Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы суседзтва Ёганэс Ган 16 красавіка сустрэўся ў Менску з апазыцыйнымі палітыкамі, сярод якіх былі Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў, Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард і Вольга Кавалькова.
Сяргей Калякін на сустрэчу не прыйшоў, хаця шыльда зь ягоным прозьвішчам была.
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што размова працягвалася амаль дзьве гадзіны, сустрэча была плённай і грунтоўнай.
«Эўракамісар Ган падчас размовы з намі прадэманстраваў, што вельмі добра разумее ня толькі сытуацыю, але і сёньняшнія выклікі, пагрозы, якія сёньня стаяць перад беларускай апазыцыяй, перад беларускім грамадзтвам, перад беларускай дзяржавай. Мы ўздымалі тэму абароны беларускай незалежнасьці, сытуацыю з правамі чалавека, з палітвязьнямі, сытуацыю дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам і нават сытуацыю ў ЭГУ. Гэтыя тэмы былі абмеркаваныя, размова была адкрытая, шчырая, і ўражаньні ад яе вельмі пазытыўныя».
Паводле Янукевіча, асноўная мэта гэтага візыту палягае ў вывучэньні сытуацыі напярэдадні саміту Ўсходняга партнэрства ў Рызе.
Гэта была шчырая, грунтоўная размова
«Таксама прыемна, што сустрэча зь беларускай апазыцыяй была ня проста пратакольнай, а што гэта была шчырая, грунтоўная размова, абмен думкамі».
Паводле Янукевіча, апошнія візыты эўрапейскіх чыноўнікаў у Менск «пакуль не адбіваюцца на сытуацыі ўнутры краіны».
«Яны пакуль тычацца выключна зьнешнепалітычнага дыялёгу і зьнешнепалітычных пэрспэктываў як афіцыйнага Менску, так і ўсёй краіны. Але непазьбежна такая інтэнсыфікацыя зьнешнепалітычнага дыялёгу пацягне за сабой і пэўныя зьмены як мінімум таго, як дзейнічае ўнутры краіны беларускі рэжым».
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька апавёў карэспандэнту Свабоды, што ў апазыцыйных палітыкаў гэта ўжо другая сустрэча зь Ёганэсам Ганам. Першая была ў Ерэване падчас Парлямэнцкай асамблеі Эўранэсту.
«Цяпер можна было распавесьці пра сваё бачаньне сытуацыі. І адна зь ягоных місій, я думаю, правесьці выведку боем, сустрэцца з рознымі суб’ектамі палітычнага і грамадзкага жыцьця ў Беларусі. Улічваючы тое, што цяпер Брусэль думае над перафарматаваньнем Усходняга партнэрства, відаць, нейкія высновы будуць зроблены і з гэтага візыту. Сустрэча была адкрытай, мы маглі выказаць свае пасланьні і мэсэджы».
Што да Ўсходняга партнэрства, то Лябедзька не выключае варыянт разнахуткаснай інтэграцыі.
Многія на Захадзе памылкова разглядаюць Лукашэнку як гаранта сувэрэнітэту
«Я казаў пра тыя рызыкі і пагрозы, якія існуюць звонку для Беларусі. І яны ёсьць як з Захаду, так і з Усходу. Натуральна, што неаднаразова ўзгадваліся палітвязьні. І была ацэнка сытуацыі з улікам украінскага складніка. То бок была мажлівасьць падрабязна пагаварыць пра розныя аспэкты нашага бачаньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі і стасункаў з Брусэлем».
Паводле Лябедзькі, падчас сустрэчы з эўракамісарам Ганам не закраналася пытаньне адносна магчымага ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў саміце ў Рызе.
«Я казаў, што многія на Захадзе памылкова разглядаюць Лукашэнку як гаранта сувэрэнітэту. Калі гэта пакласьці ў аснову стратэгіі ўзаемадачыненьняў зь Беларусьсю, мы можам атрымаць абсалютна нечаканыя вынікі: легітымізацыю без свабодных і сумленных выбараў вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі. І можам зрабіць Беларусь закладніцай новай па якасьці сытуацыі. Тады ўсё, што падпісвалася раней Лукашэнкам з Расеяй, у тым ліку па саюзнай дзяржаве, набывае легітымную сілу. І гэта вялікая небясьпека. На гэта рабіўся акцэнт, а не на тое, зьезьдзіць Лукашэнка ў Рыгу ці не. Калі раней тут была нейкая інтрыга, паедзе ці не паедзе, то зараз я бачу іншыя пагрозы і на іх рабіў акцэнт».
Адносна ўплыву візытаў эўрапейскіх чыноўнікаў на сытуацыю ў Беларусі Лябедзька выказаўся так:
«Канечне, сытуацыя за гэты час зьмянілася. Калі раней зьнешнепалітычны аспэкт для апазыцыі быў абсалютна камфортны, то зараз мы ў новай сытуацыі, і ня ўсе гатовыя да яе. Бо цяпер ёсьць канкурэнцыя. І Лукашэнка тут ужо ня лузээр. Для яго зьнешнепалітычная дзейнасьць была слабым месцам цягам 20 гадоў. Цяпер гэта ператварылася ў лякаматыў. Таму мы вымушаны цяпер канкураваць.
Таму для апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці вельмі важна гаварыць адной мовай і мець тры-чатыры прыярытэты, якія б мы бачылі абсалютна аднолькава. Я не сказаў бы, што тут усё прыгожа і ўпэўнена. Пакуль тут трэба працаваць».