Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Словы «трэцяя сусьветная вайна» становяцца адным з магчымых сцэнараў падзеяў


Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў

У чарговай перадачы сэрыі «Інтэрвію тыдня» расейскі экспэрт па Цэнтральнай Азіі і Блізкім Усходзе Аркадзь Дубноў разважае, наколькі блізка сьвет падышоў да глябальнай вайны, чаму Расея нажывае ўсё больш ворагаў на Блізкім Усходзе і ці зьменяць падзеі ў Сырыі стаўленьне Крамля да авіябазы ў Беларусі. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— Упершыню ў гісторыі дзяржава НАТО — Турэччына — зьбівае ў небе расейскі вайсковы самалёт. Ці ўдасца ўсім бакам канфлікту лякалізаваць гэты інцыдэнт, ці ён можа разгарнуцца ў больш шырокі канфлікт?

«Пра супольную кааліцыю Расеі і Захаду можна забыць»

— На сёньня зразумела, што ані НАТО, ані Расея не імкнуцца абвастрыць гэтую сытуацыю. Відавочна, што гэта не ў інтарэсах абодвух бакоў. Яны разумеюць, што пры нястрыманасьці аднаго з бакоў гэта можа прывесьці да непрагназаваных наступстваў. Словы «трэцяя сусьветная вайна» перастаюць быць пудзілам, а становяцца адным з магчымых сцэнараў падзеяў.

Таму я зьвярнуў увагу, што ацэнкі расейскіх афіцыйных асобаў накіраваныя на тое, каб адвесьці сытуацыю ад нэрвовай рыторыкі. Словы Пуціна і Пяскова — таму сьведчаньне.

— Многія кажуць, што тут сышліся два падобныя палітычныя характары — «альфа-самцы» — прэзыдэнты Турэччыны і Расеі. Ці гатовая Анкара таксама націснуць на тармазы, ці будзе эскаляваць сытуацыю?

— Я згодны з вамі наконт «альфа-самцоў». Эрдаган — гэта адлюстраваньне расейскага лідэра. Некаторыя ўжо жартуюць, што фразу Пуціна, што «мая піцерская падваротня навучыла мяне біць першым», можна ўставіць у вусны Эрдагана, замяніўшы іх на «мая стамбульская падваротня».

Гэтай кааліцыі вельмі хацелі ў Маскве, але пытаньне ў тым, ці яе сапраўды хацеў Захад

Таму тут сышліся два своеасаблівыя авантурныя лідэры, якія навучыліся выкарыстоўваць няўдалую сытуацыю сабе на карысьць. То бок — чым горш, тым лепш. У гэтым сэнсе яны вельмі таленавітыя піяршчыкі сваёй палітыкі.

— Цяпер існуюць дэ-факта дзьве кааліцыі, якія ваююць у Сірыі. Адна — Расея з Іранам і з Асадам, другая — ЗША, эўрапейскія краіны, Саудаўская Арабія, Турэччына. Ці можа ўтварыцца нейкая агульная, супольная кааліцыя, ці рэалістычна гэта?

— Пасьля інцыдэнту з самалётам стала відавочна, што нейкай адзінай кааліцыі, у якую б увайшлі і краіны НАТО, да якога належыць Турэччына, і Расея, — быць ня можа. Гэта стала зразумела адразу пасьля інфармацыі пра зьбіты самалёт. Мая рэакцыя была менавіта такая — пра кааліцыю можна забыць.

— То бок зьбіты самалёт спыніў усе гэтыя размовы пра агульную кааліцыю, якія былі пасьля тэрактаў у Парыжы?

— Гэта і было толькі размовамі. Гэтай кааліцыі вельмі хацелі ў Маскве, але пытаньне ў тым, ці яе сапраўды хацеў Захад.

«Расея нажывае сябе ўсё больш ворагаў у гэтым рэгіёне»

— Ці адбудуцца нейкія зьмены ў курдзкім пытаньні ў выніку апошніх падзеяў?

— Курдзкае пытаньне — летальнае для Турэччыны. Кожны, хто акажа падтрымку курдзкаму руху, для Турэччыны стане сьмяротным ворагам. Зь іншага боку, калі Расея (нават выпадкова) нанясе ўдар па тэрыторыях, якія кантралююцца курдамі, ці па іхніх рэсурсах, то Расея акажацца ў ліку найзьлейшых ворагаў і курдаў. І ўвогуле складаецца ўражаньне, што Расея нажывае сабе ўсё больш ворагаў у гэтым рэгіёне. Іх становіцца ўсё больш, і яны становяцца ўсё больш злымі.

— А чым бы вы гэта патлумачылі? Няўжо Расея настолькі няздольная прадбачыць вынікі сваіх дзеяньняў?

— Я зь цяжкасьцю магу знайсьці рацыянальнае тлумачэньне нездароваму разьвіцьцю падзеяў. Як казаў Кузьма Пруткоў — «Глядзі ў корань». Глядзі на мэнтальнасьць расейскага прэзыдэнта і на ўзровень ягоных амбіцыяў, якія прасьціраюцца сёньня далей за тэрыторыю зямной кулі, як выглядае.

— Як апошнія падзеі ў Сырыі могуць паўплываць на праблему разьмяшчэньня ў Беларусі расейскай авіябазы?

Калі гаварыць сур’ёзна, то я ня думаю, што кагосьці непакояць пэрспэктывы разьмяшчэньня вайсковай базы ў Беларусі

— Калі гаварыць сур’ёзна, то я ня думаю, што кагосьці непакояць пэрспэктывы разьмяшчэньня вайсковай базы ў Беларусі. Гэта ніякім чынам ня зьменіць расстаноўку сілаў, ваенную моц Расеі. Усё, чаго хоча Расея ад Беларусі — яна мае, і заўсёды здолее гэта атрымаць, незалежна ад таго, ці будзе ў Беларусі база. Усе апошнія дзеяньні Лукашэнкі — выключна каньюнктурныя. Гэта выключна ягонае імкненьне паказаць Эўропе, што ён спрабуе адстараніцца ад дзеяньняў Масквы. Ня больш за тое.

— Але ж вы самі прызнаяце, што дзеяньні Масквы не заўсёды рацыянальныя. І Крэмль можа настойваць на базе не з ваенных, а з ідэйных, палітычных меркаваньняў.

— Ну добра, будзе Масква настойваць Ну, атрымае яна гэтую базу. Але гэта толькі падарве пазыцыі Расеі ў Беларусі ў пэрспэктыве. Бо беларусы ня будуць задаволеныя гэтым, а значыць, прэстыж Пуціна ў Беларусі будзе мець тэндэнцыю на падзеньне. Вось жа, гэта стане яшчэ адной праявай ірацыянальных дзеяньняў Масквы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG