Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску дэлегацыя Эўрапарлямэнту. Сустракаецца з уладамі і апазыцыяй


У Беларусі з працоўным візытам знаходзіцца дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту. У полі зроку эўрадэпутатаў — сытуацыя ў краіне перад выбарамі.

У чацьвер сябры дэлегацыі сустрэліся з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў Беларусі. У прыватнасьці, у МЗС Беларусі яе прыняла намесьніца міністра Алена Купчына.

«У ходзе сустрэчы абмеркаваныя актуальныя пытаньні і пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу», — паведаміла прэсавая служба МЗС.

На пятніцу заплянаваная сустрэча дэлегацыі Эўрапарлямэнту зь лідэрамі апазыцыі. Пра гэта Свабодзе паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Так, я атрымаў запрашэньне на сустрэчу, якая адбудзецца а 9 гадзіне раніцы. Звычайна ўдзел у такіх сустрэчах прымаюць кіраўнікі шэрагу палітычных партыяў і арганізацыяў, гэта шэсьць-сем чалавек. Думаю, што з боку дэлегацыі Эўрапарлямэнту будуць прадстаўнікі працоўнай групы па Беларусі.

Я думаю, што рана казаць пра міжнароднае назіраньне, калі не зьмяняюцца правілы гульні

Што тычыцца іхніх плянаў, то можна паспрабаваць угадаць і трапіць у дзясятку, сказаўшы, што іхняй цікавасьцю будуць улады і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. Мы ведаем, што Эўрапарлямэнт трымаецца жорсткай і пасьлядоўнай палітыкі адносна Беларусі. Пэўна, дзеля рэкамэндацыяў напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі яны і едуць. І гэта галоўная місія — маніторынг сытуацыі. Каб затым даваць рэкамэндацыі Эўрапарлямэнту адносна стратэгіі па Беларусі: ці пасылаць сюды сваіх назіральнікаў, на што рабіць акцэнт — на вызваленьне палітвязьняў ці на свабодныя і сумленныя выбары, і гэтак далей. Вось пра гэта і будзе весьціся гаворка.

На ўсіх міжнародных сустрэчах у парадку дня як мінімум два пытаньні. Гэта палітычныя вязьні і іх вызваленьне, а таксама — свабодныя справядлівыя выбары як інструмэнт вырашэньня беларускай праблемы. Днямі была місія АБСЭ і ішла размова пра назіраньне. Я не такі аптыміст і думаю, што рана казаць пра міжнароднае назіраньне, калі не зьмяняюцца правілы гульні, калі правапрымяняльная практыка толькі пагаршаецца. Тым больш калі гэтае назіраньне кароткатэрміновае. Таму будзем падымаць і гэтае пытаньне — на якіх умовах можа быць назіраньне за выбарамі ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG