На першы погляд, зьбіты Турэччынай расейскі самалёт можна было б разглядаць як сараеўскі стрэл, зь якога пачалася Першая ўсясьветная вайна. Бо ва ўмовах ваенна-палітычнага напружаньня ў адносінах паміж Захадам і РФ, здаецца, дастаткова малой запалкі, каб распаліць вялікі пажар.
Але, падаецца, усе бакі канфлікту паспрабуюць спусьціць яго на тармазах. Справа ня толькі ў тым, што вялікай вайны зь ядзернай дзяржавай ніхто ня хоча. Тут важны і такі нюанс. Хоць Турэччына і ўдзельніца НАТО, аднак яна займае, скажам мякка, асобную пазыцыю адносна Ісламскай дзяржавы (ІД), адрозную ад пазыцыі ЗША, краін ЭЗ. І ў такой сытуацыі падтрымліваць безаглядна Анкару заходнія краіны не імкнуцца.
Асобная гаворка пра дзеяньні Расеі ў гэтым рэгіёне. Яна паводзіць сябе там як слон у краме з посудам. Масква сваім уступленьнем у сырыйскую вайну шмат каго зачапіла. Акрамя новага канфліктнага поля з Захадам, Расея сапсавала адносіны з арабскімі краінамі, найперш з Саудаўскай Арабіяй, якая незадаволеная, што РФ падтрымлівае рэжым Асада.
Ці вось запуск новых ракет па ІД з Касьпійскага мора. Дзе Касьпій, а дзе Сырыя. Ракеты ж павінны ляцець праз тэрыторыі іншых дзяржаў. І як тым дзяржавам да гэтага ставіцца?
Нейкі падобны інцыдэнт у расейска-турэцкіх адносінах павінен быў здарыцца. Зьбіты самалёт — балючая пстрычка ў нос Маскве. Бо ўмяшаньне РФ у сырыйскі канфлікт — гэта пэўны выклік, непрыхаваная дэманстрацыя прэтэнзіяў Расеі на статус вялікай дзяржавы. І тут нейкая Турэччына зьбівае расейскі самалёт. Калі б гэта зрабілі ЗША, то іншая справа. Гэта нават было б у нечым ганарова. А тут нейкая Турэччына, якую расейцы разглядаюць толькі як месца адпачынку. Расейскаму мэнталітэту з гэтым цяжка зьмірыцца.
Але, зразумела, пачынаць вайну Расея ня будзе. Масква адказала па-іншаму. Вось разбамбілі турэцкі гуманітарны канвой. Плюс Масква ўвяла эканамічныя санкцыі.
Вядома, што любыя эканамічныя санкцыі — гэта двугострая зброя. Таму што б’е па ўласных інтарэсах. Асабліва варта зьвярнуць увагу на фактычную забарону турфірмам везьці турыстаў у Турэччыну. Гэтым рашэньнем Крэмль пакладзе на лапаткі расейскую турыстычную галіну. Бо адначасова забароненыя палёты і ў Эгіпет. І ў Парыж цяпер часова ніхто не ляціць з турысцкімі мэтамі.
Але Масква дзейнічае паводле прынцыпу: бі сваіх, каб чужыя баяліся. Так было з эмбарга на пастаўкі харчовых прадуктаў з ЭЗ. Так і цяпер.
Гэты расейска-турэцкі канфлікт зачапіў і Беларусь. Адменены візыт Лукашэнкі ў Маскву. Мяркуючы па ўсім, менавіта з-за гэтага інцыдэнту з самалётам. Бо Пуціну цяпер не да Беларусі.
Для Лукашэнкі, магчыма, гэта і добра. Пуцін цяпер у нэрвовым стане, і можна трапіць пад гарачую руку.
Дажыліся беларусы, што нейкі кіраўнік аднаго з вайсковых падразьдзяленьняў Расеі пачынае панукаць кіраўніцтва суседняй краіны.
Днямі ў расейскіх мэдыях зьявілася дзіўная інфармацыя. Начальнік апэратыўнага ўпраўленьня глаўкамату (апарату галоўнага камандаваньня) Паветрана-касьмічных сіл Расеі Аляксандар Ляпкін паведаміў, што хутка на аэрадроме «Бабруйск» зьявіцца расейская вайсковая эскадрыльля і верталётнае зьвяно, а таксама заклікаў беларускіх калегаў «паскорыць правядзеньне ўсіх неабходных працэдур па падрыхтоўцы названага пагадненьня да падпісаньня». Нібы і не было заяваў Лукашэнкі, што расейская авіябаза ў Беларусі непатрэбная. Дажыліся беларусы, што нейкі кіраўнік аднаго з вайсковых падразьдзяленьняў Расеі пачынае панукаць кіраўніцтва суседняй краіны.
Дарэчы, калі гэтыя пляны наконт расейскай авіябазы ў Беларусі зьдзейсьняцца, то інцыдэнт накшталт таго, што здарыўся на сырыйска-турэцкай мяжы, можа элемэнтарна адбыцца тут, у Беларусі. Ва ўмовах напружаньня, калі кожны бок імкнецца прадэманстраваць сілу на вузкай тэрыторыі, такое можа здарыцца нават выпадкова. Беларусам гэта трэба?