Раніцай 11 сьнежня ня стала выбітнага грамадзкага дзеяча, дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марата Афанасьева. Ня вытрымала сэрца. Пахаваньне Марата Афанасьева адбудзецца ў Жлобіне 13 сьнежня а чатырнаццатай гадзіне.
Нарадзіўся Марат Афанасьеў у Шклове 3 сакавіка 1946 году. Працаваў у Сыбіры ў геалягічнай выведцы, на буравых вышках. Скончыў Ленінградзкі інстытут, набыўшы прафэсію інжынэра-электрыка. Працаваў галоўным энэргетыкам на алюмініевых заводах у Карэліі і Эгіпце. Урэшце Марат Сьцяпанавіч вярнуўся на бацькаўшчыну, уладкаваўся на Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Быў намесьнікам галоўнага энэргетыка, начальнікам плянава-эканамічнага аддзелу. За гады працы ўкараніў у вытворчасьць паўтары сотні рацыяналізатарскіх прапановаў.
Марат Афанасьеў быў сярод першых, хто падпісаўся за імпічмэнт Лукашэнку
«У Жлобіне раскрыліся здольнасьці Афанасьева як арганізатара, грамадзкага дзеяча, — згадвае актывіст Валер Рыбчанка. — На зломе дзевяностых Жлобіну спатрэбіўся адданы пераменам, ініцыятыўны і рашучы чалавек, як Жан-Поль Марат у якабінцаў. Ім і стаў Марат Сьцяпанавіч — мясцовыя дэпутаты абралі яго старшынём гарадзкога савету».
Горад сядзеў на датацыях, з пустой казной. Новы мэр знаходзіў спосабы, як зарабіць грошы. Наватарскія праграмы сталі ажыцьцяўляць у мэдычным абслугоўваньні гараджанаў, будаўніцтве, працы зь дзецьмі і моладзьдзю. Калі Афанасьеў вяртаўся на БМЗ і здаваў пасаду старшыні, горад меў на рахунку 440 мільёнаў рублёў.
Афанасьеў абіраўся дэпутатам райсавету, а перад тым, у 1995 годзе, — дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, другога парлямэнту ў гісторыі незалежнай Беларусі.
«Марат Сьцяпанавіч уваходзіў у фракцыю „Грамадзянскае дзеяньне“, — успамінае гомельскі калега Афанасьева па Вярхоўным савеце, старшыня пастаяннай камісіі па чарнобыльскіх пытаньнях Віктар Хоміч. — І калі Лукашэнка выдаў паўтара дзясятка ўказаў, якія Канстытуцыйны суд прызнаў неканстытуцыйнымі, многія дэпутаты не маглі зьмірыцца з тым, што законамі пагарджаюць, топчуць іх. Пачалі зьбіраць подпісы за імпічмэнт. Марат Сьцяпанавіч быў у ліку першых, хто паставіў свой подпіс за абвяшчэньне імпічмэнту земляку. З гэтай прычыны ён зазнаў моцны ціск — і праз БМЗ таксама. Мы падтрымлівалі з Маратам сяброўскія стасункі, таму я гэта ведаю. Некаторыя дэпутаты ад Гомельшчыны тады ня вытрымалі, адклікалі свае подпісы і атрымалі пасады, у тым ліку і ў Цэнтравыбаркаме. Марат Сьцяпанавіч не адступіўся. Ён наагул быў надзейным сябрам і паплечнікам, дапамагаў чым мог. Падтрымліваў і мяне асабіста, калі пасьля разгону Лукашэнкам Вярхоўнага Савету я працяглы час заставаўся бяз працы».
«Ён надзвычай адданы быў ідэям дэмакратыі, беларускай незалежнасьці»
На пачатку дзьвюхтысячных гадоў улада яшчэ прапускала ў мясцовыя саветы дэмакратычных прадстаўнікоў. І каб скаардынаваць іх дзейнасьць, Марат Афанасьеў падтрымаў стварэньне міжрэгіянальнай дэпутацкай групы.
Марат ніколі не ішоў на шкурныя кампрамісы, і тым больш у прафэсійных пытаньнях
«Скажу больш, — дадае гомельскі палітык, сябра АГП Уладзімер Кацора, — высілкамі Марата Афанасьева і яго паплечніка, сябра партыі левых „Справядлівы сьвет“ Валера Рыбчанкі ў Жлобіне, па сутнасьці, і падтрымліваюцца дэмакратычныя памкненьні ў грамадзтве. Яны вылучаюцца дэпутатамі, кантралююць выбары — ад фармаваньня ўчасткаў і камісіяў да галасаваньня, даюць магчымасьць грамадзтву пазнаёміцца з альтэрнатыўнымі поглядамі на нашу палітычную рэчаіснасьць, нашу эканоміку. Я заўважыў, што Марат ніколі не ішоў на шкурныя кампрамісы, і тым больш у прафэсійных пытаньнях».
Апошнія дзесяць гадоў Афанасьеў выдаваў за свае грошы лісткі-дайджэсты з падборкай матэрыялаў з інтэрнэту, уласнымі ацэнкамі розных эканамічных крокаў беларускага рэжыму, якія ўладныя чыноўнікі падавалі як навацыі.
Публікацыі Марата Афанасьева пэрыядычна зьяўляліся на парталах naviny.by, «Хартыі’97», «Беларускім партызане», тэлеканале «Белсат». Валодаючы энцыкляпэдычнымі ведамі і практычным досьведам, ён браў удзел у перадачах незалежных мэдыяў пра сытуацыю на беларускіх прадпрыемствах, пра мэтазгоднасьць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў кажа, што заўчасная сьмерць Марата Афанасьева — надзвычай вялікая страта для грамадзкай супольнасьці, беларускай незалежнасьці і, канечне, самой партыі:
«Марат Сьцяпанавіч Афанасьеў — надзвычай прафэсійны чалавек, прафэсіянал зь вялікай літары. Аналітык. Ён працяглы час працаваў на Беларускім мэталюргічным заводзе, ведаў эканоміку прадпрыемстваў знутры — ягоныя аналітычныя камэнтары ў мэдыях стакроць пацьвярджаюць гэта. Ён надзвычай адданы быў ідэям дэмакратыі, беларускай незалежнасьці, заўсёды выяўляў сябе як чалавек з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Цяжка гаварыць, што ён „быў“. Я ня ведаю нават, хто і якім чынам яго можа замяніць».
У сям’і Марата Афанасьева засталіся жонка, дарослыя сын і дачка, трое ўнукаў.