Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка: У Беларусі расейскую Вікіпэдыю чытаюць 83%, ангельскую — 9%, беларускую — 1%


Цярэшчанка: У Беларусі расейскую Вікіпэдыю чытаюць 83%, ангельскую – 9%, беларускую – 1%
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:49 0:00

Даглядчык беларускай Вікіпэдыі Ігар Цярэшчанка ў перадачы «Інтэрвію тыдня» паведамляе, хто перамог у конкурсе ТБМ, распавядае, які правапіс — «наркамаўка» ці «тарашкевіца» — больш папулярны ў Вікіпэдыі, і тлумачыць, хто «кіруе» Вікіпэдыяй і як вырашаюцца канфліктныя сытуацыі.

Цыганкоў: «Таварыства беларускай мовы» правяло конкурс артыкулаў для беларускай Вікіпэдыі на агульную тэму «Гуманітарныя навукі. Пэрсаналіі». Конкурс меў на мэце павялічыць колькасьць і зьмястоўнасьць артыкулаў у беларускай Вікіпэдыі, далучыць да яе новых рэдактараў. Сёньня госьць Свабоды — сябра журы конкурсу, даглядчык беларускай Вікіпэдыі Ігар Цярэшчанка. Перш за ўсё давайце пагаворым пра гэты конкурс і ягоныя вынікі. Колькі людзей адгукнуліся, напісалі свае артыкулы?

Цярэшчанка: Мэтай конкурсу было прыцягнуць дадатковую ўвагу да беларускай Вікіпэдыі, прыцягнуць болей аўтараў і напоўніць яе новымі артыкуламі. Адгукнулася ня так шмат людзей, як мы чакалі — каля 25 чалавек. Зь іх ня ўсе разумелі, што такое вікіпэдыйны артыкул. Таму ў фінал конкурсу выйшлі толькі 6 чалавек.

Цыганкоў: Пра што былі артыкулы? Што прываблівае сёньняшніх аўтараў?

Цярэшчанка: Вядома, найчасьцей пішуць біяграфічныя артыкулы. Але ў канкрэтна нашым конкурсе найбольш артыкулаў было напісана на тэму палярных дасьледаваньняў — гэта асабістае захапленьне чалавека, які заняў трэцяе месца.

Цыганкоў: ТБМ якраз сёньня падводзіць вынікі конкурсу.

Цярэшчанка: Так, пераможцам конкурсу стаў артыкул пра беларускі нацыянальны касьцюм, ён выйграў пляншэт ад ТБМ. Другое месца заняў артыкул на тэму беларускага фэнтэзі, трэцяе — пра палярных дасьледчыкаў.

Цыганкоў: У Беларусі ўсяго па два, у тым ліку і дзьве Вікіпэдыі. Адна паводле афіцыйнага правапісу (наркамаўка), другая пішацца клясычным правапісам («тарашкевіца»). Якія паміж імі адносіны, каго больш чытаюць?

Цярэшчанка: Я прадстаўляю Вікіпэдыю, напісаную сучасным правапісам. Адносіны паміж намі добрыя, нэўтральныя, мы супрацоўнічаем у шмат якіх галінах. У 2003 годзе, калі пачыналася беларуская Вікіпэдыя, пісалі хто як хоча. Потым ужо адбыўся падзел на акадэмічны і клясычны разьдзелы.

Цыганкоў: Наколькі ўвогуле папулярная беларускамоўная Вікіпэдыя? Колькі людзей яе чытае?

Цярэшчанка: Увогуле, магу сказаць, што на пачатку гэтага году былі зафіксаваныя рэкордныя прагляды. За красавік Вікіпэдыю сучасным правапісам прагледзелі 10 мільёнаў разоў, Вікіпэдыю клясычным правапісам — 3,6 мільёна. Магу прывесьці вам статыстыку, колькі чытаюць беларускамоўную Вікіпэдыю зь Беларусі. На першым месцы ідзе расейская — 83 працэнты ўсіх праглядаў Вікіпэдыі, на другім ангельская — 9 працэнтаў, на трэцім беларуская акадэмічная — каля 1 працэнта праглядаў. Беларуская клясычная — 0,3 працэнта. І гэта даволі істотны рост, таму што былі часы, калі арабская Вікіпэдыя з тэрыторыі Беларусі праглядалася часьцей за беларускую.

Дарэчы, панаваньне іншамоўнай Вікіпэдыі — ня толькі беларускі фэномэн. Напрыклад, у Літве ці Славаччыне англамоўная Вікіпэдыя больш папулярная за адпаведна літоўскую і славацкую.

Былі часы, калі арабская Вікіпэдыя з тэрыторыі Беларусі праглядалася часьцей за беларускую

Цыганкоў: Як увогуле можна стаць аўтарам Вікіпэдыі? Хто вырашае, пра каго і пра што будзе напісаны артыкул? Што за «масонская лёжа», якая кіруе ўсім гэтым?

Цярэшчанка: Насамрэч кожны — патэнцыйным аўтар Вікіпэдыі. Гэта адкрытая энцыкляпэдыя, і любы карыстальнік інтэрнэту можа яе правіць. Аднак калі ты зарэгіструесься на сайце Вікіпэдыі, то будзеш мець дадатковыя функцыі і можаш стаць даглядчыкам. А ўвогуле любы чалавек, калі адкрывае артыкул і бачыць там памылку, ён можа націснуць кнопку «правіць» і дапісаць сваё. Вядома, пры гэтым ён павінен кіравацца прынцыпамі Вікіпэдыі.

Цыганкоў: Калі нейкі зарэгістраваны аўтар напісаў відавочную хлусьню ці памылку — хто можа гэта падправіць? Як вырашаюцца спрэчныя пытаньні?

Цярэшчанка: Канфліктныя сытуацыя вырашае супольнасьць зарэгістраваных аўтараў. Адзін з прынцыпаў Вікіпэдыі — нэўтральнасьць і выкарыстаньне аўтарытэтных крыніцаў, таму спрэчная інфармацыя будзе правярацца. Калі інфармацыя парушае нэўтральны пункт гледжаньня, палярызуе нейкія факты — то такая інфармацыя будзе выдаленая.

Цыганкоў: Пасьля крымскіх падзеяў у расейскай Вікіпэдыі пачалі зьмяняць нават гістарычныя артыкулы. Што можна зрабіць тым, хто ня згодны?

Цярэшчанка: Беларуская Вікіпэдыя ў пытаньні тэрытарыяльнай прыналежнасьці кіруецца афіцыйнай палітыкай Рэспублікі Беларусь. Што да спрэчных пытаньняў увогуле, то ў расейскай Вікіпэдыі, напрыклад, ёсьць апэляцыйны камітэт, куды можа зьвярнуцца незадаволены, і там будуць вырашаць, хто мае рацыю.

Цыганкоў: Вікіпэдыю крытыкуюць, што яна пішацца аматарамі, якія ня маюць ніякіх навуковых ступеняў. Ці можа артыкул пра фізыку напісаць любы аўтар, бязь нейкай спэцыяльнай адукацыі?

Цярэшчанка: Так, фармальна любы аўтар можа напісаць любы артыкул. Але аўтары Вікіпэдыі, як правіла, людзі сумленныя і імкнуцца пісаць пра тое, у чым яны разьбіраюцца. Звычайна так складаецца, што кожны выбірае тую сфэру, у якой разьбіраецца. Але я пагаджуся, што Вікіпэдыя ня мае тысячы рэцэнзэнтаў, якія б маглі праверыць кожны сказ.

Цыганкоў: ТБМ часам крытыкуюць за несучаснасьць, традыцыйнасьць у сваёй дзейнасьці. Вы якраз займаецеся інтэрнэтам. Наколькі шмат увагі ў ТБМ аддаецца прысутнасьці ў сеціве, Вікіпэдыі?

Цярэшчанка: Я — шараговы сябра ТБМ, але магу выкласьці сваю пазыцыю наконт гэтай крытыкі. Мне падаецца, што ТБМ сапраўды досыць кансэрватыўная арганізацыя, якая дзейнічае клясычнымі мэтадамі. Але апошнім часам назіраецца пашырэньне іхняй прысутнасьці ў сеціве. Яны стварылі новы інфармацыйны партал, дапамаглі нам правесьці гэты конкурс, за што я вельмі ўдзячны. Таму асабіста мне падаецца, што ў ТБМ ёсьць будучыня ў Інтэрнэце.

Цыганкоў: А якая будучыня ў беларускай Вікіпэдыі? Тут ёсьць нейкае зачараванае кола. Вось калі я нешта шукаю ў сеціве, набяру першапачаткова па-беларуску, але потым бачу, што належнай інфармацыі няма, і наступным разам буду набіраць па-расейску ці па-ангельску. Як разарваць гэтае зачараванае кола?

Цярэшчанка: Вельмі проста — трэба проста пісаць у беларускую Вікіпэдыю. Цяпер мы маем 89 692 артыкулы акадэмічным правапісам і 56 650 артыкулаў клясычным правапісам. З кожным днём колькасьць артыкулаў павялічваецца, і шукаць інфармацыю па-беларуску становіцца ўсё прасьцей. А тым, хто скардзіцца, што беларускамоўныя артыкулы Вікіпэдыі не высьвятляюцца ў іхніх пошукавых сыстэмах — я магу параіць зьмяніць налады браўзэра. У ім ёсьць прыярытэт моваў, і пра гэта мала хто ведае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG