі былі на ўсіх участках — то і афіцыйныя вынікі выбараў былі б зусім іншыя?

— На вялікі жаль, наша кампанія пакуль застаецца пераважна апазыцыйным мерапрыемствам. І наша мэта — ператварыць апазыцыйную кампанію ў шырокую грамадзянскую. Не такія вялікія тут трэба кадры. У Беларусі шэсьць з паловай тысяч выбарчых участкаў, і рэальна знайсьці людзей, якія б маглі ў адзін дзень прыйсьці, паглядзець працэдуру падліку галасоў, а пасьля сфатаграфаваць выніковыя пратаколы — мы дакладна маглі б злавіць выбарчыя камісіі. Мы да гэтага імкнёмся.

— Тады лягічнае пытаньне — як стаць назіральнікам?

— Беларускае заканадаўства ў гэтым аспэкце вельмі лібэральнае. Трэба сабраць 10 подпісаў людзей, якія пражываюць на адпаведным участку, і можна акрэдытавацца. Другая магчымасьць — вылучыцца ад палітычнай партыі і грамадзкага аб’яднаньня. І тут, паводле апошніх зьменаў у дзейнае заканадаўства, цяпер можна вылучаць такім чынам любога грамадзяніна, а ня толькі сябра партыі. Мы заўсёды можам аказаць тэхнічную і мэтадычную дапамогу.

— Дэмакратычны актыў на сёньня не такі вялікі. Ці варта яго распыляць, накіроўваць на назіраньне людзей, якія ў гэты момант маглі б браць удзел у іншых формах выбарчай кампаніі?

— Тэхналёгія кампаніі такая, што ўсе этапы ідуць пасьлядоўна, таму можна пасьпець паўсюль. Але галоўная наша задача — не пераканаць ужо дзесяць разоў перакананых, а ўцягнуць у гэтую працу новых людзей, даць ім магчымасьць займацца грамадзкай дзейнасьцю. І мы цяпер у першую чаргу зьвяртаемся да такіх мэтавых групаў, якія незадаволеныя сёньняшнім жыцьцём. Гэта працаўнікі нашых прамысловых гігантаў — людзі не атрымліваюць заробак, трапляюць пад скарачэньні і ня ведаюць, што рабіць. Мы ім прапануем пачатак.

— У іх няма заробку, а вы ім прапануеце ісьці ў назіральнікі?

Камісіі павінны адчуваць, што яны пад пільным грамадзкім кантролем і што іхнія незаконныя дзеяньні некалі могуць выйсьці бокам

— Зразумела, праз назіраньне адразу ўладу ня зьменіш. Але давайце ўзгадаем 89–90-ты год, калі камісіі, прызначаныя ў райкамах, перасталі падпарадкоўвацца. Я разумею, што было іншае палітычнае надвор’е — але чаму мы ня верым, што і ў нас яно можа памяняцца? Дый камісіі павінны адчуваць, што яны пад пільным грамадзкім кантролем і што іхнія незаконныя дзеяньні некалі могуць выйсьці бокам. Таму чым больш будзе назіральнікаў, тым болей гэта будзе стрымліваць ад парушэньняў.

— Сёньня ж, 1 ліпеня, сваю прэсавую канфэрэнцыю праводзяць прадстаўнікі кампаніі «Права выбару-2015». Гэтую кампанію ладзяць пераважна палітыкі ад арганізацыяў і партыяў, што ўваходзяць у кааліцыю «Народны рэфэрэндум». Некаторыя глядзяць на гэта вельмі крытычна — маўляў, нават тут апазыцыя ня можа сабрацца ў адзіны кулак, а ладзіць некалькі розных кампаніяў назіраньня. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Я назваў нашу задачу — ладзіць не партыйнае назіраньне. А ўцягваць у працэс новых людзей — гэта наша мэта. Але чым болей будзе розных кампаніяў — тым лепш. Абы яны не перашкаджалі адна адной.

— На адным участку могуць быць назіральнікі ад самых розных кампаніяў і арганізацыяў? На практыцы, а не на паперы.

— Безумоўна. Мы нават не кантралюем, колькі будзе назіральнікаў. Іх галоўная задача — прысутнічаць падчас падліку галасоў і зафіксаваць, што ёсьць у пратаколе.

— Многія людзі ўпэўненыя, што палітычным актывістам падчас розных кампаніяў плацяць грошы, у тым ліку і за назіраньне.

— Калі ў нас ёсьць такія магчымасьці, то я не лічу парушэньнем, калі можна кампэнсаваць праезд і ежу — зразумела, што гэта нельга назваць нават аплатай, бо грошы там невялікія. Але, хутчэй за ўсё, у гэтай кампаніі такіх магчымасьцяў ня будзе, як, зрэшты, і ў 2010-м. Але больш за дзьве тысячы чалавек тады гатовыя былі працаваць бясплатна.

— Ацэнка заходнімі палітыкамі гэтай кампаніі будзе фармавацца на падставе высноваў беларускіх назіральнікаў ці замежных?

— Складана сказаць. Мы павінны зрабіць сваю справу, сабраць доказы. І нас крыху непакоіць ініцыятыва прапанаваць шырокі сьпіс для паляпшэньня выбарчага працэсу. У свой час мы дамаўляліся, што трэба канцэнтравацца на некалькіх вельмі прынцыповых і важных пунктах і не распыляцца. Складана зразумець, навошта гэта рабілі нашы партнэры. Праблема існуе — рэжым хоча спадабацца Захаду, і гэта ўзаемна. І мы павінны толькі ўзмацніць нашу дзейнасьць, сабраць доказы, каб было проста няёмка «прызнаваць пэўны прагрэс», калі яго няма.

— А якія гэта самыя прынцыповыя рэчы?

— Калі казаць бязь зьменаў у заканадаўства (а гэта перш за ўсё папярэдняе галасаваньне), то я б назваў першае — дакладна вызначыць працэдуру падліку галасоў. Другое — гарантаваць прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых камісіях. Трэцяе — правы назіральніка, які павінен бачыць, што адбываецца. Чацьвёртае — ЦВК павінен даваць вынікі выбараў у разрэзе кожнага ўчастка.

— Але датэрміновае галасаваньне... Калі нават у дзень галасаваньня будзе ўсё чыста, то падчас датэрміновага 30 працэнтаў могуць быць фальсыфікаваныя.

— Зразумела, гэта фора. Але тут 30 працэнтаў, а ня сто. Натуральна, я даўно казаў, што нашым «аленяводам і маракам» можна галасаваць у адзін дзень без праблем. Натуральна. Гэтае заканадаўства трэба мяняць. Мы ведаем знакаміты выпадак, калі сябра АГП падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў раскрыў таямніцу. Уначы падышла старшыня камісіі і сказала па-змоўніцку: «Дайце мне ключык, я павінна бюлетэньчыкі памяняць».

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG