Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакліканьне Леаніда было ў тым, каб сказаць праўду пра жудасныя злачынствы», у Менску разьвіталіся зь Леанідам Мараковым


Разьвітаньне зь Леанідам Мараковым
Разьвітаньне зь Леанідам Мараковым

У Петрапаўлаўскім саборы ў Менску 19 сьнежня прайшло разьвітаньне зь пісьменьнікам і дасьледнікам сталінскіх рэпрэсіяў Леанідам Мараковым.

Леанід Маракоў пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 58 гадоў пасьля змаганьня з пухлінай мозгу.

Падчас разьвітаньня выступілі ягоныя блізкія і сябры. Паэт і палітык Уладзімер Някляеў сказаў, што галоўным пакліканьнем Леаніда Маракова была барацьба са злом.

«Якое прызначэньне меў Леанід Маракоў? Так, пісьменьнік. Так, аўтар кніг. Але галоўным яго пакліканьнем была барацьба са злом. Барацьба са злом дзеля таго, каб на гэтай зямлі, на якой ён нарадзіўся і ў якую сёньня пакладзецца, панавала дабро. Таму што ўсё, што напісана ў ягоных кнігах, усе імёны, гэтыя 20 тысяч імён, яны ёсьць сілай дабра. Зьнішчаныя злом, але адноўленыя ім і захаваныя для нашчадкаў. Каб яны разам з намі змагаліся за дабро на гэтай зямлі. Сёньня супала гэтак, што мы разьвітваемся зь ім у гадавіну Плошчы 2010 году. Дарэчы, ня ведаю, ці быў сам Леанід на Плошчы, ніколі яго пра гэта не распытваў, але тое, што там былі гэтыя 20 тысяч беларусаў, ахвяраў рэжыму, сталінізму, рэпрэсіяў — я перакананы. Яны стаялі з намі плячо ў плячо. Яны маўчалі, але можна ўявіць, пра што маўчалі гэтыя мёртвыя ў размове з жывымі. Я схіляю галаву перад тым, што ты зрабіў, Леанід».

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў параўнаў тое, што зрабіў Леанід Маракоў, з працай Аляксандра Салжаніцына. «У маёй хатняй бібліятэцы кнігам Леаніда Маракова прысьвечана цэлая паліца. Леанід быў таленавітым літаратарам, мог уразіць і незвычайным героем, і закручаным сюжэтам. Ён напісаў фундамэнтальную працу пра галоўны праспэкт нашай сталіцы, але Бог паслаў яго Беларусі зь іншай мэтай. Пакліканьне Леаніда было ў тым, каб сказаць праўду пра жудасныя злачынствы, якія чыніла на нашай зямлі бальшавіцкая камуністычная ўлада. Пры ўсёй розьніцы мэтадаў дасьледаваньня гэтых злачынстваў мне хочацца параўнаць тое, што зрабіў Леанід Маракоў, з тым, што зрабіў Аляксандар Салжаніцын. Калісьці Леанід, пасьпяховы бізнэсмэн, быў уражаны лёсам свайго дзядзькі Валерыя Маракова, аднаго з самых таленавітых паэтаў 20–30-х гадоў. Менавіта так пра Валерыя Маракова казаў Янка Купала. Аднавіўшы лёс дзядзькі, Леанід распачаў свой подзьвіг — грамадзянскі, навуковы — у выніку якога нам вярнуліся гэтыя некалькі дзясяткаў тысяч імёнаў тых, хто загінуў у крывавыя сталінскія гады. У іншай краіне такой працай займаўся б цэлы інстытут, а ў нас гэта выпала аднаму чалавеку. Прычым ён зьдзяйсьняў свой подзьвіг у краіне, якая не перажыла пакаяньня за тыя злачынствы. У краіне, на вуліцах і плошчах якой стаяць помнікі катам. Ад яго патрэбная была асаблівая мужнасьць, і яшчэ больш мужнасьці трэба было, каб сказаць ня толькі пра ахвяраў, але і пра катаў. І гэтую мужнасьць Леанід знайшоў у сабе і выдаў кнігу „Ахвяры і каты“, дзе ёсьць і імёны тых, хто асуджаў, хто расстрэльваў, хто дабіваў».

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Падчас разьвітаньня выступіў таксама палітык, былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

«Зь дзяцінства ведаў пра лёс свайго дзеда па маці. Але адна справа ўзгадваць, як некалі маці малому казала, азіраючыся, пра тое, куды падзелі дзеда, як забілі ў трыццаць сёмым годзе — гэтыя словы гучаць ледзь не як легенда. І зусім іншае, калі ты прыходзіш да чалавека, ён набірае на кампутары — і ты маеш сухія дадзеныя, лічбы, нумары справаў, якія сьведчаць, што гэтыя легенды былі праўдай. Я размаўляў са спадаром Леанідам: адкуль гэта ўсё ў яго? У наш вельмі прагматычны і цынічны час, калі людзі душы свае закладваюць за грошы — выпадак зь ім звышрэдкі. Чалавек аддаваў на сваю справу ня проста грошы, а вялікія грошы. Быўшы забясьпечаным, ён ахвяраваў іх, каб атрымаць зьвесткі пра дзясяткі тысяч тых, хто, здавалася, бясьсьледна зьнік у гэтай жудаснай машыне зьнішчэньня, якую арганізаваў Сталін. Ведаеце, кожны чалавек выбірае, і мне здалося, што ён выбраў свой час, выбраў свой шлях — сьвяты шлях, сьвятую справу. Цярпеў нястачу, але ўпарта ішоў па гэтым шляху. Дзякуючы яму мы ведаем гэтыя імёны, яны зноў з намі, яны ня пыл лягерны. Яму будуць удзячныя дзясяткі, сотні тысячаў людзей».

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

У менскі сабор сьвятога Пятра і Паўла разьвітацца зь Леанідам Мараковым прыйшлі вядомыя людзі, зь якімі пагутарыла карэспандэнтка Свабоды.

Сярод іх старшыня міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял», дасьледнік гісторыі сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў. Ён сказаў, што за 12–15 гадоў сваёй працы Леанід Маракоў падняў агромністы пласт у тэме палітычных рэпрэсіяў.

«Пласт імёнаў, перадусім імёнаў знакавых асобаў — прадстаўнікоў інтэлігенцыі і духавенства. Вынікам былі ягоныя шматлікія публікацыі і кнігі. Гэта дазволіць нам яшчэ многія гады займацца тэмай палітрэпрэсіяў. І, як заўсёды, сумна, што чалавек сыходзіць, калі знаходзіцца на творчым узьлёце, калі ў яго шмат творчых плянаў. Спадчына, якую ён пакінуў, — гэта глеба для працы гісторыкаў на некалькі дзесяцігодзьдзяў наперад. І важна, каб ягоныя напрацоўкі і архіў не прапалі, каб у гэтай справе не была пастаўленая кропка».

Ігар Кузьняцоў згадаў, што апроч Леаніда Маракова сёлета сышлі Сяргей Ханжанкоў і Вацлаў Нямковіч.

«Нас, хто працуе ў гэтым кірунку, і так мала, і гэты ўдар вельмі сурʼёзны. Кажуць, што незаменных людзей няма, а гэта той выпадак, калі чалавека ніхто і ніколі не заменіць. Нават Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Пры цяперашняй уладзе гэтага не адбудзецца, а што адбудзецца далей — мы ня ведаем, і мы ня мусім дазволіць, каб гэтая праца была змарнаваная. Памяць пра Леаніда Маракова мусіць жыць ня толькі ў нашай памяці, але і ў нашых справах.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч лічыць, што Леанід Маракоў працаваў за цэлы дасьледчы інстытут.

«Леанід Маракоў працаваў да апошніх дзён і пакінуў нас, поўны плянаў і задумаў, якія не ўдалося рэалізаваць. Але і тое, што ён зрабіў, застанецца помнікам яму ад усяе Беларусі. Можна сказаць, што ён працаваў за цэлы дасьледчы інстытут. Ён уклаў больш за 10 тамоў дасьледаваньняў пра ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Спадзяюся, знойдуцца ягоныя пасьлядоўнікі, якія даробяць недаробленае і завершаць сьвятую працу ўшанаваньня памяці бязьвінна закатаваных падчас бальшавіцкіх рэпрэсіяў».

Барыс Пятровіч нясе крыж
Барыс Пятровіч нясе крыж

Леанід Маракоў зрабіў больш, чым некаторыя прафэсары і дактары навук, сказаў культуроляг, навуковец і дасьледнік Адам Мальдзіс.

«Леанід Маракоў быў сапраўдным навукоўцам. Думаю, што зь цягам часу на падставе працаў ягоных і іншых людзей будзе складзеная энцыкляпэдыя рэпрэсаваных. Я стаўлю вельмі высока асобу Леаніда Маракова як патрыёта, як навукоўца, як грамадзяніна і як беларуса. Памяць пра яго, безумоўна, захаваецца на многія гады і дзесяцігодзьдзі».

Літаратуразнавец прафэсар Вячаслаў Рагойша зьвярнуў увагу на два аспэкты творчасьці Леаніда Маракова.

«Ён пачаў з творчасьці празаічнай і выдаў некалькі выдатных кніг апавяданьняў. Да гэтай спадчыны мы яшчэ вернемся. Другі аспэкт ягонай творчасьці ўвасобіўся ў дзесяці тамах матэрыялаў пра рэпрэсаваных у розныя гады, пачынаючы ад царскай Расеі і заканчваючы савецкім часам. Нават дзіўна, як ён здолеў раздабыць матэрыялы, у якіх зафіксавана, і калі быў арыштаваны чалавек, і за што, і паводле якога артыкулу, і нават фонды архіўных справаў. Таму ягоную спадчыну нельга пераацаніць, да яе мы будзем дакранацца яшчэ шмат разоў. Я ведаю, што мой дзядзька ў свой час быў рэпрэсаваны і памёр у Сыбіру. Менавіта з працы Леаніда Маракова я даведаўся, за што і як гэта было».

Сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы айцец Леанід Акаловіч сказаў, што Леанід Маракоў быў адметным пісьменьнікам, архівістам і энцыкляпэдыстам.

«Ягоная спадчына яшчэ недаацэненая, яна будзе ацэненая і выкарыстаная належным чынам. Ён насамрэч першы пісьменьнік, які заняўся тэмай рэпрэсаваных так глыбока і энцыкляпэдычна. Ён быў вельмі прабітны і, здабываючы гэтыя зьвесткі, не шкадаваў сябе. Нібыта, адчуваючы свой кароткі лёс, вельмі сьпяшаўся. Зрабіў шмат для памяці рэпрэсаваных сьвятароў. І таму нашая Эўфрасіньнеўская суполка Аўтакефальнай праваслаўнай царквы ўзнагародзіла яго мэдалём „Айцы-асьветнікі“. Памяць пра яго застанецца на вякі, а напісанае не прападзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG