Эўрапейскі суд пастанавіў, што Польшча, арганізаваўшы высечку дрэваў у Белавескай пушчы, парушыла эўрапейскае заканадаўства. Прысуд па гэтай справе быў абвешчаны ў Люксэмбургу Вялікай палатай Суда Эўразьвязу, якая складаецца з 15 судзьдзяў, паведамляе Польскае радыё.
Рашэньне не прадугледжвае якіх-небудзь фінансавых санкцыяў, паколькі такога хадайніцтва ня было, а Польшча раней спыніла ў пушчы працу цяжкай тэхнікі. Гэты вэрдыкт Эўрапейскага суда заканчвае спрэчку паміж Брусэлем і Варшавай.
Судзьдзі адхілілі аргумэнты Варшавы аб тым, што высечка дрэваў, на якіх нападае караед, неабходная для абароны важных месцаў пражываньня.
Як сьцьвярджае польскае Міністэрства навакольнага асяродзьдзя, працы ў лесе праводзяцца ў адпаведнасьці з эўрапейскім заканадаўствам, а лесьнікі высякаюць толькі мёртвыя дрэвы, якія пагражаюць здароўю і жыцьцю людзей.