Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы адзначаюць 85-я ўгодкі Ўладзімера Караткевіча

абноўлена

Каля помніка Ўладзімеру Караткевічу
Каля помніка Ўладзімеру Караткевічу

Урачыстыя мерапрыемствы заплянаваныя на некалькі дзён. Першым адзначаць юбілей пачаў гарадзкі аўтапарк: з 24 па 29 лістапада ў аршанскіх аўтобусах гучаць урыўкі з твораў земляка. А ў дзень народзінаў літаратурныя чытаньні прайшлі каля помніка Караткевічу.

Імпрэза была непрацяглая. Яе вяла Ліна Гатоўская, нядаўна прызначаная дырэктарка музэя Ўладзімера Караткевіча. Выступілі і супрацоўнікі бібліятэк горада, і пачынальніца збору экспанатаў для музэя славутага земляка, цяпер ужо пэнсіянэрка, былая настаўніца сярэдняй школы № 3 Лілія Радомская.

Вучні некалькіх школ падрыхтавалі і прачыталі вершы Караткевіча. Адступленьнем ад звычайнай традыцыі штогадовых літаратурных чытаньняў каля помніка стала хіба тое, што слова для выступаў не атрымалі мясцовыя літаратары. У мінулыя гады ў падобных імпрэзах заўжды бралі ўдзел і сябры аршанскага літаратурнага аб’яднаньня «Дняпроўскія галасы», і тыя, хто піша вершы, але не належыць да нейкіх творчых суполак.

Імпрэзу вядзе Ліна Гатоўская
Імпрэзу вядзе Ліна Гатоўская

Вучні чытаюць вершы
Вучні чытаюць вершы

Лілія Радомская, стваральніца першай экспазыцыі, прысьвечанай Караткевічу
Лілія Радомская, стваральніца першай экспазыцыі, прысьвечанай Караткевічу

Пасьля імпрэзы ў гарадзкім дзіцячым парку, дзе стаіць помнік, госьці сьвяткаваньняў перайшлі ў музэй Уладзімера Караткевіча. Тут быў прэзэнтаваны адмысловы канвэрт з адмысловай жа маркай, які «Белпошта» выпусьціла да сёлетніх угодкаў.

Канвэрт да 85-х угодкаў
Канвэрт да 85-х угодкаў

«Звычайна „юбілейныя“ канвэрты выпускаюцца да „круглых“ угодкаў. Але мы зьвярнуліся да кіраўніцтва „Белпошты“, і там пайшлі нам насустрач: выдалі канвэрт да 85-годзьдзя, на знак асаблівай павагі да нашага земляка-пісьменьніка», — апавёў Уладзімер Кузубаў, дырэктар музэйнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны».

Паштовы сувэнір у гонар Караткевіча
Паштовы сувэнір у гонар Караткевіча

Адна з ключавых імпрэзаў гэтага дня — адкрыцьцё выставы Беларускага саюзу мастакоў «Зямля пад белымі крыламі-2015», паглядзець якую таксама змогуць наведнікі музэя Ўладзімера Караткевіча. Прэзэнтаваць выставу прыехаў зямляк-аршанец, вядомы беларускі мастак Мікола Купава.

Мікола Купава на адкрыцьці выставы
Мікола Купава на адкрыцьці выставы

«11 мастакоў прадставілі свае працы, прысьвечаныя Ўладзімеру Караткевічу. Сярод іх і мае творчыя работы — да кнігі казак Караткевіча „Лебядзіны скіт“. Усе мастакі паказалі асобу Караткевіча вельмі грунтоўна — гэта і партрэты Караткевіча, і краявіды, якія натхнялі яго на літаратурную творчасьць», — сказаў спадар Купава.

Гледачы-аршанцы
Гледачы-аршанцы

Яшчэ адну выставу прапанавалі гледачам удзельнікі мясцовай мастацкай суполкі «Рэнэсанс». Гэтая экспазыцыя — у гарадзкім цэнтры культуры. Тут жа заплянаваны і сьвяточны канцэрт у гонар памяці Ўладзімера Караткевіча.

Выстава ў гарадзкім цэнтры культуры
Выстава ў гарадзкім цэнтры культуры

Увечары канцэрт пройдзе і ў музэі Ўладзімера Караткевіча — там выступіць Сяргей Долгушаў, артыст дзяржаўнай філярмоніі, вакаліст праектаў Harmonic style project, SD і групы «Вурай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG