Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом не зьдзівіўся ракетам Пуціна: «Пацьвярджаюць агрэсіўны характар ​​ягонай палітыкі»


Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

У Белым доме, у Кангрэсе і ў Дзярждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі заявы Пуціна пра новыя віды зброі, пасьля якіх да Расеі нібыта маюць прыслухацца тыя, хто раней ня слухаў.

Белы дом і Трамп ня зьдзіўленыя

Сара Сандэрс, архіўнае фота
Сара Сандэрс, архіўнае фота

Прэс-сакратарка амэрыканскага Белага дому Сара Сандэрс заявіла на брыфінгу 1 сакавіка, што заявы Ўладзіміра Пуціна аб дасягненьнях у распрацоўцы новай стратэгічнай ракетнай зброі і мадэрнізацыі ўзброеных сілаў «ня сталі нечаканасьцю» для адміністрацыі Злучаных Штатаў.

Заявы Ўладзіміра Пуціна, казала Сара Сандэрс, лішні раз пацьвярджаюць, што цягам апошніх гадоў Крэмль праводзіць агрэсіўную мілітарысцкую палітыку, што пагражае стабільнасьці і бясьпецы ў сьвеце, адказам на якую мае стаць умацаваньне абароннай моцы ЗША.

Пуцін: Пасланьне вайны

«Прэзыдэнт Пуцін пацьвердзіў тое, што ўрад Злучаных Штатаў увесь гэты час ведаў, але Расея адмаўляла: Расея ўжо больш за дзесяць гадоў распрацоўвае дэстабілізуючыя сыстэмы ўзбраеньняў, наўпрост парушаючы свае дамоўныя абавязаньні», — казала Сандэрс.

Паводле Сандэрс, прэзыдэнт Дональд Трамп асэнсоўвае, зь якімі пагрозамі ў гэтым стагодзьдзі сутыкаюцца ЗША і іхныя саюзьнікі, і ён строга адданы мэтам гарантаваньня бясьпекі краіны і захаваньня міру з пазыцыі сілы. Таксама Сандэрс нагадала, што бюджэт ЗША на абарону складае каля 700 млрд даляраў, гэта дазволіць узброеным сілам Злучаных Штатаў «стаць моцнымі як ніколі».

Дзярждэп: прамова была перадвыбарчая

Гэзэр Наўэрт, архіўнае фота
Гэзэр Наўэрт, архіўнае фота

Афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт пацьвердзіла на брыфінгу, што заявы Пуціна ня сталі нечаканасьцю для адміністрацыі ЗША, а выступ насіў «выразны перадвыбарчы характар».

Наўэрт не дала адназначнага адказу на пытаньне журналістаў пра тое, ці мае намер дзяржсакратар Рэкс Тылерсан неяк абмеркаваць са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым гэтую прамову Пуціна і як паўплывае гэтая размова на характар дыпляматычнага ўзаемадзеяньня Вашынгтону з Масквой па розных праблемах міжнароднай бясьпекі.

Капіталійскі ўзгорак: верагодна, заявы — хлусьня

Капітолій у Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота
Капітолій у Вашынгтоне, ілюстрацыйнае фота

У Кангрэсе ЗША выступілі з рэзкай крытыкай прамовы Пуціна.

Так, сэнатар-рэспубліканец Том Тыліс заявіў, што ставіцца да Пуціна «як да любога забойцы ці злачынцы»: маўляў, калі забойцы нешта кажуць, яны, верагодна, хлусяць, але трэба ўспрымаць гэта сур’ёзна.

А дэмакрат Бэн Кардын, які ўваходзіць у сэнацкм Камітэт міжнародных дачыненьняў, заявіў, што калі краіны хваляцца сваімі ўзброенымі сіламі, на тое ёсьць прычыны: яны ведаюць, што іх патэнцыял значна меншы, чым яны сьцьвярджаюць. І справа ня ў тым, наколькі вялікая іхная ваенная моц, казаў Кардын, а ў тым, як яны яе выкарыстоўваюць.

Пэнтагон на заяву Пуціна пра ядзерную зброю: «Мы цалкам гатовыя»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG