Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Пуцін пагутарылі пра Сырыю


Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота
Дональд Трамп, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 21 лістапада правёў гадзінныя тэлефонныя перамовы з Уладзімірам Пуціным.

Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін, як сьцьвярджае Белы дом, прызналі важнасьць супольнай барацьбы з тэрарызмамам на Блізкім Усходзе і ў Цэнтральнай Азіі, пагадзіліся шукаць шляхі далейшай каапэрацыі супраць тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы», «Талібану», «Аль-Каіды» і іншых груповак.

Абодва пацьвердзілі прыхільнасьць супольнай заяве Расеі і ЗША па выніках Азіяцка-Ціхаакіянскага саміту і рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН, падтрымалі Жэнэўскі працэс, накіраваны на вырашэньне сырыйскага гуманітарнага крызісу і мірнае спыненьне грамадзянскай вайны, што цягнецца ўжо амаль сем гадоў і забрала каля 400 тысяч жыцьцяў.

Трамп і Пуцін таксама абмеркавалі шляхі ўсталяваньня міру ва Ўкраіне і неабходнасьць працягу міжнароднага ціску на Паўночную Карэю дзеля спыненьня ядзернай і ракетнай праграмаў. Пуцін, паводле прэс-рэлізу Крамля, заявіў пра адсутнасьць альтэрнатывы менскім пагадненьням ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу (Генэральны сакратар АБСЭ жа нядаўна казаў, што менскія пагадненьні наконт Украіны «ў стане тупіка»).

Паводле Крамля, у часе перамоваў «праводзілася думка» аб неабходнасьці захаваньня сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Сырыі. Не ўдакладняецца, кім такая думка выказвалася, але сьцьвярджаецца, што менавіта на гэта нацэленая расейская ініцыятыва пра Кангрэс нацыянальнага дыялёгу ў Сочы.

Напярэдадні тэлефоннай размовы Пуцін прыняў у Сочы кіраўніка Сырыйскай Арабскай Рэспублікі Башара Асада — той дзякаваў за «захаваньне тэрытарыяльнай цэласнасьці», хоць фактычна толькі часткі краіны кантралююцца войскамі Асада, некаторыя пад кантролем антыасадаўскай апазыцыі, курдаў, турэцкіх войскаў і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША тым ня менш падкрэсьлілі, што стасункі з Расеяй працягваюць «заставацца складанымі», краінам яшчэ трэба вырашыць мноства праблемаў у Сырыі, галоўнай зь якіх ёсьць працяг забойстваў нявінных грамадзянаў і масавыя парушэньні правоў чалавека. У Дзярждэпе ўпэўненыя, што ўрэгуляваньне ў рэгіёне магчымае толькі ў выніку перамоваў усіх бакоў канфлікту:

«Мы ўсе бачылі фатаздымак, дзе [Пуцін] абдымае Башара Асада, — нагадала падчас брыфінгу прадстаўніца дыпляматычнага ведамства Гэзэр Наўэрт. — Вы ведаеце, як мы ставімся да ўжываньня хімічнай зброі супраць нявінных цывільных асобаў у Сырыі. Я лічу, што гэтыя абдымкі ёсьць доказам таго, што Пуцін нясе пэўную адказнасьць за дапамогу Сырыі. Мы па-ранейшаму падтрымліваем Жэнэўскі працэс і Жэнэўскія перамовы. Мы не адмаўляемся ад гэтага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG