Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраецца Пуцін ваяваць?


Нашто прэзыдэнт Расеі бразгаў зброяй у сёлетнім штогадовым пасланьні як рэдка калі раней? У нас і такая найноўшая зброя ёсьць, і гэткая (вось карцінку паглядзіце), і ўсе абарончыя сыстэмы прарвём (і ўсіх парвём), і героі ў нас — гераічнейшыя, чым ва ўсім сьвеце, і нават «далёкасьць новай зброі неабмежаваная» (гэта як — і да Альфы Цэнтаўра даб’е?).

Пуцін: Пасланьне вайны

Ці азначае ўсё гэта, што Расея рэальна рыхтуецца да вялікай сучаснай вайны на самым высокім тэхналягічным узроўні? Як мне падаецца, дык не. Не вынікае.

Пасланьне агучвалася за 17 дзён да выбараў. Выбары ў Расеі вядома якія, на іх мала што вырашаецца. Тым ня менш зусім ужо махнуць рукой на народныя настроі аўтарытарная ўлада ня можа. Выбары імітуюцца, а змаганьне за народную любоў не імітуецца, безь яе і аўтарытарыям кіраваць неяк няёмка.

Вось Кім Чэн Ына таксама ніхто не абірае, там і расейскі ўзровень дэмакратыі — недасягальная вяршыня, але ж Кім пагражае, надзьмувае шчокі, дэманструе непахіснасьць не адно для Захаду, але і для народа, для эліты. Акела прамахнуўся, цар ненастаяшчы — ад гэтага народнага шэпту і не такія царствы абрыналіся.

Ну дык і Пуцін у падобным стане. Да таго ж стыль зараз у сьвеце такі. Вось Кім пагражаў абстраляць ракетамі акваторыю Гуаму. А не абстраляў жа. А Трамп казаў, што «Пхеньяну лепш больш не пагражаць Злучаным Штатам, інакш яны атрымаюць у адказ агонь і лютасьць, якіх сьвет яшчэ ня бачыў».

На выставе ўзбраеньняў у Маскве
На выставе ўзбраеньняў у Маскве

Пагражаць Пхеньян і пасьля гэтых словаў працягваў, ад дзеяньняў, ад нападу ўстрымліваўся і да, і пасьля, «агню і лютасьці», здаецца, не назіраецца. Такі стыль — так зараз размаўляюць. Ну дык і Пуцін пра свае «агонь і лютасьць» сёньня распавёў. Ён жа, дарэчы, не сказаў, што заўтра ж абрынем мора агню на ворага. Наадварот, падкрэсьліў, што не зьбіраецца.

Ці сапраўды Расея стварыла цуд-зброю?

Што тычыцца фактычнага боку, пытаньня, ці сапраўды Расея стварыла зброю-цуд, то варта паглядзець на гэта абʼектыўна, нават ня будучы ваенным экспэртам. Расея — дагэтуль вялікая ваенная дзяржава. Яна такой была і за савецкім часам, і ў «ліхія 90-я», такой жа зьяўляецца і зараз. Талковыя ваенныя канструктары там заўсёды былі, і раней бывала, што Расея/СССР рабіла нейкую эксклюзіўную, унікальную зброю.

Кадры з прэзэнтацыі Пуціна
Кадры з прэзэнтацыі Пуціна

Зь іншага боку, ёсьць такая банальная рэч, як рознасьць эканамічных патэнцыялаў і ваенных выдаткаў. Нават адны ЗША, а тым больш супольны Захад, пераўзыходзяць Расею па гэтых парамэтрах у столькі разоў, што перабіць гэтую перавагу талентам сваіх ваенных канструктараў Расея ня ў стане. Так, у гісторыі бывала, калі ваенную перавагу атрымлівала дзяржава, якая саступала сваім апанэнтам у эканамічным разьвіцьці. Які такі ВУП быў у качавой арды Чынгісхана ў параўнаньні хоць зь Кітаем, хоць з Кіеўскай Русьсю? А перамог хто? Але ў Чынгісхан была больш высокая ваенная тэхналёгія.

Ёсьць такая банальная рэч, як рознасьць эканамічных патэнцыялаў і ваенных выдаткаў.

У сучасным сьвеце такія суадносіны эканамічнага і ваеннага патэнцыялаў наўрад ці магчымыя. Дарэчы, сам Пуцін у сваёй прамове прадэманстраваў разуменьне гэтага, сказаўшы, што «зброя, нават самая сучасная, раней ці пазьней зьявіцца ў іншых войсках сьвету». Апошнія расейскія ваенныя вынаходніцтвы, нават калі яны ўяўляюць сабой тэхналягічны прарыў, яны ў адной, так бы мовіць, тэхналягічнай «лізе», «нішы» зь іншымі. Гэта ў любым выпадку ня стрэльба супраць луку. Гэта ў самым лепшым (ці ў самым горшым — тут каму як) выпадку — плюс мінус тое, што маюць і іншыя. І яшчэ адна заўвага Пуціна: «Нашыя хлопцы што-небудзь прыдумаюць». І расейскія могуць прыдумаць, і хлопцы на іншым баку таксама сёе-тое ўмеюць прыдумляць.

Так што нават калі пуцінскія расповеды пра цуд-зброю — не зусім «пацёмкінская вёска», то гэта ня тое, што мяняе ваенна-стратэгічны балянс у сьвеце. У адказ на ядзерную атаку Расея і раней магла сьцерці з твару Зямлі нападніка (і самой зьнікнуць ад удару ў адказ), дык і цяпер можа.

«Другіх армій у сьвеце не бывае»

Цалкам магчыма, што тое бразганьне зброяй было ладнай часткі як раз менавіта «пацёмкінскай вёскі». Як у Анатоля Франса ў «Востраве пінгвінаў»: «У пінгвінаў была першая армія ў сьвеце. У дэльфінаў — таксама. Другіх армій у сьвеце не бывае».

Ну дык Пуцін і сказаў, што расейская армія — першая ў сьвеце. Што ня так? Другіх армій у сьвеце не бывае. Перад выбарамі — асабліва.

Дарэчы, пару момантаў у гэтай частцы прамовы прэзыдэнта Расеі былі напэўна сьвядомымі намёкамі замежжу, што бразганьне зброяй — для ўнутранага спажываньня. «Такіх людзей, як маёр Філіпаў, у іх ніколі ня будзе» — ну гэта ж відавочна для сваіх. Ці тая ж «далёкасьць новай зброі неабмежаваная». «Уяўляеце, 35 тысяч адных курʼераў», як у незабыўнага Хлестакова. Але для сваіх — у самы раз.

У тым жа рэчышчы — заява пра тое, што правалілася палітыка Захаду па стрымліваньні Расеі, маўляў, хацелі ня даць нам стварыць такую цудоўную зброю, а вось жа глядзіце. Насамрэч, палітыка стрымліваньня СССР ад яе пачатку ў другой палове 40-х гадоў прадугледжвала стрымліваньне тэрытарыяльнай экспансіі Савецкага Саюзу, а не ўдасканаленьня яго ваенных тэхналёгіяў.

Са стрымліваньнем Расеі і праўда атрымалася па-рознаму, аднак менавіта па- рознаму. Крым Расея забрала і не вярнула, частку Данбасу па-ранейшаму кантралюе, на Блізкі Ўсход вярнулася. Але далей ва Ўкраіне не пайшла, Асаду дала магчымасьць утрымацца, але ўсю Сырыю яму вярнуць ня здолела. Так што ў нечым стрымаць атрымалася, у нечым — не.

Гонка ўзбраеньняў як хакей

Магчыма, у гэтым і прычына таго, што Пуцін у сваім пасланьні казаў пра сучасныя ваенныя тэхналёгіі, а не, скажам, пра перамогі ва Ўкраіне ці ў Сырыі і не даваў абяцаньняў атрымаць наступныя. Бо тут зь дзяржаўніцкага пункту гледжаньня перамогі такія — палавіністыя. Той жа маёр Філіпаў загінуў у Сырыі ўжо пасьля афіцыйнага абвяшчэньня пра завяршэньне апэрацыі расейскіх войскаў там.

Грамадзкая думка і ў аўтарытарных дзяржавах сёе-тое значыць.

Ну а гонка звыштэхналягічных узбраеньняў — гэта ўсё ж спаборніцтва, асабліва для шырокай публікі, збольшага віртуальнае. Кшталту як перамога ў хакеі — цешыць нацыянальны гонар, але ніякай ракой крыві не пагражае. Ці як калісьці палёты ў космас. Мы першыя, мы ім паказалі. Ну і паказалі, ганарыцеся. Прынамсі, да 18 сакавіка.

Дарэчы, варта зьвярнуць увагу на тое, пра што расейская ўлада не сказала раней, і пра што не сказаў Пуцін сёньня. Гэта гібель расейцаў у баі з амэрыканцамі ў Сырыі. Ну так, наймітаў з ПВК Вагнэра, не салдатаў. Але ж расейскіх людзей. У баі з амэрыканцамі.

Хацеў бы Пуцін вайны, дык рэагаваў бы на гэта гэтак жа, як на зьбіты туркамі самалёт: «Рускіх людзей янкі забіваюць», «не даруем», «адпомсьцім» і г.д. Вось гэта б і сапраўды рванула ўверх і яўку на выбарах, і галасы за Пуціна. Прычым на завоблачны ўзровень. Але гэта і насамрэч быў бы шлях да вайны. І ня толькі таму, што яе хацеў бы Пуцін. Грамадзкая думка і ў аўтарытарных дзяржавах сёе-тое значыць. У 1914 годзе ўладары, аўтарытарныя ў тым ліку, вайны ня надта хацелі. Але атрымалі. І яны, і іх народы.

Ну дык і Пуцін насамрэч ня хоча. Таму замест «не даруем і адпомсьцім» распавядае пра «Кінжал», «Сармат» і іншыя цудоўныя жалязякі.

Чым бразгае Лукашэнка?

Што гэта ўсё азначае для Беларусі? Апошнім часам Расея ўсё больш арыентуецца ў ваеннай сфэры на замкнёныя тэхналягічныя цыклі — рабіць усё самой. Раней падобныя расповеды пра новыя віды зброі азначалі б рост колькасьці грошай, якія атрымае расейскі ВПК, а аўтаматычна — і беларускі. Зараз гэты аўтаматызм невідавочны.

Аляксандар Лукашэнка на вайсковых вучэньнях "Захад-2017" пад Барысавам. Барысаў, Беларусь. 20 верасня, 2017
Аляксандар Лукашэнка на вайсковых вучэньнях "Захад-2017" пад Барысавам. Барысаў, Беларусь. 20 верасня, 2017

Але нешта можа і адламіцца. Надта шчыльная сувязь эканомік, вялікія замовы ў Расеі часткова перацякуць беларускім партнэрам, хай сабе і ня чыста вайсковым. Калі грошы ў Расеі пойдуць менавіта на ваенны high tech, то дапаможныя замовы змогуць атрымаць і беларускія прадпрыемствы. «Сармата» будуць рабіць, безумоўна, у Расеі. Але цягачы для яго могуць замовіць і беларусам. Хацелі збудаваць у сябе аналяг Менскага заводу колавых цягачоў, але расейскі бюджэт не гумовы. Калі хапае на «Сармат», то ня факт, што хопіць і на заменьнік МЗКТ. А МЗКТ — вось ён, стаіць, працуе, вытворчасьць наладжаная.

Калі грошы ў Расеі пойдуць менавіта на ваенны high tech, то дапаможныя замовы змогуць атрымаць і беларускія прадпрыемствы.

Пэрспэктыва, што ўсю гэтую баявую прыгажосьць Расеі захочацца разьмясьціць у Беларусі, ёсьць. Але збольшага зброя, пра якую распавядаў Пуцін, гэта стратэгічная зброя, яе няма патрэбы падцягваць як мага бліжэй да гіпатэтычнага тэатру ваенных дзеяньняў.

Але хіба ня самы галоўны ўплыў на Беларусь — ідэалягічны, палітычны. Аляксандар Лукашэнка ў сваіх апошніх прамовах нездарма нібыта вярнуўся ў далёкую эпоху, калі казаў пра «монстра-НАТА, які падпаўзае да межаў сінявокай» і пра беларусаў, якія будуць класьціся пад танкі «монстра».

Відаць, адчувае настроі ў Маскве і папераджальна падхоплівае мэлёдыю, якая там уваходзіць у моду. Там бразгаюць зброяй, ну дык і ў Менску — у адказ, і нават на апераджэньне. Таксама бразгаюць. Чым могуць. Словамі пераважна пакуль.

Бо няўтульна неяк, калі побач ракетамі махаюць. Дзеля піяру ці не, дзеля «пантоў» ці не — хто ведае. Небясьпечны самы працэс маханьня. І ад таго, што гэта ўваходзіць у моду ў сьвеце, спакайней ня робіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG