Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як юрыдычна бараніць Курапаты, раяць Янчурэвіч, Яцэвіч і Кобрусеў


Пратэст у Курапатах, ілюстрацыйнае фота
Пратэст у Курапатах, ілюстрацыйнае фота

Юрыдычныя калізіі вакол будаўніцтва ў ахоўнай зоне Курапатаў офіснага цэнтру тлумачаць экспэрты ў галіне будаўніцтва.

Зьвяртацца ў гарвыканкам, Міністэрства архітэктуры

Кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Эўрапэрспэктыва» Віктар Янчурэвіч кажа, што зьвяртацца трэба як у гарадзкія органы ўлады, так і ў рэспубліканскія:

Віктар Янчурэвіч
Віктар Янчурэвіч

«Натуральна, што такія рашэньня прымаюцца ў Менгарвыканкаме, таму ў першую чаргу зь ягоным кіраўніцтвам трэба весьці перамовы. Акрамя таго, у нас ёсьць Менгарсавет — дэпутаты Менгарсавету маюць права адмяняць незаконныя рашэньні Менгарвыканкаму. Таму варта абгрунтаваць незаконнасьць рашэньняў наконт Курапатаў і ўносіць прапанову для дэпутатаў разабрацца ў сытуацыі і прыняць рашэньне ў адпаведнасьці з дзейным заканадаўствам. Акрамя гэтага, ёсьць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, ёсьць шэраг кантрольных органаў (пракуратура, КДК), куды таксама варта зьвяртацца і патрабаваць аднаўленьня законнасьці ў гэтым пытаньні».

Зьвяртацца ў пракуратуру

Архітэктар Ільля Яцэвіч лічыць, што менская пракуратура мусіць адмяніць рашэньне пра будаўніцтва ў Курапатах:

Ільля Яцэвіч
Ільля Яцэвіч

«Я думаю, што тут трэба падаваць скаргі ў пракуратуру, але ня ў Генпракуратуру, а ў менскую, бо гэта яе юрысдыкцыя. Бо тут, вядома, парушэньні ёсьць, парушэньні з боку гарадзкіх уладаў, а гэта ўжо справа пракуратуры. Можна, вядома, зьвяртацца ў Менгарвыканкам, але тут усё будзе залежаць ад самога гарвыканкаму, ці захочуць яны разгледзець гэтае пытаньне справядліва і пайсьці на саступкі. Я так разумею, што Менгарвыканкам будзе настойваць на сваім, абаронцы Курапатаў на сваім, таму трэба гэта вырашаць ужо ў нейкім судовым парадку. Ці ёсьць сэнс зьвяртацца ў рэспубліканскія органы? Ня ведаю. Яны, хутчэй за ўсё, спусьцяць вырашэньне гэтага пытаньня на мясцовы ўзровень».

Зьвяртацца ў гарсавет і ў раённую пракуратуру

Каардынатар кампаніі «Генплян — для менчукоў» Дзяніс Кобрусеў лічыць, што ў Менгарвыканкаме і Генпракуратуры трэба аспрэчваць законнасьць аўкцыёну, а ў раённай пракуратуры — парушэньні, якія адбыліся падчас паседжаньня 27 лютага:

Дзяніс Кобрусеў
Дзяніс Кобрусеў

«У Менгарвыканкаме і ў праваахоўных органах трэба аспрэчваць законнасьць аўкцыёну, на якім быў прададзены кавалак зямлі, што на той час знаходзіўся ў ахоўнай зоне Курапатаў і наогул ня мог выстаўляцца на аўкцыён».

Дзяніс Кобрусеў дадаў, што мясцовыя жыхары пры дапамозе актывістаў кампаніі «Генплян — для менчукоў» ужо падалі скаргі ва ўсе пералічаныя вышэй органы і чакаюць, пакуль на працягу месячнага тэрміну ім прышлюць адказы.

«Па-другое, безумоўна, у раённай пракуратуры трэба аспрэчваць парушэньні, якія адбыліся і падчас грамадзкіх абмеркаваньняў у 2016 годзе, і падчас паседжаньня камісіі 27 лютага. Лепш, калі гэта зробіць Людміла Швяцова, бо яна сябра камісіі і яе меркаваньне пра будаўніцтва каля Курапатаў не было ўлічана.

Таксама мы будзем зьвяртацца ў Менскі гарадзкі савет дэпутатаў, які сярод сваіх паўнамоцтваў мае права адмяняць незаконныя рашэньні Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту. Мы будзем фармаваць ініцыятыўную групу грамадзянаў, якія будуць патрабаваць, каб на наступнай сэсіі гэтага савету было разгледжана пытаньне будаўніцтва ў Курапатах і прынята рашэньне пра скасаваньне. Таксама можна аспрэчваць рашэньне органаў дзяржаўнай экспэртызы „Галоўдзяржбудэкспэртыза“ і „Дзяржстандарт“, якое было зроблена ў 2014 годзе, а значыць, да правядзеньня грамадзкага абмеркаваньня. Гэта таксама парушэньне, бо паводле закону дзяржаўная экспэртыза праводзіцца пасьля грамадзкага абмеркаваньня», — лічыць актывіст.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG