Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне разьвіталіся з Маратам Афанасьевым, якога называлі сонечным чалавекам


13 сьнежня ў Жлобіне пахавалі грамадзкага актывіста, дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Марата Афанасьева. Ён памёр у мінулую нядзелю раніцай ад інфаркту на 71-м годзе жыцьця.

На пахаваньне ў Жлобін прыехалі былыя дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, кіраўнікі АГП, былыя калегі з Карэліі, колішнія і цяперашнія спэцыялісты Беларускага мэталюргічнага заводу, прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў з Гомеля, Рагачова, Бабруйску, Сьветлагорску, Менску.

Жалобны мітынг адбыўся каля падʼезду, дзе жыў Марат Афанасьеў. Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька згадаў якасьці Марата Афанасьева, якія дапамагалі пераадольваць агульныя праблемы.

«Марат Сьцяпанавіч быў сонечным, сьветлым чалавекам. Яго галоўная зброя — усьмешка. Калі, бывае, здараюцца непрыемнасьці, мы пачынаем пырскаць эмоцыямі, пачынаем злавацца. А ён заўсёды ўсьміхаўся, браў лісток паперы і пісаў свайму апанэнту аргумэнты на карысьць добрага настрою, тлумачыў перавагі ў праблеме. Сказаць, што гэта страта, значыць нічога не сказаць. Афанасьеў быў чалавекам зь вялікай прагай да жыцьця, які ніколі не ганяўся за пасадамі — яго ўсё знаходзіла само», — сказаў Анатоль Лябедзька.

Паводле людзей, якія прыйшлі разьвітацца з Маратам Афанасьевым, ягоны талент, вялікія веды і досьвед не былі ацэненыя дзейнай уладай. «Марат Афанасьеў вельмі добра ведаў беларускую энэргетыку і мог бы значна дапамагчы ў вырашэньні яе праблем», — з сумам адзначалі выступоўцы на жалобным мітынгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG