Помніка князю Альгерду віцьбічы чакалі чатыры гады. І чакалі б яшчэ сорак чатыры, каб ня «новая політычная сытуацыя», як выказваўся самы хамэлеоністы герой беларускай сцэны Мікіта Зносак. Вось жа ўмеў чалавек прыстасавацца — і да палякаў, і да немцаў, і да бальшавікоў, і да БНР. Праўда, трапляў часам у вартыя жалю сытуацыі, калі гледачы ў залі ня ведалі, плакаць ім ці сьмяяцца. Што ж, на тое яна і трагікамэдыя — як вызначыў жанр сваіх «Тутэйшых» Янка Купала.
«Новую політычную сытуацыю» для кіраўніка Беларусі гэтым разам вызначылі падзеі ва Ўкраіне. Азірнуўшыся вакол, ён неспадзявана пабачыў «русский мир», на абарону якога ў любы момант можа прыляцець расейскі дэсант. Гэта ж трэба — дваццаць гадоў будаваць «сильную и процветающую» Беларусь, якая па ўсіх прыкметах (найперш моўных) падыходзіць пад гэтае прыдуманае ў Крамлі вызначэньне. Ніякі Даль вам не растлумачыць, што такое гэты «русский мир». А на абыватальскім узроўні ўсё выглядае прасьцей простага: гаворыш па-расейску — значыць, ты і ёсьць «русский мир». Што тут галаву ламаць?
Быць часткай «русского мира», хай сабе і шасьцігубэрневай, Аляксандру Лукашэнку відавочна ня хочацца. Як там наш мудры народ гаварыў у падобных выпадках? Як топісься, то і за саломку ўхопісься. Вось і пачаў Лукашэнка хапацца за ўсё, што адрозьнівацьме яго ад «русского мира». Мову беларускую раптам успомніў — і тут жа нават апазыцыянэры ў ладкі запляскалі: «Як хораша прамаўляе! гэта яго родная мова!». На Дзень перамогі георгіеўскія стужачкі забараніў, замест іх чыноўнікі чырвона-зялёныя банцікі пачапілі — маўляў, мы адрозныя ад «русского мира». Думаецца, што і новая пампэзная рэзыдэнцыя ў ляндшафт ускраіны «русского мира» абсалютна ня ўпісваецца. Беларускага там усё ж нямала — «на камні, жалезе і золаце». Ад слуцкага поясу ў зіхотным ад раскошы фае да Пагоні на прылеглай плошчы.
З тае самае опэры і новапаўсталы ў Віцебску конны помнік вялікаму князю Альгерду. Міндоўг у Наваградку пачакае, Гедзімін у Лідзе пачакае, сёньняшняя «політычная сытуацыя» вымагае ўзьняць на пастамэнт Альгерда! На Маскву трыма паходамі хадзіў? Хадзіў. Да Крамлёўскай брамы дзіду прысланяў? Прысланяў. Ад маскоўскіх баяраў выкуп на Паклоннай гары браў? Браў. Ах ты, князь наш геройскі, такі як трэба, сядай на бронзавага каня і пільна аглядай усходнюю мяжу, ці не паўзе падступны вораг абвяшчаць «Віцебскую народную рэспубліку». Мы табе і відушчага сокала на руку пасадзім — толькі ж не праваронь захопнікаў. Як заўважыш, дай знаць — змабілізаваны па трывозе БРСМ за ноч выкапае супрацьтанкавы роў ад Віцебска да Гомеля такой глыбіні і шырыні, што ўсе паўднёва-заходнія ўкраінскія губэрнатары пазайздросьцяць...
Урэшце, ліха зь ёю, з «політычнай сытуацыяй». Сытуацыя пераменіцца — помнік застанецца. І ў Віцебску застанецца, і ў Полацку, дзе князь Усяслаў Чарадзей з пастамэнту таксама ня дужа міралюбна на ўсход паглядвае. Думаецца, і Міндоўг з Гедзімінам свой час падгадаюць і асядлаюць бронзавых коней адпаведна ў Наваградку і Лідзе. А раз пайшла ў нас такая тэндэнцыя — вялікіх князёў ушаноўваць, то трэба паклапаціцца, каб прыжыліся яны ня толькі на нашых вуліцах і плошчах, але і ў школьных падручніках, у сьвядомасьці людзей. Умоўна кажучы, каб пстрыкнуў я тэлекнопкай, а на экране — гістарычная рэканструкцыя, скажам, міцкевічаўскай ліцьвінскай баляды «Тры Будрысы»:
«Маю клопат я пільны — наказалі мне зь Вільні, / што ідуць ваяваць неўзабаве / Кейстут-князь з крыжакамі, а Альгерд — з маскалямі, / а Скіргайла на ляхаў зуб мае. / Я наказ вам цяпер дам: ты ідзі за Альгердам, / ён на Ноўгарад сілу абрыне...». Пстрыкнуў яшчэ раз, а на другім канале — мастацкая экранізацыя гістарычных раманаў Вольгі Іпатавай «Вяшчун Гедзіміна» і «Альгердава дзіда».
Прыйдзе час — будзе і квас, ня ўсё зараз — чую я галасы нацыянальных аптымістаў. Пагаджаюся. Каб уся Польшча прыйшла ў захапленьне ад «Пана Тадэвуша» і «Пана Валадыеўскага», мусілі прамінуць дзесяцігодзьдзі і нарадзіцца Анджэй Вайда і Ежы Гофман. Здаецца, пакуль кінастудыя «Беларусьфільм» на маштабныя гістарычныя праекты і не замахваецца. Зрэшты, аднойчы замахнулася — на «Каласы пад сярпом тваім.» Праўда, замах той далей сцэнару не пайшоў.
Учынак мірных сялянаў варты перайманьня па ўсёй Беларусі. А для ваяўнічага князя Альгерда прагнаць са сваёй зямлі акупанта — справа гонару.
Прызнаюся, блукаць доўгімі і змрочнымі калідорамі «Беларусьфільму» ў мяне вялікай ахвоты няма. Школьныя падручнікі па гісторыі з гледзішча прысутнасьці там вялікіх князёў пагартаем таксама хіба іншым разам. А тут і цяпер давайце зазірнем у кнігу «Віцебск». Вось яна ляжыць разгорнутая перад намі, адлюстроўваючыся самымі яскравымі старонкамі ў плыні задуменнай Дзьвіны. Без сумневу, жыцьцяпіс князя Альгерда — адна з такіх старонак.
Мяркуючы па тым, як доўга і далікатна князя ўсаджвалі верхам, як нешта там шліфавалі і падкручвалі, сядзець яму на кані камфортна. Але ці камфортна князю ў горадзе Віцебску? Ці не абражае што яго княскую годнасьць? Як жа не абражае? Вялікага князя, абаронцу і зьбіральніка беларускіх земляў гарадзкія ўлады прапісалі на вуліцы... Суворава. Абаронцу — на вуліцы захопніка, хай сабе і ў званьні генэралісімуса. Касінераў Касьцюшкі з гарматаў расстрэльваць — вось і ўсе ягоныя ратныя подзьвігі ў Беларусі. Як жа тут не абразіцца князю?
Падазраю, што па начах ён цішком зьяжджае з пастамэнту і ў пошуках больш адпаведнага месца вандруе па Віцебску. Як той Медны коньнік з аднайменнай пушкінскай паэмы. І тут я князю спачуваю. Бо вялікі князь Альгерд абавязкова заблукае ў хітраспляценьнях гарадзкіх вуліцаў з самай недарэчнай у Беларусі тапанімікай. Мяркуйце самі — у Віцебску дзесяць вуліцаў (!) носяць імя Надзеі Крупскай, пяць — названыя ў гонар Якава Сьвярдлова (прычым ёсьць вуліцы з парадкавымі нумарамі 10 і 11), чатыры вуліцы маюць імя Валерыя Чкалава, столькі ж дасталося Канстанціну Заслонаву, тром нададзена імя Мікалая Чарнышэўскага, яшчэ тром — Аўгуста Бебеля, дзьвюм — Міхаіла Фрунзэ...
Ці ж не вар’ятня? Тут ня толькі ў князя, але і ў звычайнага таксіста галава закружыцца.
А заверне князь каня ў другі бок — патрапіць на пяць вуліцаў Сацыялістычных, тры Кастрычніцкія, чатыры Саўгасныя, тры Першамайскія, дзьве Пралетарскія і рызыкуе закончыць свой шлях аж на васьмі (!) Клінічных.
Ці ж не вар’ятня? Тут ня толькі ў князя, але і ў звычайнага таксіста галава закружыцца.
Назва вуліцы павінна хоць нешта гаварыць тым, хто на ёй жыве. Віцьбічы з вуліцаў Мопраўскіх (іх у горадзе дзьве) наўрад ці ведаеюць, што МОПР — даўно канулая ў лету Международная организация помощи революционерам. А як вам такая раскладка — у Віцебску ажно чатырнаццаць (!) вуліцаў Лучосных, але адна вуліца — на двух актораў Яроменкаў (дарэчы, не чужых Віцебску, як пералічаныя вышэй дзеячы). У Віцебску чамусьці чатыры вуліцы Тыраспальскія. Цікава, а колькі Віцебскіх у Тыраспалі? Сумняваюся, што там яны ўвогуле ёсьць.
Прызнаюся, такога бязладзьдзя ў гарадзкой тапаніміцы я больш нідзе не сустракаў. У Віцебску дзясяткі вуліцаў шматкроць (па тры, чатыры, пяць, шэсць, сем разоў!) непатрэбна паўтараюцца. Гэта нейкі віцебскі фэномэн чыноўніцкай дурноты, ад якой старажытнаму гораду трэба патроху пазбаўляцца. Ну каму патрэбныя тры вуліцы Шавардзінаўскія, чатыры Азіна, пяць Лужасьнянскіх, шэсьць Палярных, сем Стадыённых, дзевяць Задарожных і дзесяць Лугавых?
Ня ведаю, як называліся віцебскія вуліцы ў часы Альгерда, але думаю, што нават у XIV стагодзьдзі ў горадзе над Дзьвіной з гэтым быў большы парадак. Толькі ўдумайцеся: дзесяць вуліцаў Крупскай і — адсутнасьць вуліцы імя Васіля Быкава. Крупскай, якая ў 20-я гады апантала чысьціла бібліятэкі ад кніг Плятона, Канта, Ляскова, Аксакава і Чукоўскага ды іншай «буржуазнай каламуці»... Пяць вуліцаў Сьвярдлова і — ніяк не ўшанаваны ў горадзе Рыгор Барадулін. Сьвярдлова, які прымаў рашэньне аб расстрэле царскай сям’і, дзе былі непаўнагадовыя дзеці, які быў адным зь ініцыятараў чырвонага тэрору... Дзьве вуліцы Фрунзэ і — нават не заплянаваная вуліца Генадзя Бураўкіна. Фрунзэ, які тапіў у крыві масавыя сялянскія паўстаньні ва Ўкраіне і Самарскай губэрні...
А можа, зьмены да лепшага прынясе ў Віцебск вялікі князь Альгерд? Няўжо ён не адолее Суворава? Не такі ўжо непераможны гэты расейскі генэралісімус.
А Быкаў, Барадулін і Бураўкін — нараджэнцы віцебскай зямлі, яе гонар і слава. Пра быкаўская Бычкі на Віцебшчыне ведае ўвесь сьвет. Барадулін навечна падараваў сябе — Віцебшчыне. Песьні Бураўкіна штолета лунаюць над Віцебскам падчас «Славянскіх базараў». Дык чаму мясцовая ўлада і пальцам не паварушыць, каб хоць на паўадсотка выправіць тую тапанімічную бязглузьдзіцу, якая сёньня існуе ў горадзе? Некаму ж трэба пачынаць.
А можа, зьмены да лепшага прынясе ў Віцебск вялікі князь Альгерд? Няўжо ён не адолее Суворава? Не такі ўжо непераможны гэты расейскі генэралісімус. Вунь у вёсцы Малыя Круговічы на Ганцаўшчыне сабраліся жыхары і пераназвалі вуліцу Суворава імем свайго земляка-паэта Віктара Гардзея. Прыжыцьцёва. А старыя вулічныя шыльды сабралі і спалілі. Каб і духу сувораўскага на ганцавіцкай зямлі не было.
Учынак мірных сялянаў варты перайманьня па ўсёй Беларусі. А для ваяўнічага князя Альгерда прагнаць са сваёй зямлі акупанта — справа гонару.