Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа і Патрыярх: Гавана-2 і Менск-3


Ці сустрэнуцца ў Беларусі Папа Рымскі і Патрыярх Усяе Русі?

Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Уладзімер Глод.


Дракахруст: Хіба ня самым яскравым эпізодам сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Папам Рымскім Францыскам было агучанае запрашэньне Папу наведаць Беларусь: «Я выказаў думку, што пантыфіку час прыехаць у Беларусь і разам з нашым Патрыярхам сустрэцца з нашымі жыхарамі. Упэўнены, што там будзе не адзін мільён чалавек, якія б хацелі бачыць гэты поціск рук не ў далёкай Кубе ў аэрапорце, а на зямлі, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы ».

Пры гэтым кіраўнік Беларусі выказаў меркаваньне, што Папа і Патрыярх маглі б запрасіць на сустрэчу мусульманскіх і юдэйскіх сьвятароў, што правесьці сустрэчу можна было б у мэмарыяле «Трасьцянец» на месцы нацысцкага лягеру сьмерці, што сустрэча першагерархаў каталіцкай і праваслаўнай цэркваў магла б спрыяць мірнаму працэсу ва Ўкраіне.
Ідэя занадта сьвецкая і такая, якая занадта многае аб’ядноўвае, так бы мовіць, «у адным фляконе», каб быць цалкам рэалістычнай. Асабліва, калі прапанова сфармулявана на мове буклету турыстычнага агенцтва: «Прыяжджайце да нас, Вы атрымаеце столькі сілаў і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету».

Адносіны праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і самі па сабе занадта складаныя і шматслойныя, а прапаноўваць першагерархам заадно сустрэцца і зь юдэямі і мусульманамі — прапанова ў такой форме робіцца тады, калі адмова, мабыць, больш чаканая за згоду.

Прапанова ў такой форме робіцца тады, калі адмова, мабыць, больш чаканая за згоду.


Але зрэшты, прапанова мае самастойную палітычную каштоўнасьць у сэнсе стварэньня спрыяльнага вобразу беларускага лідэра, і ў Эўропе ў тым ліку. Ён — за паразуменьне рэлігіяў, за памяць аб ахвярах вайны, за мір ва Ўкраіне, заснаваны на рэлігійных каштоўнасьцях. Ад Папы патрабавалася толькі не сказаць «не». Ён і не сказаў.

Тым больш, што пасьля сустрэчы Папы і Патрыярха ў Гаване, пасьля заключэньня ў Менску пагадненьняў па Ўкраіне, пэрспэктыва іх сустрэчы ў Беларусі не выглядае такой ужо непраўдападобнай.

Лукашэнка прапаноўваў падобную сустрэчу ў 2009 годзе і Папе Бэнэдыкту. Але калі амаль тысячу гадоў не сустракаліся, то неяк не здавалася, што гэта наогул рэальна, і тым больш у Менску. Але пасьля Гаваны — чаму б і ня ў Менску?

Што парадкі ў Беларусі аўтарытарныя, дык і на Кубе ня росквіт дэмакратыі, ды і наогул пастыр больш патрэбны грэшнікам, а ня праведнікам. Куба пры афіцыйным атэізьме краіна пераважна каталіцкая, Беларусь — пераважна праваслаўная, але пры гэтым зь немалой доляй каталікоў. Але і не Расея пры гэтым. Сымэтрыя, балянс.

Там сустракаліся на каталіцкай «кананічнай тэрыторыі», кажучы мовай Маскоўскага Патрыярхату, у Беларусі сустрэнуцца на кананічнай тэрыторыі РПЦ.

Пэрспэктыва сустрэчы не рэальная, а праўдападобная.

Сышліся ж на Менску інтарэсы такіх розных партнэраў, як Эўразьвяз, Расея і Ўкраіна, прыехалі і заключылі пагадненьне. Чаму ня могуць сысьціся на Менску ж інтарэсы Сьвятога Пасаду і Маскоўскай Патрыярхіі?

Аднак, паўтаруся — усе гэтыя меркаваньні робяць пэрспэктыву сустрэчы не рэальнай, а праўдападобнай. І адпаведна, запрашэньне, зробленае беларускім лідэрам, больш важкім.

Цыганкоў: Калі Лукашэнка ў сваёй заяве запрасіў спачатку Папу, прапанаваў сустрэцца з маскоўскім Патрыярхам, а потым сказаў, давайце яшчэ і юдэяў, і мусульманаў — дык не хапала, каб ён яшчэ сказаў, давайце яшчэ будзістаў, бахаістаў і пералічыў усе магчымыя галоўныя рэлігіі. Адразу стала відавочна, што гэта ня столькі канкрэтная прапанова, а гэта было сказана для шырокай публікі, для СМІ, але па адпаведных каналах усё роўна вядзецца пэўная праца па спробах запрасіць, арганізаваць сустрэчу з Папы з Патрыярхам.

Мне здаецца, неабавязкова беларускім уладам і структурам, якія працуюць у гэтым накірунку, аб’ядноўваць дзьве гэтыя задачы. Бо калі ставіць высокую максымалісцкую задачу арганізаваць на беларускай зямлі сустрэчу прадстаўнікоў дзьвюх хрысьціянскіх канфэсій, то так яе ня вырашыць.

Лукашэнка можа палічыць, што і аднаасобна можа вызначаць, прыехаць сюды Папу ці не, і праваслаўная царква ня ўказ.


Больш рэалістычнай была б задача прыезду ў Беларусь Папы Рымскага. Гэтаму можа пярэчыць праваслаўная царква. Але цяпер, пасьля сустрэчы ў Гаване першагерархаў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў, гэты аргумэнт можа быць часткова і зьняты. Немэтазгодна праваслаўнай царкве супрацьстаяць гэтаму. Хоць і застаюцца такія аргумэнты, бо Беларусь Маскоўскім Патрыярхатам сапраўды ўспрымаецца, як кананічная праваслаўная зямля і, маўляў, мы тут маем магчымасьць вызначаць, прыедзе сюды Папа Рымскі ці не. Але тут якраз прэстыж Лукашэнкі можа быць закрануты. Ён можа палічыць, што і аднаасобна можа вызначаць, прыехаць сюды Папу ці не, і праваслаўная царква ня ўказ. Нават калі пытаньне ўстане рубам, то, безумоўна, Лукашэнка пойдзе насуперак жаданьню праваслаўнай царквы.

Глод: Юры Дракахруст падрабязна пералічыў, чым сёлета Аляксандар Лукашэнка заманьвае Папу Рымскага і Патрыярха Ўсяе Русі ў Беларусь. І яшчэ згадваўся 2009 год, калі Папам быў Бэнэдыкт. Я паглядзеў — а чым тады заманьваў Лукашэнка іх у Менск? Тады падкрэсьлівалася, што ў Беларусі падтрымліваецца міжканфэсійная раўнавага і што, знаходзячыся ў цэнтры Эўропы, Беларусь можа паслужыць прыкладам улагоджваньня царкоўнай і дзяржаўнай палітыкі.

Гэта паказвае, як за сем гадоў зьмянілася тактыка Лукашэнкі і наколькі ён тут падняўся, наколькі ягоныя акцыі пасьля менскіх перамоваў па Ўкраіне падняліся.

Важнае слова будзе за каталіцкім польскім касьцёлам, паколькі на тэрыторыі Беларусі Рыма-каталіцкая царква гістарычна ўспрымаецца як царква польская.

Вяртаючыся да 2009 году, узьнікае пытаньне, чаму ж за сем гадоў сустрэча так і не адбылася? У Менску лічаць, што ёй перашкаджаюць, тут я працытую прадстаўніка Беларускага Экзархата, «падвойныя стандарты Ватыкана ў пытаньнях уніі».

Калі сустрэча ў Беларусі пантыфіка і патрыярха дагэтуль не адбылася, значыць, пазыцыя Ватыкана не зьмянілася. А хто можа паўплываць на стаўленьне да праблемы Папы? Мне падаецца, тут важнае слова будзе за каталіцкім польскім касьцёлам, паколькі на тэрыторыі Беларусі Рыма-каталіцкая царква гістарычна ўспрымаецца як царква польская. Хоць, зразумела, яна гэткая ж разнастайная, як разнастайныя народы, якія вызнаюць рыма-каталіцкае хрысьціянства.

Візыт у Менск у сакавіку міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага засьведчыў паварот Варшавы і Менску насустрач адзін аднаму. З боку Варшавы і Брусэлю гэта спроба зрабіць першы крок, каб неяк пачаць выцягваць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. Таму, я думаю, Варшава цяпер значна больш зацікаўленая ў сустрэчы Папы і Патрыярха ў Беларусі, чым у 2009 годзе.

І яшчэ адзін аргумэнт на карысьць такой сустрэчы з боку Польшчы. Дадатковае разгортваньне натаўскай інфраструктуры ў Польшчы хвалюе і кіраўніцтва Расеі, і кіраўніцтва Беларусі. Таму размова двух хрысьціянскіх лідэраў з удзелам Лукашэнкі магла б нейкім чынам супакоіць і Ўсход, і Захад.

Вось такім мне бачыцца варшаўскі аспэкт магчымай менскай сустрэчы.

Цыганкоў: Гістарычна Касьцёл у Беларусі ўспрымаўся як польскі, але, здаецца, менавіта сам Касьцёл зрабіў за апошнія гады шмат крокаў да беларусізацыі свайго жыцьця. Калі ў Менску выпадкова вы зойдзеце на службу ў касьцёл, то патрапіце выключна на беларускамоўнае служэньне. Усе асноўныя касьцёлы ў Менску праводзяць сьвяты на беларускай мове. Трошкі іншая сытуацыя ў Заходняй Беларусі — там дастаткова шмат польскай мовы. Гэта выклікае дыскусіі, але хто клір прадстаўляе, такая і мова. Прадстаўнікі Касьцёлу — прадстаўнікі рэдкай у Беларусі канфэсіі, якія гавораць са СМІ і ў СМІ на беларускай мове, даючы інтэрвію нават рускамоўным мэдыям.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG