Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Ракаўскім прадмесьці высякаюць дрэвы. «Гэта былі нашы лёгкія!»


Першая ахвяра на таполевай алеі
Першая ахвяра на таполевай алеі

Жыхары Ракаўскага прадмесьця абураюцца: там, дзе пройдзе вуліца з камэрцыйнымі дамамі, пілуюць таполі і ліпы.

На тэрыторыі былога хлебазаводу ў Ракаўскім прадмесьці (гэта Цэнтральны раён Менску), дзе будуецца шэраг аб’ектаў на замову камунальнага прадпрыемства «Менская спадчына», заплянавана зьнішчыць больш за сотню дрэў ліставых, хвойных і дэкаратыўных парод, а таксама каля паўсотні кустоў. Частку дрэваў ужо сьпілавалі, іншыя чакаюць сваёй чаргі на зьнішчэньне. Эколягі і актывісты кажуць, што частку зялёных пасадак гэтага гістарычнага раёну магчыма захаваць.

Антон Матолька: Чаму інфармацыю пра абмеркаваньне абмежавалі?

Вядомы менскі блогер і гарадзкі актывіст Антон Матолька лічыць, што не было нармальнага грамадзкага абмеркаваньня «ацэнкі ўзьдзеяньня аб’екта на навакольнае асяродзьдзе», а паводле закону гэта абавязковая ўмова зносу дрэваў на будоўлі. Між тым паводле гэтай ацэнкі заплянавана зьнішчыць ажно 108 дрэў і 138 кустоў, кажа блогер, які атрымаў гэтыя лічбы ў адміністрацыі Цэнтральнага раёну.

«Лічбы мне далі, але чамусьці ў сацыяльных сетках, якія вядзе раённая адміністрацыя, пра грамадзкае абмеркаваньне, што, кажуць, прайшло ў сьнежні, не было ані слова», — кажа Антон Матолька ў размове з карэспандэнтам Свабоды.

У двары дамоў па вуліцы Раманаўская Слабада, побач з будаўнічым плотам вакол былога хлебазаводу, размаўляю зь мясцовымі жыхарамі Георгіем Сакаловым і Соф’яй Фейгінай. Мы стаім на таполевай алеі, якую, як сказалі будаўнікі Георгію Мікалаевічу, неўзабаве зьнішчаць.

Гэтая таполевая алея заплянаваная пад знос
Гэтая таполевая алея заплянаваная пад знос

«Гэтым таполям за 50 гадоў. А вунь два дубы, а там францускія ліпы. Гэта ж нашы лёгкія. Чым мы тут будзем дыхаць?» — абураецца пэнсіянэр.

Георгі Сакалоў
Георгі Сакалоў

Соф’я Ільінічна Фейгіна таксама кажа, што нічога ня чула пра грамадзкае абмеркаваньне і ня верыць, што замест сьпілаваных дрэваў пасадзяць дастаткова новых.

«Я жыву ў 10-м доме, дзе аптэка. Некалькі гадоў таму ў нашым двары 7 дрэў сьпілавалі, а замест іх уваткнулі два дубчыкі. Ды сьметніцу для ўсіх дамоў нам паставілі. Вось такая кампэнсацыя!» — дзеліцца набалелым Соф’я Фейгіна.

Соф’я Фейгіна
Соф’я Фейгіна

Усе земляныя работы на тэрыторыі аб’екта выконваюць будаўнікі Ўпраўленьня дарожна-маставога будаўніцтва (УДМБ). Непадалёк ад вагончыкаў з гэтым надпісам тырчыць пень таўшчынёй у абхват — адна зь першых ахвяраў высечкі старых таполяў, якая пачалася тры дні таму.

Пытаюся ў майстра Андрэя: ці гэта не ягоныя байцы пастараліся? «Не, гэта зелянбуд», — кажа Андрэй, а ад далейшай размовы адмаўляецца.

Каля 21-га дома на вуліцы Віцебскай натрапляю адразу на некалькі невялікіх, ужо засьнежаных пянькоў, пра якія пісаў блогер Антон Матолька. Гэтыя пянькі засталіся ад нестарых дрэваў, дыямэтрам да 20 сантымэтраў.

Пянькі дрэваў каля вуліцы Віцебскай
Пянькі дрэваў каля вуліцы Віцебскай

Прадстаўнік зелянбуду: «Замест 11 дрэў сьпілуем 4»

Хіба нельга было не пілаваць гэтыя ліпы, а проста перасадзіць у іншае месца? Пытаюся пра гэта ў Аляксея Манохіна, інжынэра садова-паркавай гаспадаркі «Зелянбуд» Цэнтральнага раёну.

«Яшчэ залежыць ад стану дрэва, ня толькі ад узросту», — сказаў спадар Манохін і расказаў пра сытуацыю з пасадкамі дрэў на будаўнічай пляцоўцы ў Ракаўскім прадмесьці, дзе пабываў якраз сёньня. Паводле яго, нядаўна адбылося карэктаваньне праекту пракладкі цеплатрасы, якая праходзіць праз тэрыторыю аб’екта. Гэта дазволіць захаваць сама меней 7 дрэваў, якім раней было наканавана загінуць, сказаў суразмоўца.

Абвестка для жыхароў
Абвестка для жыхароў

«У тым месцы плянавалася зьнішчэньне 11 дрэў, цяпер — толькі чатырох, астатнія перанясуць у іншае месца. Прычым з гэтых чатырох два ў аварыйным стане, іх потым усё роўна б сьпілавалі, а так будзе кампэнсацыя. Увогуле на гэтым аб’екце прадугледжаная максымальная кампэнсацыя, прычым усе пасадкі ў межах аб’екта», — сказаў Свабодзе інжынэр зелянбуду Аляксей Манохін.

Ён дадаў, што ёсьць адмысловая тэхніка, каб выкопваць дрэва разам з коранем для перасадкі ў іншае месца. Такую тэхніку іх раённы зелянбуд можа заказаць у сталічнай управе зелянбуду. «Але на вялікія і старыя дрэвы гэта не распаўсюджваецца».

Будаўнікі абнесьлі плоцікам дрэва, якае эколягі забаранілі чапаць
Будаўнікі абнесьлі плоцікам дрэва, якае эколягі забаранілі чапаць

Што казаў Аляксандар Лукашэнка пра «разбой з дрэвамі»

Наконт сытуацыі са зьнішчэньнем пасадак у Ракаўскім прадмесьці Антон Матолька плянуе накіраваць запыт у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі з просьбай патлумачыць, чаму нішчыцца столькі старых дрэваў, хоць Лукашэнка раней загадаў такія дрэвы не чапаць. Блогер спасылаецца на словы кіраўніка дзяржавы, сказаныя на нарадзе 7 кастрычніка 2017 году па пытаньнях новай рэдакцыі Жыльлёвага кодэксу.

«Сродкі масавай інфармацыі ўсё часьцей гавораць пра скандалы, пачынаючы ад Гомля і заканчваючы Менскам, з насельніцтвам з прычыны зносу дрэваў. Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць там незразумела што, араць. Замест таго, каб парк там закласьці ці ў парадак прывесьці, вы пачынаеце там штампаваць жыльлё. Месца няма, дзе жыльлё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам?» — абураўся Аляксандар Лукашэнка.

Будаўніцтва Ў Ракаўскім прадмесьці
Будаўніцтва Ў Ракаўскім прадмесьці

А вось яшчэ адна цытата ад Лукашэнкі з той жа нарады: «І потым, вы садзілі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек стараецца выйсьці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары сьпілуйце векавое дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, а якая будзе ад гэтага карысьць...Трэба спыніць гэты разбой!»

Што паказаў знос дрэў на Камсамольскай вуліцы?

Пра тое, што праекты могуць апэратыўна мяняць, каб захаваць старыя дрэвы, Антон Матолька нагадаў карэспандэнту Свабоды на прыкладзе рэканструкцыі вуліцы Камсамольскай у Менску.

«Паводле праекту, заказанага той жа „Менскай спадчынай“, на вуліцы Камсамольскай меліся высекчы 50% дрэваў. Але нечакана ўжо праз два дні пасьля той нарады, дзе Лукашэнка выказаўся пра старыя дрэвы, прыйшоў дакумэнт, дзе яны запэўнілі, што ўсё захаваюць, а зьнішчаць толькі 1-2 дрэвы, якія зусім сухія. То бок пры жаданьні ці пасьля некаторых словаў можна захоўваць і нават можна карэктаваць праекты. Але з Ракаўскім прадмесьцем выйшла інакш. Вось нават з тым кавалкам на вуліцы Віцебскай, дзе былі маладыя дрэвы, якія можна было выкапаць і перасадзіць — але не, іх высеклі. У мяне ёсьць гэтаму фатадоказы».

Пытаньне да «Менскай спадчыны» і адказ

Таксама Антон Матолька задаў пытаньне «Менскай спадчыне»: чаму зноў замоўлены праект, які патрабуе амаль цалкам зьнішчыць цяперашняе азеляненьне?

Па камэнтар карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да галоўнага інжынэра прадпрыемства «Менская спадчына» Міхаіла Жыха, які курыруе аб’екты ў Ракаўскім прадмесьці.

Паводле Жыха, знос старых дрэў абумоўлены праектам, згодна зь якім плянуецца ня проста набудаваць дамоў, а аднавіць на старым месцы колішнюю вуліцу.

Міхаіл Жых
Міхаіл Жых

«Вуліцу мы мусім аднавіць па гістарычным рэчышчы, гэта ж не пустыня, не за межамі гораду, дзе куды заўгодна можна весьці. Вуліца мусіць адпавядаць гістарычна дакладнай трасе. Таму адтуль выносяць усё тое кустоўе. Якія ўжо непрыдатныя, тыя высякаюць, якія паводле экалягічнага пашпарту жывыя, тыя перасаджваюць у іншае месца», — сказаў спадар Жых.

Што да дрэў, сьпілаваных каля вуліцы Віцебскай, іх зьнішчэньне галоўны інжынэр «Менскай спадчыны» камэнтаваць ня стаў, спаслаўшыся на тое, што яму дакладна не вядомы іх рэальны стан.

«Праектам прадугледжанае максымальнае захаваньне і перасадка дрэў і кустоў», — запэўніў Жых.

Ад дрэваў на вуліцы Віцебскай засталіся толькі пянькі
Ад дрэваў на вуліцы Віцебскай засталіся толькі пянькі

«Экадом»: Уратаваць некаторыя дрэвы магчыма

У грамадзкай экалягічнай арганізацыі «Экадом» карэспандэнту «Свабоды» сказалі, што там сочаць за сытуацыяй з азеляненьнем у Ракаўскім прадмесьці і пакуль ня бачаць там парушэньняў закону, але і ня лічаць, што сытуацыя зусім бесканфліктная.

Юрыст «Экадома» Тацяна Сініца спачатку пракамэнтавала тое, чаму мясцовыя жыхары аказаліся ня ў курсе таго, што адміністрацыя раёну праводзіла грамадзкія слуханьні, на якіх інфармавалі пра зьнішчэньне дрэў.

Зьнішчанае дрэва
Зьнішчанае дрэва

«Каб правесьці грамадзкія слуханьні, закон патрабуе ад адміністрацыі толькі адной аб’явы ў мясцовай газэце ды інфармацыі ў сябе на сайце. Такі закон. На жаль, зьвестак у сацыяльныя сеткі ня трэба. Іншае пытаньне, чаму яны гэтага не зрабілі, хоць мелі такую магчымасьць, бо вядуць такія старонкі? Мы лічым, што ў сёньняшніх умовах аб’явы і сайту недастаткова. Але тут можна і грамадзянам параіць быць больш пільнымі, часьцей заходзіць на сайт раённай адміністрацыі і больш шчыльна кантактаваць з актывістамі экалягічнага руху».

Паводле Тацяны Сініцы, у жыхароў дамоў раёну Ракаўскага прадмесьця яшчэ ёсьць магчымасьць паўплываць на працэс зьнішчэньня дрэў і кустоў на тэрыторыі былога хлебазаводу, калі яны хочуць уратаваць частку. «Трэба паглядзець кампэнсацыйнае абсьледаваньне дрэў і кустоў ды папрасіць абгрунтаваньня па кожнай пазыцыі. Магчыма, будуць знойдзеныя іншыя варыянты, акрамя зьнішчэньня», — мяркуе юрыст «Экадому» Тацяна Сініца.

Пашпарт аб’екта на тэрыторыі былога хлебазаводу
Пашпарт аб’екта на тэрыторыі былога хлебазаводу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG