2015 год адлічвае апошнія дні. У гэты пераднавагодні калядны час людзі традыцыйна азіраюцца назад, спрабуючы падсумаваць і асэнсаваць перажытае, абдумваюць пляны на бліжэйшую будучыню.
Сёньняшнюю апошнюю ў адыходзячым годзе размову пачну з падсумавальнага ліста нашай слухачкі Алены Дылеўскай зь Менску. Яна піша:
«Мы перажылі дзіўны год. Сьвет навокал імкліва мяняецца — а мы, беларусы, нібыта замерлі ў летаргічным сьне. Ну, добра: раней мелі сякі-такі дастатак, краіна няблага зарабляла на рээкспарце дарагіх нафтапрадуктаў з таннай расейскай нафты. Расейскі рынак паглынаў нашу ня дужа якасную прадукцыю, вырабленую на нерэфармаваных савецкіх прадпрыемствах. Але ж усё гэта канчаецца. (Ды ўжо фактычна скончылася!). А мы паводзім сябе так, нібыта нічога не адбываецца. Моўчкі праглынулі так званыя „перавыбары“, цішком пасьмейваючыся з таго, што ўлада зноў „намалявала“ сабе больш за 80 працэнтаў падтрымкі.
Зь іншага боку — улада паводзіць сябе дакладна гэтак жа, як і народ. Робіць выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца. Ужо і дарагой нафты няма, і расейскі рынак абрынуўся, і даходы ад зьнешняга гандлю катастрафічна ўпалі... А новаабраны прэзыдэнт на 22-м годзе свайго кіраваньня спакойна заяўляе, што ніякіх рэформаў Беларусі ня трэба. Маўляў, усё было добра гэтыя 22 гады — і далей так будзе. Ды ня будзе — няўжо ён гэтага ня бачыць! Не пачне ён мяняць сваю палітыку — не ўтрымаецца і сам на гэтай растрэсенай на ўхабах фурманцы, як бы з усіх сілаў за яе ні чапляўся. І што яшчэ горай — пад адхон можа пайсьці і ўся наша нясьпелая незалежнасьць».
Відавочна, Аляксандар Лукашэнка ня можа не разумець, што сытуацыя імкліва мяняецца. Ды і ягонае атачэньне ўсё больш настойліва падштурхоўвае яго да зьменаў, апасаючыся за ўласную будучыню. Тым ня менш, ні на якія рэфарматарскія рэйкі пераходзіць ён не зьбіраецца. Чаму?
Думаю, многае тут тлумачыцца тым досьведам рэформаў, якія Лукашэнка сам назіраў, у якіх сам удзельнічаў і плёнам якіх пасьпяхова скарыстаўся напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў. Гарбачоўскія рэформы ў СССР скончыліся крахам аўтарытарнай дзяржавы і стратай Гарбачовым прэзыдэнцкай пасады. Такія пэрспэктывы палохаюць Лукашэнку, верагодна, больш, чым любыя эканамічныя крызысы.
✉ ✉ ✉Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст напісаў, паслухаўшы перадачу «Праскі акцэнт» пад назвай «Дзятліковіч, Дубавец, Калінкіна: Што бачна ў люстэрку спрэчак пра Алексіевіч?»
Удзельнікі праграмы гаварылі, у прыватнасьці, пра тое, што ў сеціве на адрас Нобэлеўскай ляўрэаткі багата папрокаў з-за мовы, на якой яна піша і якой карыстаецца ў штодзённым побыце. Кастусь Сырэль з нагоды пачутага піша:
«Я і Сьвятлана Алексіевіч — людзі аднаго пакаленьня, паміж намі розьніца ўсяго два гады. Яна, як і я, вучылася ў правінцыйнай беларускай школе з рускай мовай навучаньня. Мы нават думаем зь ёй падобна!
І мяне зьдзіўляюць адносіны некаторых псэўдапатрыётаў да рускай мовы. Год дзесяць таму ў адным са сваіх лістоў на Свабоду я напісаў, што ніколі ў жыцьці ня бачыў інструкцыі па карыстаньні тэлевізарам беларускай вытворчасьці на беларускай мове, хоць адрамантаваў мо з тысячу беларускіх тэлевізараў!
Я вам больш скажу, шаноўнае спадарства. У свой час я скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «Аўтаматыка і тэлемэханіка», усё жыцьцё працаваў ці па спэцыяльнасьці, ці вельмі блізка ад яе. Я пералапаціў горы літаратуры — аўтаматычныя сістэмы кіраваньня, радыё- і мікраэлектроніка, тэарэтычная кібэрнэтыка, вышэйшая матэматыка, хімія і фізыка.... Але за ўсё жыцьцё мне не давялося нават патрымаць у руках аніводнай навукова-тэхнічнай кнігі на беларускай мове! Скажыце мне, на якой мове я павінен быў размаўляць на прафэсійныя тэмы з калегамі?
У мене ёсьць розныя захапленьні, у іх ліку — астраномія. Яшчэ падлеткам я зачытаў да дзір выбітную навукова-папулярную кнігу Варанцова-Вельямінава «Очерки о вселенной», якая перавыдавалася ў СССР разоў дзесяць. З тае пары я прачытаў процьму кніг па астраноміі і астрафізыцы розных аўтараў — Зігель, Перэльман, Карл Саган, Стывен Хокінг, — усіх і не згадаць. Але я не трымаў у руках аніводнай кніжкі па астраноміі на беларускай мове, хаця б у перакладзе!
Б’юся аб заклад, што кнігамі на беларускай мове ня могуць пахваліцца таксама шмат якія іншыя галіны навукі. Скажыце, як у такім становішчы нам, нашаму пакаленьню, было не ўпусьціць рускую мову ў нашае жыцьцё? Тым больш, што тая чырвоная дзяржава — СССР — рабіла ўсё дзеля зьнішчэньня беларускай? Пра што мы можам пагутарыць сёньня па-беларуску? Пра палітыку, пра розы-марозы, дубы і бярозы? А як жа ўсе іншыя галіны чалавечай дзейнасьці?».
Спадар Кастусь таксама паведамляе, што сам узяўся за стварэньне беларускамоўнай навукова-папулярнай кнігі па назіральнай астраноміі для беларускіх школьнікаў. Шкада толькі, што выданьне яе без староньняй дапамогі пакуль немагчымае.
Спадзяюся, спадар Кастусь, што такая дапамога знойдзецца — і на гэту прапанову адгукнецца нехта зь неабыякавых асобаў, якія па-сапраўднаму заклапочаныя лёсам беларускай мовы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
З Калядамі вас і з Новым 2016-м годам.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.