Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Свой сярод сваіх


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Усе мінулыя выступы Аляксандра Лукашэнкі ў ААН і на іншых міжнародных форумах вызначаліся антызаходняй (і найперш — антыамэрыканскай) рыторыкай. Паколькі Захад — галоўны крытык беларускага рэжыму, то змаганьне з гэтым ворагам было ягоным ідэалягічным крэда.

Можна было чакаць, што гэтым разам антызаходняя рыторыка будзе сьцішана. І з той прычыны, што цяпер афіцыйны Менск імкнецца нармалізаваць дачыненьні з ЭЗ і ЗША. І таму, што ад іхняй пазыцыі залежыць выдзяленьне Беларусі новага крэдыту МВФ. Вось жа, не выпадкова Лукашэнка ў суботу, 26 верасьня, сустрэўся з дырэктарам-распарадчыкам Міжнароднага валютнага фонду Крыстын Лягард. То бок пытаньне для беларускага кіраўніка вельмі актуальнае.

Тым ня менш, у выступе Лукашэнкі прагучала рэзкая крытыка Захаду, найперш ЗША. Але варта зьвярнуць увагу на два моманты.

Па-першае, ніводная краіна не была названая канкрэтна. Толькі з кантэксту можна было здагадацца, хто маецца на ўвазе.

Па-другое, Лукашэнка крытыкаваў Захад найперш за яго палітыку на Блізкім Усходзе. Калі кіраўнік Беларусі гаварыў пра Ўкраіну, то абвінавачваў нейкіх ананімных «моцных гэтага сьвету».

Крытыка Лукашэнкам Захаду за ягоную палітку на Блізкім Усходзе адбывалася ў даволі жорсткіх выразах. «Прыклад адкрытага палітычнага хамства, хлусьні і злачынстваў супраць чалавечнасьці — навідавоку», — казаў ён. Пры гэтым у адну кучу зьмяшаныя і вайна ў Іраку, і падзеі ў Тунісе, Лібіі, Сырыі. Хоць гэта зусім розныя канфлікты. Калі рэжым Садама Хусэйна ў Іраку быў зрынуты амэрыканцамі ў выніку вайсковай апэрацыі, то ў іншых арабскіх краінах сытуацыя разьвівалася інакш. У Тунісе адбылася клясычная народная рэвалюцыя без усялякага замежнага ўмяшаньня. Грамадзянская вайна ў Лібіі і Іраку пачалася пад моцным уплывам іншых арабскіх краін, найперш, Саудаўскай Арабіі. Захад умяшаўся значна пазьней.

Навошта патрэбна Лукашэнку сварыцца з Захадам з-за краін, якія далёка ад Беларусі, і канфліктаў, якія непасрэднага ўплыву на яе ня маюць?

Найперш, Лукашэнка паводле сваёй палітычнай прыроды — папуліст. І гэты свой стыль ён распаўсюджвае на міжнародную палітыку. Ён разумее, што антыамэрыканізм — даволі распаўсюджаная ў сьвеце зьява, асабліва сярод краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі, якія дамінуюць у ААН. І таму беларускі лідэр імкнецца спадабацца большасьці.

Дыктатараў шкада больш, чым народы. Гэта шчыры крык душы

Затым, і гэта галоўнае, Лукашэнка прымярае сытуацыю са зрынутымі дыктатарамі на сябе. Для яго любая ўлада абсалютна сакральная, таму адхіленьне ад улады кіраўніка — сьвятатацтва, страшнае злачынства. Вось ён і абураецца: «Навошта забілі прэзыдэнта Ірака?... Укрыжавалі прэзыдэнта Кадафі... Рванулі ў Сырыю. Паўстае пытаньне: навошта? Навошта вы забіваеце людзей? Навошта зрынаць дзейнага прэзыдэнта? Чым ён вам не дагадзіў?» Дыктатараў шкада больш, чым народы. Гэта шчыры крык душы. Раней ён гэтак жа абараняў Слабадана Мілошавіча і Курманбека Бакіева.

Нарэшце, Лукашэнка імкнецца навязаць сьвету сваё ўяўленьне пра правы чалавека. Маўляў, «кожны народ, кожная краіна мае права на выбар свайго шляху разьвіцьця» з сваімі палітычнымі правіламі. Ён кажа, што ў Беларусі няма голаду і галечы, дыскрымінацыі па нацыянальных, рэлігійных прыкметах, існуе сацыяльна-палітычная стабільнасьць. «Менавіта гэта і ёсьць дэмакратыя, а ня тое, што спрабуюць насадзіць нам нашы заходнія настаўнікі», — заяўляе Лукашэнка.

Менавіта пра гэта ён гаварыў і на сустрэчы з кіраўніцтвам ААН. Паколькі ў гэтай арганізацыі большасьць краін маюць праблемы з правамі чалавека, то Лукашэнка паводзіць сябе ўпэўнена. Ён там — сярод сваіх.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG