У 1980 годзе ў італійскім выдавецтве «Bompiani» выйшаў першы раман тады яшчэ ня надта вядомага вучонага-мэдыевіста Умбэрта Эка пад назваю «Імя ружы». Год быў алімпійскі, мішкі лёталі... Літаратура — тая, што жыве ў топах і рэйтынгах — усё часьцей умывала свае папяровыя рукі, непрыкметна ізалявалася, як Альбанія часоў Ходжы, і займалася збольшага тым, што пераказвала і тлумачыла сама сябе.
Але так было не паўсюль. У тым самым годзе, трохі бліжэй да мішак, трохі далей ад Італіі зь яе новым бэстсэлерам, у такім сабе беларускім часопісе «Маладосьць» друкаваўся па частках новы твор даўно ўжо прызнанага ў Савецкім Саюзе пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Яны былі амаль аднагодкі (Эка маладзейшы за Караткевіча на два гады); абодвух жывіла дзіўная, дзіцячая любоў да гісторыі. Італійскага аўтара наперадзе чакала сусьветная слава, кожная яго наступная кніга зробіцца падзеяй, у 2009-м ён скажа, што лічыць сябе «маладым раманістам» і сапраўды апублікуе потым яшчэ адзін раман, «Праскія
могілкі». Цяжка хвораму Караткевічу, які ўжо напісаў усе свае самыя значныя кнігі, у 1980-м заставалася жыць менш за чатыры гады. Ягоная слава так і ня выйшла за межы славянскага сьвету. Тым ня менш у самой Беларусі ён мае статус куды больш культавы, чым Эка ў цэлым сьвеце. Яшчэ зусім маладым літаратарам Эка меў у сваім распараджэньні гатовую гісторыю Італіі і Эўропы, процьму навуковых дасьледаваньняў і артэфактаў, што валяліся пад нагамі, а таксама італійскі нацыянальны міт. Маладому Караткевічу сваю Беларусь зь яе гісторыяй і яе мітам трэба было стварыць. Вычытаць між чужых радкоў. Убачыць там, дзе замест гісторыі, здавалася, было закатанае ў бэтон нічыйнае поле. Уявіць. Напісаць. Прыдумаць.
Караткевіча сёньня надышоў час абараняць. Ад таго тупога і карыкатурнага ў сваім бясьсільлі калгаснага нацыяналізму, нібыта апазыцыйнага, а насамрэч цалкам арганічна ўпісанага ў сыстэму, які намагаецца цяпер зрабіць пісьменьніка сваім апосталам, абражаючы памяць і крыўдзячы розум; ад гэтай ідэалёгіі карычневых ляпёшак, паводле якой усё сваё — найлепшае толькі таму, што яно сваё і кепскім быць ня можа. Яе адэптаў варта было б прымусіць сто разоў напісаць лацінкаю на сваім ілбе знакамітыя караткевічавы словы:
«Што ж, я нацыяналіст! Украінскі (як мала хто ва Ўкраіне ведаю Тараса Шаўчэнку), польскі (Норвід, Міцкевіч — мае браты), нямецкі (Рыльке), рускі, гішпанскі, усіхны — і ганаруся!»
Абараняць ад дзяржавы. Антыбеларускай дзяржавы, якой ну ніяк не пасуе гісторыя паводле Караткевіча, і літаратура паводле яго не пасуе таксама. Ад улады, якая раней за нас дапяла, што каб нешта забыць, гэта трэба ператварыць у помнік, так лягчэй забываецца. Трэба бараніць Караткевіча ад тых людзей, зь якімі — я ўпэўнены — ён, калі б дажыў да нашых дзён, ня сеў бы побач ні чарку выпіць, ні словам перакінуцца, якім ён проста не падаў бы рукі — і якія ўжо васямнаццаты год нішчаць ня толькі тое, што ён пасьпеў зрабіць, але й тое, пра што марыў. Зрэшты, да канца ажыцьцявіць гэта ім чамусьці ніяк не ўдаецца: сіла пакуль на іхным баку, але чырвона-зялёны штангіст, здаецца, спрабуе гуляць у шахматы. Не ўдаецца, магчыма, яшчэ і таму, што Караткевіч даўно апісаў іх усіх, дакладна і бязьлітасна, і яны, злоўленыя ім у сетку ягоных сюжэтаў, вымушаныя прайграваць, раз за разам — такія законы жанру, так запавёў аўтар. Інквізыцыю ён ня надта любіў...
«...Сучасны чалавек, незнаёмы з сутарэньнямі гестапа, асфаліі і іншых падобных устаноў, параўнаў бы ўсё гэта з кабінэтам зубнога лекара і тым абрыдлівым пачуцьцём, той дрыготкай, якую выклікала ўсё гэтае начыньне ў дзяцінстве... Але гэтыя... ня ведалі кабінэта дантыста і таму параўноўвалі ўсё гэта з тым, чым яно й было, з катоўняй».
А станоўчыя героі Караткевіча робяць зусім іншы эфэкт — іх немагчыма не атаясамліваць з аўтарам. Ня верыцца, што ён сам мог быць іншым — не такім, як Гервасій Выліваха, як Загорскі і Братчык, як Косьміч. Імёны штучныя, падабраныя дасканала і з разьлікам — але прыгожыя і запамінальныя, як ні ў кога больш.
Абараняць Караткевіча трэба і ад літаратуразнаўцаў. Успацелы менскі чорт спакусіў мяне ўлетку купіць у кнігарні на Карламарла кніжку пад назваю, якая абяцала пазнаёміць ня толькі зь вядомым, але і зь невядомым, малавядомым, а роўна і сумнавядомым Караткевічам. Ужо на першай частцы захацелася адкласьці гэтае дажынкава-жоўтае выданьне ўбок. Бо што зусім не асацыюецца з Караткевічам, дык гэта нуда. Куды больш цікавы адзін кароткі запіс у Глобусавым блогу пра тое, што ён, Караткевіч, «пасьля п’янак-гулянак, пасьля банкетаў-фуршэтаў, пасьля розных бадзяньняў, вандровак і падарожжаў доўга спаў, праспаўшыся, прымаў ледзяны душ, піў каву зь перцам («з глінянага „цэбра“),
надзяваў сьвежую кашулю, павязваў модны гальштук, апранаў стыльны касьцюм і сядаў за працоўны стол. За дзень ён мог сваім акуратным дробным почыркам напісаць блізу дваццаці старонак прозы. У непрацоўныя дэпрэсіўныя дні Караткевіч соваўся па кватэры ў доўгім лілова-брунатным халаце». Нестотна, чыстая праўда гэта ці не — як неістотна і тое, наколькі адпавядала беларуская гісторыя паводле Караткевіча сапраўднасьці. Галоўнае — гэта літаратура бязь лёду і кансэрвантаў: і ўсе яго раманы, і аповесьці, і вершы, і нават проста задумы, і нават гэтая кава зь перцам, і гальштук, і халат...
А лепш за ўсё пакінуць Караткевіча чытачу. Таму, дзеля каго ўсё гэта стваралася. Сувязь і нейкая ўзаемная залежнасьць пісьменьніка і чытача ў выпадку Караткевіча проста фантастычныя. Пакінуць чытачу права меркаваць пра Караткевіча толькі па напісаным, не псуючы ўражаньне камэнтарамі. Пакінуць і спадзявацца, што цуд адбудзецца зноў і яго кнігі зробяцца для сучасных пажыральнікаў кніг чымсьці большым за толькі літаратуру. Хаця б для аднаго.
Хто ён, чытач Караткевіча? Бывае, што для яго характарыстыкі цяжка падабраць словы. Маці, дагледжаная, як далягляд на кічавай карціне, і дачка-пяціклясьніца заходзяць у кнігарню. «У вас есть Караткевічь?» Ім даюць паўкілё Караткевіча. «Так это ж по-белорусскі! А по-русскі нет?» І — дачцэ, з усьмешкай: «Мы же с тобой белорусскім языком не увлекаемся, правда?» Дачка ківае. Не увлякаецца. Але Караткевіча прачытае. І тады, хто ведае, можа, і ўвлячэцца. Ён — не для старэйшых і спрактыкаваных, ён — усіхны. Для таго і прызямліўся некалі тут. У гэты момант я ненавіджу і маці гэтую, і дачку, і бацьку іхнага ў прыдачу. Караткевіч — крыштальная мара майго дзяцінства, не чапайце яе сваімі бруднымі лапамі. Мара, безь якой уся рэчаіснасьць раптам страціла б сэнс. Бо на адно вуха аглух бы, на адно вока асьлеп і дакладна б зьнямеў.
У такой пастцы і даводзіцца жыць. Калі б у беларусаў не было сваёй гісторыі, яе трэба было б выдумаць. Гэта таксама Караткевічавы словы, нешта сярэдняе паміж міжвольным прызнаньнем і маніфэстам. У розных апытаньнях кшталту «Як я стаў тым, кім я стаў» Караткевіч мусіць ісьці на першым месцы сярод названых крыніц уплыву, і зь вялікім адрывам. Менавіта ён шмат каго зрабіў беларусам. Дапамог выдумаць сябе. У кожнага зь яго чытачоў атрымлівалася па-свойму. У меру ўласных таленту, фантазіі і густу. Вядома, што мы жывем настолькі шчасьліва, наколькі здольныя сябе выдумаць. Але кожнага Караткевіч у свой час чапляў — варта было разгарнуць кнігу, любы з раманаў. Вось як у кнізе «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» апісвае сваё знаёмства зь яго прозай Сяргей Шупа: «На першым курсе я пачытаў Караткевіча „Дзікае паляваньне караля Стаха“. Закранула за ўсе эмацыйныя нэрвы. І стала ясна — вось яно. Зусім іншая беларушчына, зусім іншая літаратура, зусім іншы погляд на гісторыю і на ўсё. Хаця сёньня трошкі сьмешнавата чытаць Караткевіча. Маім дзецям гэта ўжо нецікава. Ім адкрываць нічога ня трэба было. А нам трэба было першую баразну самім сабе пракладаць...»
Сапраўды, сёньня сьмешнавата. Караткевіч — чалавек з ключом, яго мэта — адкрыць, завабіць, паказаць дарогу. У прадмове ягонай кнігі для школьнікаў «Зямля пад белымі крыламі» ён сам кажа пра тое, што дае чытачам «ключ ад краіны»: а далей вы ўжо самі...
Захапленьне сышло, а дакладней, яго перадаеш іншым, тым, хто мае патрэбу, гэта такая адмысловая беларуская эстафэта. Павага засталася. Ня толькі Беларусь — а і белліт ёсьць іншы: гэта толькі здаецца простым, а ў належны час дзейнічае як выбух. Караткевіч уратаваў беларускую літаратуру ад сыходу ў сябе і альбанскай ізаляцыі. Яна вярнулася да чытача. Караткевічава пісьмо часта наіўнае — але заўжды чытэльнае, і наўрад ці другое — наступства першага. Можна быць упэўненым, што ён ведаў пра тую эпітафію, якую склаў для самога сябе Конан Дойл, па цяперашніх часах непаліткарэктны, сэксісцкі тэкст, ад якога на вочы тым ня менш чамусьці наварочваюцца сьлёзы:
«Я выканаў сваю простую задачу, калі даў хаця б гадзіну радасьці хлопчыку, які ўжо напалову мужчына, і мужчыну, які яшчэ напалову хлопчык».
Ведаў і, відавочна, прымерваў яе на сябе.
У чым часьцей за ўсё абвінавачваюць Караткевіча, дык гэта ў тым, што ён браў чужыя і ўжо даўно распрацаваныя сюжэты і пераносіў іх на беларускую глебу. Так бы мовіць, яшчэ больш спрашчаў сабе тую «простую задачу». Але хлопчыку, які напалову мужчына, як і мужчыну, які напалову хлопчык, гэтаксама як дзяўчынкам і кабетам, гэтаксама як напалову беларусам, і ўсім, усім хто, нарадзіўшыся на гэтай зямлі, выдумаў сябе толькі напалову і спыніўся некалі на раздарожжы — нам усё адно, дзе і што браў пісьменьнік, якога цікава чытаць. Літаратура не абмяжоўваецца сюжэтамі, каб даваць на іх камусьці патэнт, трэба выдумаць ня толькі сябе, але і машыну часу і выправіцца далёка-далёка, да таго ўжо амаль мітычнага ваўка, якога не было. Можна падумаць, Эка зь нічога ствараў свае лябірынты і выспы.
Аддаючы належнае Караткевічу-паэту і Караткевічу-драматургу, ня буду крывіць душой. Перш за ўсё ён празаік. І наўрад ці зрабіўся б тым Караткевічам, калі б абмежаваўся вершамі — часам тонкімі, часам хутчэй душэўнымі (не люблю такія), часам грубавата-лірычнымі, дзе ўсё такое, як ёсьць — і матчына цыцка, і холад, і голад, і сквар, і скварка... Але ўсё б гэта так і засталося проста словамі — і новая вера не была б створаная. Сярод ягонай прозы я вылучаю для сябе «Паляваньне», «Каласы», «Хрыста» і «Ладзьдзю» — такі вось квадрат Караткевіча. Усе гэтыя тэксты падобныя паміж сабою — і кожны ўтварае неабходны кут, безь якога іншыя нешта губляюць. Чатыры накірункі, як чатыры бакі сьвету, якім адкрываецца яго Беларусь. Якая заўжды ў цэнтры. Як той пакой бібліятэкі, у які ніколі ня трапіць.
Караткевіч — апошні рамантык беларускай літаратуры. І наўрад ці ўжо нехта адбярэ ў яго гэты тытул. Бо ён выдумаў нам месца, дзе мы жывем. «Балотныя Яліны і іх ваколіцы». Кнігу, разгорнутую на самым цікавым месцы. І крошкі падаюць на старонку, як у юнацтве.