Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: «Я нахабна лічу сябе інтэлектуалам»


У межах Фэстывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прамова» філёзаф, эсэіст, літаратурны крытык Валянцін Акудовіч прачытаў лекцыю «Інтэлектуальная літаратура — эсэ перадусім». Свабода прапануе 10 тэзаў зь лекцыі Валянціна Акудовіча.

1. Кім можа лічыць сябе чалавек, здольны закахацца ў прыгожую думку ня менш, чым у прыгожую жанчыну?

Я нахабна лічу сябе інтэлектуалам. І таму ўсе свае кніжкі я адношу да інтэлектуальнай літаратуры. Дарэчы, а кім можа лічыць сябе чалавек, які здольны закахацца ў прыгожую думку ня менш, чым у прыгожую жанчыну? Канечне, інтэлектуалам. Пры гэтым мае кніжкі раз-пораз трапляюць у літаратурныя конкурсы, ніяк не зьвязаныя з прыметнікам «інтэлектуальны». І часам там нават адзначаюцца.

Дык, можа, у інтэлектуальнай літаратуры галоўнае — ня тое, што яна інтэлектуальная, а тое, што яна літаратура?

2. Калі зьявіліся словы «інтэлектуалы» і «інтэлектуалізм»

У 1894 годзе капітан францускага войска Альфрэд Дрэйфус быў арыштаваны за шпіянаж на карысьць Нямеччыны. У той час французы і немцы ненавідзелі адзін аднаго. Дрэйфус быў эльзаскім габрэем, а тады ў Эўропе расквітнеў антысэмітызм. Дрэйфусу прысудзілі пажыцьцёвую катаргу.

Славуты Эміль Заля напісаў ліст прэзыдэнту Францускай рэспублікі ў абарону Дрэйфуса «Я абвінавачваю», потым 100 абураных пісьменьнікаў Францыі напісалі зварот, які назвалі «Маніфэст інтэлектуалаў». Паколькі толькі праз 12 гадоў Дрэйфус быў цалкам рэабілітаваны, за гэты час інтэлектуалы як дэфініцыя, а інтэлект як зьява замацаваліся ў сьвядомасьці эўрапейскага чалавека. З таго часу інтэлектуалы аб’явіліся ў Эўропе, а потым і ўва ўсім сьвеце.

3. Хто такі інтэлектуал

Паводле энцыкляпэдый, інтэлектуал — моцна адукаваны чалавек, які схільны да разумовай працы. Часта яшчэ дадаюць, што інтэлектуал свае назапашаныя веды выкарыстоўвае ў публічным дыскурсе, падтрымліваючы тыя ці іншыя ідэі, робячы нейкія прагнозы і гэтак далей. Я пытаюся: а калі ён гэтага ня робіць? Што, тады ўжо не інтэлектуал? Вось тут праблема.

4. Чым адрозьніваюцца інтэлектуалы ад інтэлігентаў

Перадусім, інтэлігент — ня надта адукаваны чалавек. Больш за тое — ён абмежаваны адной жарсьцю: ён жыве дзеля таго, каб абяздоленым людзям простага паходжаньня даць годнае жыцьцё. І ні пра што іншае інтэлігент практычна ня думае. Прыклады нашых інтэлігентаў: Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў.

Сьцісла кажучы, інтэлігент — гэта этычная катэгорыя. Інтэлектуал — эўрыстычная. Інтэлектуал увесь час крытычна рэфлексуе над рэальнасьцю, дзеля таго каб намацаць больш выразныя, ясныя пэрспэктывы будучыні.

5. У Савецкім Саюзе як не было сэксу, так не было і слова «інтэлектуалізм»

І гэта доўжылася досыць доўга. У Беларусі было дазволена сьпяваць песьні, танцаваць, рабіць кіно, ставіць спэктаклі, аднак не было дазволена самастойна мысьліць. Але несамастойнага мысьленьня не бывае. За 70 год панаваньня бальшавізму ў Беларусі не было выдадзена ніводнай кніжкі з усясьветнай і эўрапейскай філязофскай спадчыны.

Калі беларусам было дазволена мысьліць, заціснутая стагодзьдзямі прага мысьліць, якая была ў нас і раней — яна проста магутна выбухнула! Стыхійна пачалі ствараць розныя праекты, іх было шмат. Адзін — гэта «Наша Ніва», яе роля неверагодна вялікая. Мы з Бабковым вырашылі, што нам страшэнна неабходны беларускі філязофскі часопіс на беларускай мове. Таму так палюбілася і прыдалася мэтафара Ўладзімера Мацкевіча «Думаць Беларусь», дзе слова «думаць» было наперадзе слова «Беларусь».

6. Інтэлектуалы — гэта ня кляс, гэта праслойка

Каб зразумець мэнтальнасьць беларусаў, патрэбна было столькі энэргіі, столькі разумных галоваў, столькі інтэлекту, што бяз клясу інтэлектуалаў было не абысьціся.

Як ні дзіўна, досыць хутка інтэлектуалы распладзіліся са страшэннай сілай. Праўда, інтэлектуалы як кляс не стварыліся, але, карыстаючыся той жа марксісцкай мэтадалёгіяй, інтэлектуалы як праслойка ў нас, бясспрэчна, сфармаваліся. І гэта досыць моцная праслойка.

7. Эсэ — адзіны жанр, які мае свайго аўтара, Мішэля Мантэня

Нічога падобнага ня мае ні проза, ні паэзія, ні драматургія. І аўтар гэтага жанру — Мішэль Мантэнь. Гэта ён у 1588 годзе выдаў кнігу «Эсэі», якая настолькі зьдзівіла чалавецтва, што ўсе захапіліся новым жанрам, новымі магчымасьцямі. Неўзабаве ў Брытаніі была выдадзеная кніга «Эсэ». І выдаў яе па-ангельску слынны філёзаф Фрэнсіс Бэкан. І паўстала вялікая праблема: ці нам пісаць «эсэ», ці «эсэй». Ангельская мова перамагла, і цяпер ёсьць тэрмін — эсэ.

8. Эсэ апрыёры — самы інтэлектуальны жанр

Эсэ па азначэньні інтэлектуальны жанр. Аляксандар Лукашук піша прадмовы да кожнай кнігі «Бібліятэкі Свабоды». Гэта абсалютна чыстае эсэ.

У чым фокус? Мішэль Мантэнь прапанаваў зусім іншую мадэль ня проста пісьма, а іншую мадэль бачаньня сьвету. Эсэ дало гэтую магчымасьць — расказаць пра сябе. Праўда, трэба было ня толькі хацець расказаць, але, каб атрымалася паўнавартаснае эсэ, гэтае «Я» павінна яшчэ і мысьліць. Вось гэта дэкартаўскае «Я мысьлю, значыць, я існую». Гэта апрыёры: эсэ — інтэлектуальны жанр.

9. Калі ў Беларусі зьявілася эсэ як жанр

Эсэ здараліся і раней, пад іншымі назвамі. Прадмова Багушэвіча да зборніка вершаў «Дудка беларуская » — гэта бліскучае, геніяльнае эсэ. Эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча і дагэтуль упрыгожвае наша мысьленьне.

Але па-сапраўднаму эсэ выбухнула ў 1990-я гады, эсэ было наперадзе ўсёй новай літаратуры. Сяргей Дубавец — гэта фантастыка. Эсэ «Незалежнасьць — гэта...» Уладзімера Арлова перакладалася больш чым на два дзясяткі моў. Бліскучая эсэістыка ў Адама Глобуса, Ігара Бабкова, Юрася Барысевіча, Сяргея Харэўскага, Сяргея Абламейкі, Севярына Квяткоўскага, Алеся Аркуша — цудоўны быў час! А потым пакрысе эсэ пачало заціхаць, і ў сярэдзіне нулявых амаль вымерла.

Цяпер нешта зьяўляецца, але ў гэтых эсэ няма шалёнай ярасьці, разьняволенасьці.

Праўда, са зьяўленьнем новай генэрацыі эсэістка пачала ажываць. Найперш хочацца назваць Альгерда Бахарэвіча. Гэта фантастычна, страшэнна люблю яго эсэістыку.

У Віктара Марціновіча няма кніг эсэ, але сярод ягоных твораў сустракаюцца харошыя эсэ.

Назаву яшчэ адно імя — у Беларусі зьявілася Таня Скарынкіна. У яе зусім іншы тып, хоць сама яна ўсё яшчэ палохаецца слова «эсэ». Але эсэ ў яе клясныя, кожнае — проста цуд!

10. Эсэ — фантастычны жанр, абсалютна ўнівэрсальны

Эсэ тэматычна ня мае абмежаваньняў, эсэ можа быць пра што заўгодна: пра касмалёгію, пра Вялікі выбух, пра каханьне, пра нястачу грошай, пра менскую кавярню, пра зламанае крыло птушаняці... Ніякая з тэмаў, ніякая актуальнасьць не вызначаюць асноўнай вартасьці эсэ. Асноўнае — ваша Я, ваша праблема, ваша здольнасьць да глыбіні яе асэнсаваньня, ваша здольнасьць праявіць сябе як мысьляра. Пра што пісаць? Ды пра што хочаце! Галоўнае — пра тое, што вам баліць. Галоўнае — «Я мысьлю».

Абрэвіятура «ПЭН-цэнтар» расшыфроўваецца як паэзія, эсэ, навэлістыка. Сярод усіх жанраў, на якіх трымаецца ўвесь дыскурс літаратур, вызначаюцца тры жанры. Гэта сьведчыць пра значнасьць эсэ для эўрапейскай літаратуры, культуры, філязофіі.

Акудовіч: «Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG