Урад Украіны ўхваліў рашэньне аб выхадзе з чатырох пагадненьняў СНД, падпісаных у розныя гады ў галіне статыстычнага заканадаўства і справаздачнасьці, і даручыў Міністэрству замежных спраў у вызначаным парадку паведаміць пра гэта ў Выканаўчы камітэт СНД.
У Кабінэце міністраў Украіны паведамілі, што гэта робіцца ў выніку ратыфікацыі і рэалізацыі пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўрапейскім Зьвязам.
«Наша краіна зацікаўленая ва ўдасканаленьні і павышэньні нормаў і стандартаў у сфэры статыстыкі ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Эўрапейскага Зьвязу. Гэта будзе спрыяць прывядзеньню нацыянальнага статыстычнага заканадаўства і практыкі ў адпаведнасьць з эўрапейскімі стандартамі», — сказалі Свабодзе ў дэпартамэнце ўрадавага сакратарыяту па інфармацыі.
Гаворка ідзе пра рашэньні, згодна зь якімі ў СНД ствараўся Статыстычны камітэт СНД, а таксама зацьвярджалася палажэньне аб ягонай дзейнасьці. Усе гэтыя дакумэнты падпісваліся на ўзроўні кіраўнікоў урадаў СНД, пачынаючы з 1995 году.
Пагадненьне аб асацыяцыі паміж Украінай і Эўразьвязам набыло моц у поўным абʼёме сёлета 1 верасьня. Дагэтуль дзейнічала толькі эканамічная частка дакумэнту. За гэты час экспарт тавараў і паслуг з Украіны ў ЭЗ павялічыўся амаль на 23 адсоткі, і цяпер Эўразьвяз стаў галоўным гандлёвым партнэрам Украіны.
Перамовы паміж Украінай і ЭЗ аб асацыяцыі пачаліся 10 гадоў таму. Да 29 лістапада 2013 году Кіеў выканаў усе ўмовы, але тагачасны прэзыдэнт краіны Віктар Януковіч адмовіўся падпісваць пагадненьне, чым падштурхнуў грамадзян да пратэсту, які атрымаў назвы «Эўрамайдан» і «Рэвалюцыя Годнасьці». Пасьля зьмены ўлады ва Ўкраіне дакумэнт быў падпісаны ў два этапы — палітычная частка ў сакавіку 2014 году, а эканамічная — у чэрвені таго ж году.
Працэс ратыфікацыі пагадненьня аб асацыяцыі ў краінах Эўразьвязу зацягнуўся на тры гады. Сёлета ў ліпені Рада ЭЗ яго зацьвердзіла і такім чынам канчаткова завяршыла яго імплемэнтацыю.