Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе адказ Расеі на новыя танкі ЗША ля межаў Беларусі?


Вучэньні вайскоўцаў NATO у Літве, ілюстрацыйнае фота
Вучэньні вайскоўцаў NATO у Літве, ілюстрацыйнае фота

У нямецкім порце Брэменхафен пачалася разгрузка судна Resolve, якое прывезла ў Нямеччыну вайсковую тэхніку бранятанкавай брыгады ЗША: 87 танкаў, 144 БТР ды самаходныя гарматы.

Пра гэта перадае Reuters. Паводле крыніцы, далей праз чыгунку тэхніку перавязуць у краіны Ўсходняй Эўропы. Якія дакладна, Пэнтагон пакуль не называе, але ў СМІ мяркуюць, што гэта будзе Літва, Польшча, Румынія і Баўгарыя. Паведамляецца, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні ў Эўропу праз Польшчу патрапяць 4 тысячы вайскоўцаў гэтай амэрыканскай брыгады.

Гэта будзе трэцяя па ліку брыгада войска ЗША, якую дадаткова разгарнулі ў Эўропе зь мінулага году. Яшчэ чакаецца прыбыцьцё двух вайсковых частках зь верталётамі Chinook, Black Hawk і Apachе. Рашэньне нарасьціць сілы ў рэгіёне NATO праняла ў лютым 2016 году, матывуючы яго неабходнасьцю адказаць на пагрозу з боку Расеі.
7 студзеня польскія крыніцы паведамілі, што ва Ўроцлаве на захадзе краіны разьмясьціліся і пачалі службу 250 амэрыканскіх жаўнераў. Паводле польскіх крыніц, гэта першая ратацыя бранятанкавай брыгаднай тактычнай групы (Armored Brigade Combat Team) з ЗША ў Цэнтральную Эўропу.


Як адкажа Расея?

Вышэйшае кіраўніцтва Расеі пакуль публічна не адрэагавала на зьвесткі пра прыбыцьцё дадатковай вайсковай тэхнікі ЗША ў Эўропу. Затое расейскія мэдыі актыўна цытуюць камэнтар аднаго з крамлёўскіх «ястрабаў» Франца Клінцэвіча, дарэчы, этнічнага беларуса.

«NATO і ЗША сьвядома напрошваюцца на жорсткі адказ з нашага боку, і ён абавязкова пасьледуе. Прычым па ўсім пэрымэтры нашых межаў з Польшчай і краінамі Прыбалтыкі, дзе будзе разьмешчаная тэхніка, якая прыбыла з-за акіяну», — пракамэнтаваў навіну пра прыбыцьцё дадатковай амэрыканскай ваеннай тэхнікі ў Эўропу першы намесьнік старшыні камітэту па абароне і бясьпецы Савета Фэдэрацыі Дзярждумы Расеі Франц Клінцэвіч.

Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

«Рэакцыя Расеі будзе расьцягнутай у часе, а Беларусь абмяжуецца рыторыкай», — гэтак мяркуе незалежны вайсковы экспэрт Аляксандр Алесін пра магчымыя адказы на дзеяньні ЗША ў Эўропе з боку Расеі і Беларусі.

«Найперш зазначу, што пра пляны такога разьмяшчэньня дадатковай брыгады войск ЗША было абвешчана раней, гэта не было нечаканым. ЗША і NATO вырашылі, што дысьлякацыя гэтай брыгады ўздоўж мяжы з Польшчай і краінамі Прыбалтыкі мусіць стаць сваеасаблівай „чырвонай лініяй“ для Расеі. Прычым гэта было зроблена ў адказ на просьбы гэтых краінаў, якія баяліся, што іх ня стануць бараніць у выпадку агрэсіі Расеі, а гэтак, калі ўжо амэрыканскія вайскоўцы падпадуць пад агрэсію, дык ЗША будуць вымушаныя ўмяшацца.

Яшчэ варта адзначыць такі момант, што адна брыгада, усяго 4 тысячы вайскоўцаў, гэта ня тая сіла, што можа спыніць агрэсію з усходу, калі такая сапраўды пачнецца, гэта хутчэй дэманстрацыя намеру абараняцца. Але тое, што прэзыдэнт Абама гэта зрабіў менавіта цяпер, за меней як два тыдні да інаўгурацыі Трампа, канешне, невыпадкова. Гэта больш правакацыйны крок, каб ускладніць для Трампа наладжваньне адносінаў з Расеяй.

У выніку — чым адкажа Расея? Канешне, яна можа яшчэ больш узмацніць свае сілы ў Калініградзкай вобласьці, дадаць туды караблёў, „Іскандэраў“, хаця расейцы ўжо і без таго ўзмацнілі паўночна-заходнюю групоўку. Але Пуцін ужо выявіў сябе лідэрам, які здольны на нетрадыцыйныя крокі, як было з адмовай ад высылкі амэрыканскіх дыпляматаў з Расеі ў адказ на высылку расейскіх з ЗША. Гэтак можа быць і цяпер.

Не выключаю, што акрамя рыторыкі пэўных загадаў да інаўгурацыі Трампа не пасьледуе. Увогуле эканамічнае становішча Расеі цяпер такое, што ёй проста не па кішэні больш агрэсіўная палітыка, чым тая, якую яна праводзіць цяпер. Пасьля перамогі ў Сырыі Пуцін будзе чакаць.

Што да Беларусі, дык у нас на захадзе і поўначы краіны таксама максымальна вайсковых сілаў, яшчэ ўзмацняцца на тым кірунку — значыць агаляць іншыя. Мяркую, таксама пасьледуюць пэўныя дыпляматычныя крокі, прагучаць заявы, прычым ня вельмі гучныя, і на гэтым адказ закончыцца.

Беларусь разьлічвае на крэдыты Захаду, на інвэстыцыі, таму пагаршаць адносіны з Эўропай і ЗША не ў яе інтарэсах. Да таго ж у Беларусі на гэты год заплянаваныя буйныя сумесныя манэўры „Захад-2017“, вось яны і будуць падавацца дзяржаўнай прапагандай як рэальны адказ на павышэньне вайсковай актыўнасьці з другога боку нашых заходніх межаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG