Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыянаў: Была б мая воля, усе нацыяналісты сядзелі б у адной турме


Вячаслаў Дыянаў
Вячаслаў Дыянаў

Вячаслаў Дыянаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды прызнаў, што напісаў ліст у Міністэрства інфармацыі са скаргай на kyky.org, але не хацеў рэпрэсіяў супраць сайту.

— Прадстаўнікі сайту kyky.org цьвердзяць, што вы маеце дачыненьне да блякаваньня іх сайту. Што гэта стала вынікам адкрытага паклёпу Вячаслава Дзіянава, які падбухторваў людзей дасылаць абураныя лісты ў міністэрства інфармацыі.

— Ня ведаю, ці паклёп. Але, ва ўсякім разе, я накіраваў скаргу ў Міністэрства інфармацыі. І да мяне зьвярнулася дзесяць чалавек у прыват у фэйсбуку. Яны былі абураныя. І мы знайшлі рашэньне.

Я не лічу гэта паклёпам. Гэта было зроблена адкрыта. Калі б гэта было не адкрыта, то гэта быў бы данос. А гэта было, можна сказаць, грамадзянскае дзеяньне, рэакцыя. Гэтыя звароты ёсьць у маім палітычным блогу. Мяне абурыла тое, што яны пішуць, напрыклад, што і на парадзе былі сволачы-камісары і так далей. А мяне як чалавека, у якога два прадзеды загінулі на франтах, бабуля была блякадніцай, гэта зачапіла асабіста. Я ж не пішу скаргі на нейкія палітычныя артыкулы ці сайты. Тут канкрэтная справа адносна зьнявагі маіх пачуцьцяў. Для мяне па-сапраўднаму зьяўляецца сьвяшчэннай перамога ў вайне, подзьвіг народа, таму для мяне гэта было справай гонару.

— Вы кажаце, што пісалі на гэтую тэму ў сваім блогу, выказвалі сваю пазыцыю. А чаму неабходна было напісаць у Міністэрства інфармацыі?

— Калі напрыклад злодзей крадзе булачку ў краме і яго затрымлівае міліцыя, ніхто ж не абураецца, што ў Беларусі дыктатура. Трэба адрозьніваць свабоду думак ад рэальных праступкаў, якія ня ўвязваюцца з заканадаўствам. Калі ў Беларусі аўтарытарызм, то не існуе ні законаў, ні правілаў? Гэта будзе хаос, анархія. То бок я не лічу гэта дэмакратыяй, свабодай слова ў дадзеным выпадку. У гэтым канкрэтным выпадку ёсьць канкрэтнае парушэньне, якое ў любой краіне і пры любой уладзе павінна карацца«.

— У сацыяльных сетках Мікалай Халезін вінаваціць вас у тым, што вы напісалі данос, што вы даносчык. І па гэтым даносе зачынілі kyky.org?

— Данос — гэта калі нехта ціха пад ложкам піша. Я мог бы напісаць гэта ўсё непублічна, і адбылося б тое самае, і не было б ніякага абмеркаваньня. Я ж усё зрабіў адкрыта, ініцыяваў гэта ўсё і патлумачыў свой учынак. Таму я лічу, што гэта мая грамадзянская рэакцыя на артыкул, на дзеяньні, непрымальныя ў любым грамадзтве. То бок я не лічу гэта даносам, бо данос — гэта тое, што робіцца ціха. Гэта канкрэтнае, мэтанакіраванае дзеяньне.

kyky.org

Сайт kyky.org стварылі ў 2010 годзе некалькі маладых энтузіястаў — Дар’я Мацявіна, Дзьмітры Навумаў, Раман Рамановіч ды іншыя. У сакавіку 2015 сайт істотна абнавіўся, перазапусьціўся з новым дызайнам.

Цяпер у рэдакцыі 7 штатных супрацоўнікаў. Дырэктарка сайту — Дар’я Мацявіна, галоўны рэдактар — Аляксандра Раманава.

На самім сайце яны характарызуюць сваю аўдыторыю гэтак: «Нас чытаюць адукаваныя людзі з высокім узроўнем даходаў. Больш за 15% — бізнэсоўцы і топ-мэнэджэры. Чытаюць пра жыцьцё, ежу, бізнэс і сэкс, хочуць быць у курсе апошніх трэндаў Менску».

Паводле дырэктаркі сайту Дар’і Мацявінай, «наш чытач — гэта сучасны беларус, які хоча жыць у лепшай краіне, у эўрапейскай Беларусі, чалавек цікаўны, актыўны, які імкнецца штосьці зрабіць для сваёй краіны, для сваіх сяброў».

— Юлія Чарняўская піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ліст Дзіянава «патыхае выкарыстаньнем улады для выказваньня ўласных антыпатыяў і дасягненьня асабістых мэтаў (памятаецца, некалі ў Дзіянава былі праблемы такога кшталту — і цяпер ён жадае гэтых жа праблем іншым)».

— Тэарэтычна мне не падабаюцца матэрыялы «Куку», тая культура і ідэі, якія яны прасоўваюць. Іншая справа, што такіх сайтаў, якія мне не падабаюцца, многа. З усімі змагацца — рук ня хопіць. І я ня бачу ў гэтым сэнсу, бо павінна быць нейкая рознасьць думак, свабода думак. Але ў гэтым выпадку артыкул мяне асабіста закрануў. Таму зь дзясяткаў сайтаў я выбраў неапазыцыйны, бо яны сябе пазыцыянуюць найперш як камэрцыйны праект. І канкрэтны артыкул канкрэтнага аўтара. Таму я не лічу, што Юлія Чарняўская тут мае рацыю.

— А вы задаволены, што заблякавалі доступ да сайта kyky.org? Гэта тое, чаго вы дамагаліся?

— Я пакуль яшчэ сам не разумею — задаволены ці не. Мая мэта была, каб гэтага матэрыялу не было на сайце. Ён мяне закранаў, а не «Куку». Калі рэдакцыя вынесе з гэтага дзеяньня нейкія высновы, то я задаволены. А калі яны і далей будуць публікаваць пад іншай назвай, то я не задаволены. Само блякаваньне для мяне не было самамэтай. Галоўнае, каб яны перасталі публікаваць такія матэрыялы. Мэтай маёй заявы не былі нейкія рэпрэсіі супраць гэтага сайту. Калі ў Ізраілі ёсьць забарона на крытыку Галакосту, то ў нас у краіне нельга крытыкаваць подзьвіг савецкага народа ў вайне. Калі б я пісаў у Польшчы камуністычныя артыкулы, то мяне б таксама закрылі. То бок ва ўсіх краінах ёсьць свае культурныя межы.

— Вас ведаюць як аўтара «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку». А цяпер у сетках вас называюць «вялікаросам», «зьбіральнікам рускіх земляў», «ваяўнічым ватнікам», «прыхільнікам рускага міру», які працуе на «пэўныя варожыя нам структуры».

— Людзі, якія так пішуць, ня маюць доказаў. Я нікога не абвінавачваю ў варожых структурах, калі ў мяне няма канкрэтных доказаў. Калі пачытаць мой блог на «Партызане», то там супрацоўнікаў КДБ мы адкрыта раскрывалі. Я гэта пісаў, і гэта там усё вісіць. Я абапіраўся на канкрэтныя факты. А які «рускі мір»? Я па сваіх поглядах сацыяліст, інтэрнацыяналіст. Мне рускі нацыяналізм гэтак жа непрыемны, як і беларускі. Была б мая воля, яны б усе сядзелі ў адной турме. Проста ў нейкіх тактычных пытаньнях трэба пагаджацца. Як кажуць, дружба дружбай, а хлебушак паасобку. Я лічу, што гэта элемэнт беларускай ідэі — вялікая перамога. Мы зьяўляемся народам вялікай перамогі. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG