Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пазыцыя РПЦ нагадвае пазыцыю гопніка, які патрабуе цыгарэты» — тэоляг


Патрыярх Кірыл і Уладзімер Пуцін. Фота: Kirill Kudryavtsev, AFP
Патрыярх Кірыл і Уладзімер Пуцін. Фота: Kirill Kudryavtsev, AFP

Чаму Руская праваслаўная царква патрабуе пераносу Ўсеправаслаўнага Сабору, які заплянаваны на 16-27 чэрвеня, і ці будзе прадстаўлена на Саборы Беларуская праваслаўная царква?

На гэтыя і іншыя пытаньні ў інтэрвію Свабодзе адказвае тэоляг, дырэктар Цэнтру «Экумэна» Натальля Васілевіч.

Натальля Васілевіч (Наталка Базылевіч)
Натальля Васілевіч (Наталка Базылевіч)

Што такое Ўсеправаслаўны Сабор?

— Сабор, які мае адбыцца на Крыце, носіць назву не Ўсеправаслаўнага, а Вялікага і Сьвятога Сабору Праваслаўнай Царквы, і як пазначана ў яго рэглямэнце, «ёсьць аўтарытэтным выражэньнем кананічнай традыцыі і ўстойлівай царкоўнай практыкі ў дачыненьні функцыянаваньня саборнай сыстэмы ў Адзінай, Сьвятой, Саборнай і Апостальскай Царкве». Паводле таго ж агульнаправаслаўнага дакумэнту (прынятага сходам Прадстаяцеляў усіх агульнапрызнаных памесных аўтакефальных праваслаўных цэркваў), сабор склікаецца Усясьветным Патрыярхам са згоды гэтых самых Прадстаяцеляў.

Калі зьявілася сама ідэя правядзеньня Сабору?

— Перш за ўсё трэба разумець, што сама структура праваслаўнай царквы такая, што ў ёй ніколі не было агульнага цэнтру — дзейнічаюць шэраг памесных цэркваў, якія знаходзяцца паміж сабой у пэўнай еднасьці, у сувязі. Але гэтыя цэрквы часта дзейнічаюць у розных кантэкстах: некаторыя цэрквы жылі ў сытуацыі прыгнёту ў мусульманскіх краінах, некаторыя цэрквы былі дзяржаўнымі і вядома, што ўмовы жыцьця значна адрозьніваліся.

Пачатак ХХ стагодзьдзя паставіў цэрквы перад новымі выклікамі, што зрабіла неабходнай выпрацоўку супольнай пазыцыі па пытаньнях канонаў, якія датычаць як дзейнасьці аўтакефальных цэркваў у сьвеце, у дачыненьнях зь дзяржавамі, зь іншымі хрысьціянскімі супольнасьцямі, так і жыцьця на нізавым узроўні — прыходзкім, сямейным, індывідуальным.

У пачатку ХХ стагодзьдзя зьявілася ідэя правесьці супольны Сабор, дзе можна было б абмеркаваць усе пытаньні, якія накапіліся за многія стагодзьдзі, і прыняць рашэньні кананічнага характару. Ужо тады значэньне гэтага мерапрыемства прадстаўлялася вельмі высокім.

Адно зь першых пытаньняў у кантэксьце саборнага працэсу разглядалася ў 1923 годзе — наконт календара. Ужо тады відаць быў крызіс аўтарытэту ў праваслаўнай царквы

Адно зь першых пытаньняў у кантэксьце саборнага працэсу разглядалася ў 1923 годзе — наконт календара. Ужо тады відаць быў крызіс аўтарытэту ў праваслаўнай царквы, бо вялікія супольнасьці вернікаў адмовіліся прымаць рашэньне гэтага кангрэсу і пераходзіць на новы каляндар. Наступныя 100 гадоў мы назіралі працэс таго, якім чынам арганізаваць Сабор так, каб прыняць агульныя рашэньні і пазьбегнуць расколу паміж праваслаўнымі цэрквамі, каб быў кансэнсус.

Чаму Сабор плянуецца праводзіць на Крыце?

— Першапачаткова плянавалася праводзіць Сабор у Канстантынопалі (Стамбуле), але пад ціскам Рускае праваслаўнае царквы (праз тое, што ў Расеі ўзьніклі палітычныя праблемы з Турэччынай) Сабор быў перанесены на Крыт. Гэтае рашэньне прынялі ў студзені, запрацаваў сакратарыят, падрыхтоўка пайшла поўнай хадой.

Вядома, што шэраг праваслаўных цэркваў, у тым ліку РПЦ, адмовіліся ад удзелу ў Саборы. Чаму?

— Не зусім дакладна будзе казаць, што цэрквы адмовіліся ад удзелу ў Саборы — яны хутчэй вылучылі патрабаваньні каб пэўным чынам маніпуляваць арганізатарамі. Пад сумнеў свой удзел ставяць Антыяхійская, Грузінская, Руская, Сэрбская і Баўгарская цэрквы. Іх аргумэнты моцна адрозьніваюцца і часам выглядаюць проста зачэпкамі.

Сэрбская царква напрыклад прыняла заяву, што дэлегацыя прыедзе, але просіць у патрыярха Варфаламея (які, у прынцыпе, і склікае гэты Сабор), каб гэта мерапрыемства мела іншы статус — не Сьвятога і Вялікага Сабору, а падрыхтоўчага мерапрыемства да Сабору. Антыяхійская выстаўляе ўмовай вырашэньне канфлікту паміж Антыяхійскай царквой і Ерусалімскай царквой у Катары.

З боку Рускай праваслаўнай царквы фармулёўка таксама вельмі спэцыфічная — яны не адмаўляюцца ад удзелу ў Саборы. Яны просяць перанесьці Сабор, а калі пераносу ня будзе, то яны ня змогуць прыняць удзелу. І гаворка ідзе не аб Саборы як такім у прынцыпе, а менавіта аб цяперашняй сустрэчы на Крыце. Дагэтуль невядома, ці прыедуць прадстаяцелі ўсіх гэтых Цэркваў на Сынаксіс Прадстаяцеляў 17 чэрвеня.

Карыкатура Аляксея Кустоўскага
Карыкатура Аляксея Кустоўскага

А чаму РПЦ хоча перанесьці сустрэчу на Крыце?

— Руская праваслаўная царква ў першым пункце свайго рашэньня аб неабходнасьці пераносу Сабору на іншы час спасылаецца на рашэньні іншых цэркваў. Дзеяньні кіраўніцтва РПЦ, хутчэй за ўсё, сьведчаць пра тое, што яны аспрэчваюць лідэрства Канстантынопальскага патрыярхату ў гэтым саборным працэсе.

Пазыцыя РПЦ нагадвае пазыцыю гопніка, які падыходзіць і патрабуе цыгарэту запаліць — не таму што ён хоча паліць, а проста хоча прычапіцца, выклікаць канфліктную сытуацыю і паказаць “пацану” зь іншага раёну яго месца. То бок Руская праваслаўная царква спрабуе такім чынам паказаць Канстантынопальскаму патрыярхату «яго месца».

А ці можа быць праведзены Сабор без удзелу Маскаўскага патрыярхату?

Нават калі дэлегацыя РПЦ ня будзе ўдзельнічаць у Крыцкім Саборы, гэта яшчэ ня значыць, што Руская праваслаўная царква не ўдзельнічае ў ім

— Безумоўна. Па-першае, фактычна з 2014 года, калі было прынята рашэньне аб правядзеньні Сабору, Сабор ужо ідзе і ўсе праваслаўныя цэрквы ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. Яны прапаноўвалі свае зьмены ў дакумэнты, вызначалі нарматыўную базу Сабору і г.д. Таму нават калі дэлегацыя Руская праваслаўнай царквы ня будзе ўдзельнічаць у Крыцкім Саборы, гэта яшчэ ня значыць, што Руская праваслаўная царква не ўдзельнічае ў ім.

Па-другое, гэты Сабор закліканы стаць завяршэньнем працэсу 100-гадовай ці дакладней 50-гадовай даўніны і стаць пачаткам новай саборнай эпохі, калі закладаюцца новыя мэханізмы ўзаемадзеяньня паміж праваслаўнымі цэрквамі. Пазыцыя Канстантынопальскага патрыярхату такая, што адсутнасьць той ці іншай дэлегацыі ня значыць, што рашэньні Сабору ня будуць мець для яе абавязковага характару. Ён будзе ня менш Сьвятым, ня менш Вялікім, ня менш Усеправаслаўным ад адсутнасьці дэлегацый некаторых цэркваў.

Безумоўна, пазыцыя РПЦ такая, што іх адсутнасьць значна паніжае статус Крыцкага сабору і РПЦ не зьбіраецца прызнаваць яго ў якасьці Ўсеправаслаўнага сабору.

Да чаго можа прывесьці такое разыходжаньне пазыцый цэркваў?

— Ёсьць розныя варыянты разьвіцьця падзеяў. Я ня думаю, што дойдзе да адкрытага расколу, але да значнага супрацьстаяньня паміж РПЦ і Канстантынопальскай царквой можа прывесьці. Якія будуць вынікі гэтага супрацьстаяньня пакуль сказаць цяжка.

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі
Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі

Ці можа быць прадстаўлена на Крыцкім саборы Беларуская праваслаўная царква ў абыход Маскоўскага патрыярхату?

— Паводле ўсеправаслаўнага кансэнсусу Беларусь павінна быць прадстаўлена Маскоўскім патрыярхатам. У дэлегацыю Маскоўскага патрыярхату з архірэяў БПЦ былі ўключаны два чалавекі — мітрапаліт Павал і архіепіскап Гурый. То бок з 24 чалавек 2 — гэта беларускія архірэі.

Але ўвогуле пытаньне прадстаўніцтва вельмі цяжкае. Ці ўпаўнаважвала БПЦ — праз Сынод ці іншыя мэханізмы — двух сваіх архірэяў прадстаўляць сябе на Саборы? Не. Гэта было рашэньне Маскоўскага патрыярхату прызначыць гэтых двух архірэяў для прадстаўнічых функцый. Паводле такога ж прынцыпу іншыя праваслаўныя архірэі — іншых памесных цэркваў (напрыклад Ўсясьветны Патрыярх Варфаламей) могуць прадстаўляць беларусаў з такім жа посьпехам. Можа і лепей.

А як можа паўплываць Усеправаслаўны Сабор на беларускіх вернікаў?

Галоўнае ня тое, пра што дамовяцца цэрквы, а тое, як гэта адлюструецца на прыходзкім жыцьці

— Сапраўды, галоўнае ня тое, пра што дамовяцца цэрквы, а тое, як гэта адлюструецца на прыходзкім жыцьці. Тыя дакумэнты, які маюць быць прынятыя на Саборы — яны датычацца жыцьця і звычайных вернікаў. Напрыклад, у адным з дакумэнтаў разглядаецца пытаньне шлюбу і (што актуальна для Беларусі) шлюбу з прадстаўнікамі іншых хрысьціянскіх цэркваў, якім чынам чалавек можа заключаць такі шлюб. Гэта пытаньне вельмі актуальнае для вернікаў.

Гэта адзін з прыкладаў. Але дакумэнты разнастайныя і некаторыя тычацца ня столькі прыходзкага жыцьця, колькі глябальных пытаньняў — напрыклад, сувязі зь іншымі хрысьціянскімі цэрквамі: на якіх умовах яны дапушчальныя. Для Беларусі гэта таксама актуальнае пытаньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG