Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі лічаць небясьпечным тое, што беларусы спажываюць штодня


Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю прадукцыю дзевяці мясакамбінатаў Беларусі, спасылаючыся на тое, што яна не адпавядае санітарным нормам і можа быць небясьпечнай для здароўя. Узмоцнены кантроль мясной прадукцыі, якую ўвозяць беларускія грамадзяне, на сваёй мяжы праводзіць Літва. Ці не баяцца спажыўцы набываць мяса на айчынным рынку мясапрадуктаў?

Пра тое, што санітарныя службы Літвы выявілі ў беларускай каўбасе вірус афрыканскай чумы сьвіней, паведамляюць некаторыя літоўскія мэдыі. Расейскі сельгаснагляд афіцыйна заявіў, што беларуская мясная прадукцыя ўтрымлівае антыбіётыкі, сальманэлу і іншыя шкодныя рэчывы. У адказ галоўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў, што «ўся беларуская прадукцыя абсалютна бясьпечная». Спраўдзіць гэтыя словы ў Ігара Гаеўскага немагчыма: сакратарка кажа, што ў кабінэце чыноўніка няма, а прэсавая сакратарка Вольга Шульпіна нешта паведаміць адмаўляецца:

«Гэтую інфармацыю можа даць Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач, які за гэта адказвае. Я за гэта не адказваю — я адказваю за сувязь з СМІ».

Тым часам Мінскі мясакамбінат, прадукцыю якога Расея таксама паставіла пад забарону, ужо двойчы за час эмбарга арганізаваў продаж мяса на менскай Камароўцы па зьніжаных коштах. Па-ранейшаму гандлююць мясам праз свае фірмовыя крамы і аддзелы і іншыя мясакамбінаты. Ці не баяцца беларускія грамадзяне набываць айчыннае мяса і каўбасы, запытваю ў пакупнікоў аднаго зь менскіх унівэрсамаў:

Карэспандэнтка: «Ці набылі Вы нешта мясное ў гэтай краме?»

Спадарыня сярэдніх гадоў: «Так, фарш „Па-баярску“ — вельмі смачны фарш і танны, набывайце. У нас вельмі добрыя мясныя прадукты. Калі я заходжу ў краму і бачу гэты фарш, то абавязкова яго набываю; бачыце, яго вельмі шмат».

Карэспандэнт: «А тое, што Расея не бярэ нашага мяса, — Вы купляць не баіцеся?»

Спадарыня: «Не, я думаю, што ўсё гэта палітыка і да нас ня мае ніякага дачыненьня».

Карэспандэнтка: «Калі не сакрэт, што набылі Вы?»

Пэнсіянэрка: «Сьвініну са спэцыямі — вельмі мяккая і смачная, для плову смажыць; рулет зь печаньню — вельмі смачны».

Карэспандэнтка: «Ці не баіцеся набываць з-за таго, што Расея не бярэ нашае мяса з-за шкодных рэчываў?»

Пэнсіянэрка: «Гэта наша, роднае мяса, і ўсё ў нас нармальна. А яны — гультаі. Самі ня хочуць нічога рабіць і чужым грэбуюць. Самі зьямо».

Спадар маладых гадоў: «Канечне, я набываю мяса, бо я тут жыву — куды я бязь мяса дзенуся. А калі Расея не бярэ нашае беларускае мяса, то значыць яно не беларускае. Хутчэй за ўсё — яно польскае».

Карэспандэнтка: «Значыць пытаньне ня ў якасьці?»

У нас мяса добрае, пакупнікі яго набываюць, і ніхто ніколі мне ніякіх пытаньняў не задаваў, адкуль і якое яно

Спадар маладых гадоў: «Не, у нас добрае, якаснае мяса. Адзінае што дарагое — у той жа Польшчы яно каштуе 50-30% ад нашага».

Яшчэ адна крама фірмовага мяснога гандлю знаходзіцца ў цэнтры гораду. Загадчыца крамы падзяляе меркаваньні пакупнікоў пра добрую якасьць беларускай мясной прадукцыі і ахвотна камэнтуе сытуацыю, але просіць не называць ні сябе, ні краму:

«У нас мяса добрае, пакупнікі яго набываюць, і ніхто ніколі мне ніякіх пытаньняў не задаваў, адкуль і якое яно. Калі ў нас бываюць расейцы, то яны вельмі любяць нашыя каўбасы, заўсёды бяруць і цяпер бяруць таксама. Я сама набываю нашае мяса, я сама яго ем і вельмі задаволеная — вось і ўсё, што я магу сказаць».

Адмысловец у галіне сельскай гаспадаркі Анатоль Гуляеў кажа, што ў харчовай аблозе Беларусь апынулася не ўпершыню. І за кожным разам у гандлёвых спрэчках ёсьць сацыяльны, эканамічны і палітычны складнік. Але заўсёды аднолькава адсутнічае толькі адно — праўдзівая інфармацыя, кажа спадар Гуляеў:

«Я памятаю тыя часы, калі выбухнула Чарнобыльская аварыя і было шмат размоваў адносна таго, што было шкодна тое ці гэта. І яно сапраўды было шкодна, бо было мяса, якое з заражанай зоны вывозілі і прадавалі. Але людзі працягвалі набываць тое ж мяса, бо нешта ж трэба было есьці. Я думаю, што і цяпер ёсьць усяго патроху: ёсьць і палітыка — Расея баіцца, што празь Беларусь ідзе шмат забароненых прадуктаў. Таксама шмат хто на гэтым жадае нажыцца. Але калі людзям трэба неяк жыць, а мяса яшчэ і таньнейшае — таму і набываюць. Адбаяліся — асабліва тыя, хто перажыў чарнобыльскі выбух».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG