Путч ГКЧП, які адбыўся чвэрць стагодзьдзя таму (19 жніўня 1991 г.), адметны дзеля шмат якіх прычын. І як выразны прыклад гістарычнай падзеі, якая дала эфэкт, адваротны плянам яе арганізатараў. Путчысты хацелі спыніць разбурэньне камуністычнага рэжыму і савецкай імпэрыі, а ў выніку крах мяцяжу надаў гэтаму працэсу максымальнае паскарэньне.
Цяпер існуе шмат разважаньняў пра тое, што ГКЧП праз 25 гадоў фактычна перамог у лукашэнкаўскай Беларусі і пуцінскай Расеі. Зразумела, гэта мэтафара. Бо сёньняшнія Беларусь і Расея, пры ўсім вонкавым падабенстве, усё ж ня копія савецкага ладу.
Але тут узьнікае іншае пытаньне. Калі прызнаць правільнасьць такіх разважаньняў і канстатаваць, што цяперашнія рэжымы Лукашэнкі і Пуціна грунтуюцца на тых самых каштоўнасьцях, якія вызнаваў ГКЧП, то чаму народ не падтрымаў путч у 1991 годзе, а падтрымаў усталяваньне цяперашніх беларускага і расейскага рэжымаў значна пазьней?
Думаю, ГКЧП запазьніўся. Калі б путч адбыўся годам раней, дзесьці ў 1990 годзе, то мог бы мець посьпех. А ў 1991 годзе камуністычная сыстэма перажывала агонію. Дрыжачыя рукі кандыдата ў дыктатары віцэ-прэзыдэнта СССР Генадзя Янаева, як і ягоная карыкатурная ў палітычным сэнсе фігура — гэта пэўны сымбаль таго путчу. У сытуацыі агоніі сыстэма наўрад ці можа перамагчы.
Жнівеньскі путч
19 жніўня 1991 году Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (так званы ГКЧП) абвясьціў, што прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў ня здольны выконваць свае абавязкі па стане здароўя, і ўвёў у Маскву войскі. Прэзыдэнт РСФСР Барыс Ельцын заявіў пра неканстытуцыйнасьць ГКЧП. Па тэлевізары два дні паказвалі балет «Лебядзінае возера».
У Менску кіраўніцтва ЦК КПБ падтрымала путчыстаў. У той час рашэньні прымаў Вярхоўны Савет XII скліканьня. Фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце патрабавала ад старшыні парлямэнту Мікалая Дземянцея сабраць пазачарговую сэсію. 20 жніўня на плошчу да Дому ўраду выйшаў народ. 21 жніўня ўвечары прыйшло паведамленьне з Масквы, што путч праваліўся. У выніку гэтых падзеяў у Беларусі зьмянілася кіраўніцтва — да ўлады прыйшоў Станіслаў Шушкевіч.
Калі праводзіць гістарычныя паралелі, я б параўнаў ГКЧП з карнілаўскім мяцяжом у жніўні 1917 году. Спроба перамагчы рэвалюцыйную Расею з дапамогай двух кавалерыйскіх карпусоў была ў гэты момант вялікай ілюзіяй. Прычым Карнілаў быў даволі папулярны ў войсках генэрал.
А ў складзе ГКЧП папулярных палітыкаў не было. Адны чыноўнікі. Якраз наадварот, путчу супрацьстаяў папулярны ў народзе Барыс Ельцын.
Дарэчы, у кастрычніку 1993 году Ельцын не пабаяўся расстраляць з танкаў будынак парляманту, які таксама спрабаваў зладзіць мяцеж. Розьніца ня толькі ў тым, што ў прэзыдэнта Расеі не дрыжэлі рукі. Больш важна іншае. Сам Ельцын і ягоная каманда адчувалі, што яны, так бы мовіць, на правільным баку гісторыі і што тая іх апраўдае. Падаецца, што такога адчуваньня ў ГКЧП не было.
Але ўявім, што верныя ГКЧП войскі не пабаяліся б крыві, расстралялі б Белы дом, дзе заселі прыхільнікі Ельцына. Што б было?
Думаю, зусім спыніць працэс дэмантажу камуністычнага рэжыму ўжо ўсё роўна было б немагчыма. Можна было толькі прытармазіць. Вярнуцца ў брэжнеўскія часы «разьвітога сацыялізму» было нерэальна. Вельмі шмат што зьмянілася ў краіне за пэрыяд гарбачоўскай перабудовы. Тое, што ўдалося ў Вугоршчыне ў 1956 годзе, Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, Польшчы ў 1981 годзе, наўрад ці ўдалося б у СССР. І розьніца ня толькі ў тым, што ў выпадках з гэтымі краінамі ў сытуацыю ўмяшалася моцная вонкавая сіла. Але і ў тым, што ў СССР адначасова развальваўся ня толькі камуністычны рэжым, але і імпэрыя. Таму, калі б перамог ГКЧП, агонія сыстэмы зацягнулася б і была б больш крываваю.
А вось у Кітаі ўдалося здушыць антыкамуністычную аксамітную рэвалюцыю. Там 4 чэрвеня 1989 году войскі патапілі ў крыві студэнцкую дэманстрацыю на плошчы Т’яньаньмэнь у Пэкіне. Чаму там удалося, а ў СССР — не? Іншая краіна, інакшая цывілізацыя. Я б прапанаваў тры адрозьненьні.
Па-першае, у кітайскай сытуацыі дэманстрацыя на плошчы Т’яньаньмэнь — гэта клясычная сытуацыя «рэвалюцыі зьнізу». А перабудова ў СССР пачалася як «рэвалюцыя зьверху», якая потым увайшла ў рэзананс з «рэвалюцыяй зьнізу».
Па-другое, да 1989 году за плячыма тагачаснага кіраўніцтва КНР была гісторыя посьпеху. Ужо 10 гадоў у краіне ішлі эканамічныя рэформы, пачатыя Дэн Сяопінам. Яны пасьпелі даць эфэкт, што адчула большасьць насельніцтва. Узровень дабрабыту людзей павышаўся на вачах. І гэта пэўным чынам легітымізавала сілавое здушэньне выступу студэнтаў у вачах насельніцтва. У СССР жа было афіцыйна зафіксавана, што краіна трапіла ў «пэрыяд застою».
Нарэшце, па-трэцяе, кіраўніцтва КНР ужыло сілу на пачатковай стадыі кітайскай «перабудовы», якая закранула ў асноўным студэнцтва. У СССР путч ГКЧП здарыўся, як ужо сказана вышэй, позна, калі сыстэма пайшла ўразнос.
І пасьля падзеяў 1989 году ў Кітаі не адбылася рэстаўрацыя ранейшай сыстэмы, краіна не вярнулася ў часы Мао Цзэдуна. Там працягваліся эканамічныя рэформы, якія прывялі да бурлівага росквіту КНР. І таму цяперашняе кітайскае кіраўніцтва можа апэляваць да гэтага і казаць, што гісторыя апраўдала тагачасныя крокі лідэраў краіны.
Але вернемся да постсавецкай прасторы. Рынкавыя дэмакратычныя рэформы ў большасьці постсавецкіх краін не атрымаліся. У выніку адбыўся ў пэўным сэнсе рэванш, які грунтаваўся на масавым расчараваньні ад перамен.
Але ніякая рэстаўрацыя не бывае поўнай. Вярнуцца ў камуністычны лад нікому ў голаў не прыходзіць. У выніку атрымаліся гібрыдныя сацыяльна-палітычныя мадэлі, якія ня маюць гістарычнай пэрспэктывы.
Аднак ні «рэвалюцыі зьверху», ні «рэвалюцыі зьнізу» не відаць нават на далёкім гарызонце. Што відаць, дык гэта паступовае гніеньне.