У чацьвер у Нямеччыне прызямліўся першы самалёт з 240 амэрыканскімі вайскоўцамі на борце. Гэта жаўнеры з 3-й Танкавай брыгады з Калярада, якія неўзабаве прыбудуць у краіны Ўсходняй Эўропы: Польшчу, Латвію, Літву і Эстонію.
У пятніцу яны пачынаюць разгружаць цяжкое ўзбраеньне, якое прыплыло з ЗША. Цягам наступных двух тыдняў чакаецца прыбыцьцё чарговых вайскоўцаў. Гэта частка апэрацыі «Atlantic Resolve», мэта якой — узмацненьне ўсходняй сьцяны NATO.
Напрыканцы лістапада мы загрузілі абсталяваньне на тры судны, які рушылі ў Эўропу — гаворыць прэс-сакратар базы Fort Carson Дэні Джонсан. — Асновай узбраеньня 3 Танкавай брыгады зьяўляюцца танкі Abrams, самаходныя гаўбіцы і баявыя машыны Bradley".
Агулам у краіны Ўсходняй Эўропы прыбудзе 4,4 тысяч жаўнераў і 87 бронемашын.
— Гэта сыгнал, які сьведчыць пра заангажаванасьць ЗША на карысьць нашых саюзьнікаў і жаданьне міру, — сказаў журналістам намесьнік камандзіра сухапутных войскаў ЗША ў Эўропе, генэрал Цімаці Макгуайр.
Рашэньне пра разьмяшчэньне амэрыканскіх жаўнераў ва Ўсходняй Эўропе было прынятае на апошнім саміце НАТО ў Варшаве. Апэрацыю Atlantic Resolve называюць адказам на дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.