Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 28 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску пракамэнтаваў сытуацыю вакол Курапатаў.
Ён сказаў, што любое пытаньне вырашаецца на падставе дыялёгу, кансэнсусу, «без прыкоўваньня сябе за розныя часткі цела да мэталічных прадметаў». Шуневіч хацеў бы, каб «градус вастрыні» быў меншы:
«На мой погляд, гэта падстава, каб чарговы раз пэўным асобам заявіць пра сябе з абсалютна неналежнай нагоды. Ёсьць спэцыялісты, якія могуць кампэтэнтна адказаць на пытаньне, ці парушаюцца нечыя правы, у тым ліку нейкія гістарычныя аспэкты, зьвязаныя з пахаваньнямі», — цытуе Шуневіча БелаПАН.
Шуневіч заклікаў спэцыялістаў хутчэй прадставіць свае высновы. Ён таксама адзначыў, што МУС абсалютна нэгатыўна ставіцца да незаконных акцыяў:
«Я ведаю, што існуе праблема, зьвязаная, з аднаго боку, з тым, што адбываецца будаўніцтва — легальнае і абсалютна законнае. Зь іншага боку, існуе меркаваньне пэўнай групы асобаў пра тое, што гэтага будаўніцтва там быць не павінна».
Паводле Шуневіча, МУС менш за ўсё хацела б выступаць трацейскім судзьдзёй у гэтым працэсе.
«І мы ня будзем гэтага рабіць. Калі будзе прынята рашэньне аб спыненьні будаўніцтва і яно ўступіць у законную сілу, значыць, пытаньне вырашыцца такім чынам. Калі будзе працягвацца — значыць, мы будзем выконваць закон. Альгарытм нашых дзеяньняў вядомы», — сказаў Шуневіч.