Блізу паўтары сотні беларускіх кіроўцаў, якія супрацоўнічаюць зь міжнародным сэрвісам таксі Uber, аказаліся закладнікамі канфліктнай сытуацыі.
Нейкі час таму кампанія заблякавала ў сваёй сыстэме 2 кампаніі-перавозьнікі, якія падазраюцца ў падвойным супрацоўніцтве: ня толькі з самім Uber, але і з канкурэнтам — CabWay. Заблякавалі і паўтары сотні кіроўцаў, зьвязаных абавязаньнямі з гэтымі перавозьнікамі.
Uber заблякаваў 2 кампаніі і 150 кіроўцаў
Адзін зь іх — мянчук Ігар Ш., які даў інтэрвію Свабодзе, але прасіў не называць ягонага прозьвішча. Ён перакананы, што Uber у дадзеным выпадку ні пры чым, а вінаватыя перавозьнікі, якія нібыта рыхтуюць палігон для іншага праекту:
«У сьвятле апошніх падзеяў вакол Uber вельмі не падабаецца пазыцыя іншага боку. Распаўсюджваецца інфармацыя, што Uber сякі-такі, дрэнны, заблякаваў перавозьнікаў і амаль паўтары сотні кіроўцаў. Насамрэч кіроўцаў ніхто не блякаваў, ім дазволілі перайсьці ў іншыя кампаніі. А вось перавозьнікаў — так, заблякаваў, таму што яны не працавалі паводле дамовы. Папраўдзе, у пэўным сэнсе проста нахабна сябе паводзілі. Хацелі рабіць свае справы: працаваць з сэрвісам CabWay, не спыняючы супрацы з Uber. Натуральна, калі Uber пра гэта дазнаўся, узяў і заблякаваў. Але не кіроўцаў. Крыўдна, што цяпер перавозьнікі спрабуюць прыкрыцца тым, што нібыта хочуць нам дапамагчы, — маўляў, былі найлепшыя ўмовы, а нейкі Uber нас заблякаваў. Насамрэч Uber абараняе свае інтарэсы, на якія замахнуўся перавозьнік».
Супрацоўнічаць з Uber можна двума спосабамі. Або зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам і працаваць паводле дамовы, атрымліваючы 75% ад заробленай сумы. Або праз перавозьніка — транспартную кампанію: у гэтым выпадку кіроўца будзе мець 50%, 25% забірае сэрвіс за карыстаньне прыкладаньнем, яшчэ 25% пакідае сабе перавозьнік.
Паводле суразмоўцы, да напружанасьці на рынку пасажырскіх перавозак спрычынілася перадусім жаданьне пашырыць сфэру ўплыву:
«Ногі растуць з аднаго месца — зь фірмы, якая завецца „Совершенный транспорт“. Гэта менавіта тая кампанія, якая будзе прадстаўляць канкурэнта Uber. Але нават калі ў выніку супрацьстаяньня застанецца адна гэтая служба і туды перабягуць усе 1000–1500 вольных кіроўцаў, то пытаньня часу ніхто не адмяняў. Пакуль яны раскруцяцца, пакуль у іх штосьці наладзіцца, нам трэба нейкім чынам карміць свае семʼі. Пакуль цягам двух тыдняў былі заблякаваныя кампаніі-перавозьнікі, якія так і ня здолелі забясьпечыць умовы для працы, я чуў, як адзін калега ў роспачы скардзіўся: маўляў, крэдыт вісіць, а плаціць няма чым, жонка з хаты хутка пагоніць. Адным махам звалілася куча праблемаў — паўтаруся, з той прычыны, што нехта паставіў уласныя інтарэсы вышэй за іншыя».
CabWay выступае за супрацоўніцтва
У офісе «Совершенного транспорта» падазрэньні ў несумленнай канкурэнцыі супрацоўнік пракамэнтаваў наступным чынам:
«Дзейнасьць Uber мала перакрыжоўвацца зь дзейнасьцю CabWay. Па вялікім рахунку, у адным з камэнтароў прагучала, што іх захады не зьвязаныя з паводзінамі канкурэнта, а зь нейкімі іншымі прычынамі, якіх мы дагэтуль ня ведаем. Тое, што кажа кіроўца, — яго асабістая думка, на форумах калі пачытаць, можна ў іх закапацца. Калі казаць пра нашу палітыку, то гэта ня ёсьць нейкі піяр-ход, бо партнэры-перавозьнікі, зь якімі мы плянуем супрацоўнічаць, яшчэ да нашага знаёмства доўгі час былі партнэрамі Uber, і некаторыя іх праграмы мы фінансавалі. Таму, калі б быў нейкі піяр-ход, то ўсё пачалося б нашмат раней і прывяло б да нашага выхаду на рынак нашмат хутчэй. На самой справе мы разглядаем Uber як годнага гульца — з удакладненьнем, каб іх паводзіны не былі настолькі некарэктныя адносна партнэраў, якія хацелі б супрацоўнічаць і зь іншымі сэрвісамі».
Стыхійны сход быў арганізаваны
Напярэдадні каля менскага прадстаўніцтва Uber адбыўся «стыхійны сход» кіроўцаў. Ініцыятарам збору стала заблякаваная кампанія-перавозьнік. Як перакананы таксіст Ігар, такім чынам яна спрабавала паўзьдзейнічаць на кіраўніцтва Uber, каб тыя перагледзелі прынятае рашэньне:
«Я адзін з тых 140 нібыта пацярпелых кіроўцаў. Учора мы атрымалі смс-паведамленьне, што трэба падʼехаць на офіс Uber, будзе тэрміновая нарада. Мы вырашылі, што, хутчэй за ўсё, яны хочуць памірыцца з Uber. Але па факце аказалася, што гэта проста чорны піяр з боку CabWay ці каго іншага. Вельмі прыкра: кіроўцаў, якія там сабраліся, па сутнасьці, падставілі. Засунулі ў пастку, засьвяцілі ў брудных разборках — прыехала міліцыя, пачалі нешта высьвятляць. А кіроўцы тут увогуле ні пры чым. Таму што калі чытаеш навіны, непрыемна чуць, што мы такія нахабныя, няма ў нас сумленьня і г.д. Ды не, гэта ня мы, гэта тычыцца якраз перавозьнікаў».
На думку кіроўцы, разруліць сытуацыю будзе складана — падобна да таго, што на міравую бакі не гатовыя.
Менскія спрэчкі выходзяць на міжнародны ўзровень
У маскоўскім офісе Uber, які курыруе краіны СНД, настойваюць, што шэраг беларускіх перавозьнікаў адключаны ад плятформы правамоцна і ў строгай адпаведнасьці з умовамі пагадненьня. Дадаюць, што ніводзін кіроўца не заблякаваны і можа зьвярнуцца ў карпаратыўны Цэнтар падтрымкі партнэраў зь пераводам у фірму, якая не парушае ўмоваў супрацоўніцтва.
Перавозьнікі пачынаюць закідваць скаргамі цэнтральны офіс Uber у Амстэрдаме:
«Мяркую, што ні адзін, ні другі бок не зацікаўленыя ў тым, каб супрацоўнічаць. А як звычайна здараецца, калі два бакі канфліктуюць, трэці ад гэтага цярпіць. У дадзеным выпаду — кіроўцы з кліентамі. Кліенты будуць цярпець ад таго, што няма машын, кіроўцы — ад таго, што ня будзе заробку. А калі паглядзець яшчэ далей, калі сытуацыя складзецца на карысьць CabWay і Uber здолеюць прыкрыць, тады пацярпяць наогул усе, хто нейкім чынам тычыўся сэрвісу — зноў жа, найперш кіроўцы і кліенты. Давядзецца шукаць альтэрнатыву. Калі не зачыняць — на вуліцы не апынуцца як мінімум 1,5 тысячы кіроўцаў, якія працуюць на Uber. У іншым выпадку ўсім гэтым людзям трэба будзе некуды падзецца. І ўсё з-за таго, што хтосьці спрабуе прасунуць свае інтарэсы. Што перашкаджала суіснаваць мірна і спакойна?»
Uber — міжнародная кампанія з Сан-Францыска. Працуе больш як у 300 гарадах сьвету, у 2015 годзе прыйшла ў Беларусь. Спачатку запрацавала Uber-таксі, а летась — Uber X. Каб скарыстацца паслугай, трэба спампаваць аднайменнае прыкладаньне, пры дапамозе якога адбываецца выклік аўтамабіля. Карыстальнік бачыць перасоўваньне машыны на мапе, пра яе прыбыцьцё яму паведамяць. Пасьля паездкі ня трэба плаціць гатоўкай — грошы здымуцца з банкаўскай карткі.
CabWay пазыцыянуе сябе як нацыянальны рэфарматарскі праект, створаны для айчынных карыстальнікаў — як падкрэсьліваецца, адрозна ад заходніх сэрвісаў. Фінансуецца Беларускай супольнасьцю прадпрымальнікаў і вэнчурных інвэстараў. Дэкляраваная мэта — стварыць даступныя прыватныя перавозкі для тых, хто ў гэтым мае асаблівую патрэбу.