Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курапаты 15 гадоў таму. Намёт валанцёраў залівае вадой


Удзельнікі вахты памяці Глеб Вязоўскі, Ірына Вяткіна, Арына Лісецкая, Людміла Паклонская
Удзельнікі вахты памяці Глеб Вязоўскі, Ірына Вяткіна, Арына Лісецкая, Людміла Паклонская

Мы працягваем знаёміць з публікацыямі з архіву Свабоды, прысьвечанымі Курапатам. Вось што адбывалася ў гэты дзень 15 гадоў таму ў лягэры абаронцаў Курапатаў.

Костку адшукалі ў лясным масіве з боку дарогі блізу мікрараёну. Будаўнікі адразу ж аддалі знаходку валанцёрам, парэшткі захоўваюцца цяпер у іхным намёце. Заўтра ў Курапаты прыйдуць археолягі з Інстытуту гісторыі, каб зрабіць заключэньне пра костку. Яна невялікая, крыху больш за 20 сантымэтраў.

Сёньня з самай раніцы абаронцы Курапатаў змагаліся з наступствамі адлігі. Гаворыць Глеб Вязоўскі:

Вязоўскі: Пасьля ўчорашняй навальніцы на полі набралося вельмі шмат вады. Зараз яна ўся цячэ да Курапатаў, да намёту. Думаю, што сёньня будзем поўны дзень змагацца з вадой — адводзіць яе кудысьці, ці ў лес, ці да трубы. А зараз з поля рака шырынёй два мэтры вельмі хутка прыцячэ да нас.

Глеб Вязоўскі хутка ўзяўся за лапату, каб спыніць патокі расталай вады.

Я заходжу ў намёт. У ім часта прыбрана, маленькія акенцы ўпрыгожаныя штучнымі кветкамі. Гэта 18-гадовая Люда апошнімі днямі займалася ўладкаваньнем намёту.


Люда: Я ў Курапатах начую трэцюю ці чацьвертую ноч. Тут даволі складана, я зараз проста хварэю. Гэта ня тое што хатнія ўмовы — тут ані нармалёвай вады, ані памыцца хлопцам, нічога...

Карэспандэнтка: А як бацькі ставяцца да таго, што Вы тут знаходзіцеся?

Люда: Мая маці ня супраць. Аднойчы яна сказала, што, калі б ёй было дваццаць гадоў, яна таксама знаходзілася б тут, разам з намі. Яна ведае, што мы не дарэмна тут знаходзімся й змагаемся.
маці сказала, што, калі б ёй было дваццаць гадоў, яна таксама знаходзілася б тут, разам з намі

Сёньня валанцёры ўзгадвалі падзеі пазамінулай ночы, калі невядомыя асобы падкінулі ім у намёт нейкае хімічнае рэчыва з задушлівым пахам. Алесь Гетман спрабаваў дагнаць начных наведнікаў, але беспасьпяхова.

Гетман: Гэта ўжо ня першае такое здарэньне. Нам падаецца, што гэта ідзе з боку ўладаў. Раней нам падпальвалі намёт, ды так, што мы не маглі яго пагасіць. Такіх прыкладаў было вельмі шмат, калі ўлады ціснуць на нас нейкім досыць цікавым чынам.

Алесь Гетман прапаноўвае мне каву зь вялікага тэрмасу. Гэта адзін з падарункаў, што надоечы прынес у Курапаты старшыня Беларускага фонду “Дзецям Чарнобылю” Генадзь Грушавы.

Гетман: Прывез дапамогу — лекі, харчы, расьцяжку вельмі цікавую, пастанову Ўсебеларускага зьезду. Абяцаў дапамагчы нам вопраткай і новым намётам. Бо наш сёньняшняй ноччу цалкам працёк з-за моцнага дажджу.

Алесь Гетман адзначае, што дапамога з вопраткай і абуткам будзе вельмі своечасовай. Многія валанцёры знасілі ў Курапатах па чатыры-пяць параў ботаў, ня кажучы ўжо пра вопратку.



Калі я сыходзіла з Курапатаў, хлопцы разварочвалі расьцяжку, што прывез Генадзь Грушавы. На белым фоне чырвонымі літарамі было напісана: “З нашай дзяржавай гавораць стагодзьдзі! Не давай сабе загінуць, народзе!”

28.02.2002

***

Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 3 чэрвеня 2002 году. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG