Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: Ніхто з «Гавары праўду» ня верыў, што я выйду з кампаніі


Някляеў: Ніхто з “Гавары праўду”ня верыў, што я выйду з кампаніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:13:13 0:00
Наўпроставы лінк

Някляеў: Ніхто з “Гавары праўду”ня верыў, што я выйду з кампаніі

Чаму ўсё ж Уладзімер Някляеў быў вымушаны пакінуць кампанію «Гавары праўду»? Ці можна сказаць, што яго адтуль выціснулі? Ці будзе ён вылучацца на прэзыдэнта на гэтых выбарах? Якая мэта ў заяўленым стварэньні руху «За Беларусь», адкуль возьмуцца новыя людзі для гэтай структуры? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Інтэрвію тыдня» адказвае паэт і палітык, былы кандыдат на прэзыдэнта, былы кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў.

— Перш чым казаць пра будучыню, мне б хацелася расставіць «кропкі над і» у некаторых пытаньнях мінулага. Вы даволі падрабязна тлумачылі прычыны свайго сыходу з кампаніі «Гавары праўду». Але прызнаюся, што мяне (як і многіх) цалкам гэтыя тлумачэньні не задаволілі. Ці можна сказаць, што ваш сыход з кампаніі быў ня вельмі добраахвотным крокам, іншымі словамі — вас проста выцесьнілі з руху «Гавары праўду»?

— Я слухаю іншых, калі я ня ведаю, як на самой справе ёсьць. Але ў дадзеным выпадку я дакладна ведаю, як яно ўсё было — таму мне ўсё роўна, што кажуць іншыя людзі па гэтым пытаньні.

Любы, хто займаецца палітыкай, ведае, што перад кожнай значнай палітычнай кампаніяй рабіць нейкія кардынальныя зьмены ў структуры, якая рыхтуецца да гэтай кампаніі — гэта, мякка кажучы, ня самы лепшы крок. Таму сыход лідэра ў гэты час быў ня выгадны нікому ў кампаніі «Гавары праўду». Але мне было ўжо немагчыма там заставацца з той простай прычыны, што маё бачаньне будучыні кампаніі і таго, як яна павінна разьвівацца, чым займацца і як павінна працаваць на выбарах — кардынальна разышлося з тым бачаньнем, якое было ў большасьці «Малой рады» кампаніі.

— Але ж чаму так адбылося? Пяць гадоў вы былі паплечнікамі ў адной структуры, і тут...

— Так адбылося, бо так адбылося. Розныя людзі, розныя мэты, рознае бачаньне — у выніку адбылося несупадзеньне інтарэсаў. І перш за ўсё ў стратэгічным бачаньні нашых дзеяньняў і інтарэсаў.

— Але калі вы першы раз убачылі прыкметы такога несупадзеньня — вы паспрабавалі пераканаць сваіх калегаў?

— Безумоўна. Ніхто, дарэчы, зь іх ня верыў, што я гэта зраблю, выйду з кампаніі. Ніхто! Я некалькі разоў казаў — або мы знойдзем кансэнсус, або вы дачакаецеся таго, што я прынцыпова заяўлю, што нам ісьці не ў адзін бок. «Ай, Уладзімер Пракопавіч, не палохайце». Вось я і не палохаў, я проста гэта зрабіў.

— Цяпер вы заявілі пра стварэньне новага руху. Ці ёсьць ужо нейкае бачаньне, дзеля чаго ён мае стварацца, каго зьбіраць пад свае сьцягі, і нават якая назва павінна быць?

— Сытуацыя вельмі складаная для Беларусі, як унутрыпалітычная, гэтак і зьнешнепалітычная. У Беларусі мы бачым разьвіцьцё і рост прарасейскіх арганізацыяў, якія займаюцца выхаваньнем дзяцей у прарасейскім духу. А што мы робім, што мы гэтаму процістаўляем? Калі мы ня створым на нацыянальным грунце сілы, якая будзе гатовая змагацца за Беларусь, мы Беларусь проста прайграем. Вось у гэтым задача стварэньня руху. Ведаю, пра што ты зараз хочаш спытацца — «маем аморфнае грамадзтва, неактыўнае...»

— Ня толькі гэта. Як вы зьбіраецеся ствараць такі рух, адкуль браць удзельнікаў? Ці пойдзеце традыцыйным шляхам — запрашаць актывістаў з ужо існуючых партыяў, ці неяк спадзеяцеся знайсьці новых людзей?

— Гэта павінен быць рух, які можа ўвабраць у сябе ўсіх і ўсё, хто за Беларусь. Таму мы і хочам назваць яго «За Беларусь». Напрыклад, «Гавары праўду» ў гэтым руху можа быць як калектыўны сябра.

Але стаўка павінна быць не на гэта. Я паглядзеў, што ў нас робіцца ў сэктары няўрадавых арганізацыяў. Іх сотні, і імі ніхто не займаўся.

— Але яны, натуральна, баяцца ў палітыку лезьці.

— Баяцца. Але ім не прапаноўвалі глябальнай, сур’ёзнай мэты і задачы. Хто пакажа на цябе пальцам, калі ты прыйдзеш і скажаш, што ты за дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі? Рада моладзевых арганізацыяў, розныя суполкі, якія заняліся мяккай беларусізацыяй, усе гэтыя людзі — гэта патэнцыял руху «За Беларусь». Зь імі проста трэба спакойна працаваць і не баяцца, што мы заклікаем іх пайсьці зрынаць кагосьці, біць мянтоў і гэтак далей.

— Дык што — вы хочаце стварыць нейкі непалітычны рух?

— Гэта палітычны рух. Але гэта рух з абсалютна яснай, стратэгічна вызначанай мэтай — захаваць Беларусь. І я ня бачу нічога, што магло б яму ўнутрана перашкодзіць.

— Ці азначае стварэньне гэтага руху, што вы думаеце пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі ў якасьці кандыдата?

Прэзыдэнцкія выбары на сёньня гэта нішто. Таму мы зазіралі значна глыбей

— Учора мы правялі пашыранае паседжаньне таго, што можна назваць арганізацыйным камітэтам, гаварылі 4 гадзіны, і ніводнага разу ніхто не ўзгадаў прэзыдэнцкія выбары. Бо на сёньня гэта нішто, бо загадзя вядомыя вынік гэтых выбараў і мэтадалёгія, паводле якіх яны будуць праводзіцца. Таму мы зазіралі значна глыбей.

Тым ня менш, калі мы прыйдзем да высновы, што тых мэханізмаў і інструмэнтаў, якія ляжаць па-за прэзыдэнцкай кампаніяй, не хапае дзеля таго, каб актывізаваць стварэньне руху «За Беларусь», — магчыма, мы ў гэтых выбарах будзем удзельнічаць.

— На сёньняшні момант якія ў вас адносіны зь іншымі лідэрамі апазыцыі?

— Неаднойчы казаў, што я сышоў з апазыцыі зусім ня дзеля таго, каб павярнуўшыся, пляваць назад. Я ніколі ня кіну камень у апазыцыю, бо яны на маім баку барыкад. І адносіны ў мяне, па-мойму, захаваліся з усімі абсалютна роўныя. У нас ёсьць супярэчаньні ў поглядах на палітычную сытуацыю, найперш — на выбарчую кампанію прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэта не азначае, што я зьбіраюся зь імі грызьціся. Ва ўсякім выпадку, я не зьбіраюся даводзіць, што яны ўсе КДБісты, а я адзін ня ў гэтай арганізацыі.

— Усё ж на заканчэньне давайце ўдакладнім наконт вашай ідэі пра стварэньне руху «За Беларусь». Ці азначае з вашых словаў, што вы яго бачыце нечым накшталт БНФ у канцы 80-х, які ўвабраў у сябе ўсіх, хто быў супраць тагачаснай камуністычнай улады, — ці гэта будзе рух, адзін з многіх, сярод іншых?

— Апазыцыя патрабуе перафарматаваньня. Тая сыстэма, у якой цяпер яна існуе, сябе вычарпала, як па людзкіх рэсурсах, гэтак і па ідэях. І такой ідэяй, у якой бы спалучыліся ўсе зацікаўленыя асобы і арганізацыі, можа стаць толькі ідэя дзяржаўнасьці і незалежнасьці Беларусі. Таму, безумоўна, я бачу стварэньне пасьля гэтых выбараў нейкай адзінай плыні супраціву гэтаму рэжыму. І справа нават ня толькі ў супраціве, але і ў стваральнай працы. Мы павінны ўзьняць тое, што цяпер загублена, апушчана на самае дно, — наш нацыянальны беларускі дух, нацыянальную годнасьць. Бяз гэтага я ня бачу пэрспэктывы.

Youtube-вэрсія

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG