Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў-дызэйнэраў не пускаюць на «Поколение Next», каб «уратаваць» ад уплыву Варламава


Павільён конкурсу ў Санкт-Пецярбургу
Павільён конкурсу ў Санкт-Пецярбургу

Беларускія мадэльеры апынуліся па-за бортам конкурсу маладых дызайнэраў «Поколение Next». Мерапрыемства традыцыйна ладзіцца ў Санкт-Пецярбургу і лічыцца самым высокапрафэсійным у галіне «фэйшн-індустрыі» на ўсёй постсавецкай прасторы — пасьпяховы дэбют адчыняе перад учорашнімі студэнтамі дзьверы ў сьвет высокай моды.

Упершыню за апошнія гады Беларусь не дэлегавала ў культурную сталіцу Расеі ніводнага ўдзельніка. Прычынай — пазыцыя Міністэрства адукацыі, якое палічыла, што студэнтам-дызайнэрам ня варта ехаць туды, дзе ў журы конкурсу заяўлены апальны мадэльер Саша Варламаў. Той, у сваю чаргу, лічыць паводзіны чыноўнікаў безадказнымі і пазбаўленымі здаровага сэнсу:

«Пасьля таго як некалькі разоў мы з посьпехам там паказваліся, займалі першыя месцы і я асабіста па пошце адпраўляў віншавальныя дыплёмы ў навучальныя ўстановы, у галовы кіраўнікоў Міністэрства адукацыі закралася думка — маўляў, гэта дрэнны прыклад. Яно і зразумела: па ўсіх паказьніках параўнаньне не на карысьць Мінадукацыі, не на карысьць „мадыфікаванага“ „Млына моды“. Не хачу казаць пра „нацыяналізаваны“ конкурс, абмяжуюся фактам: мінулай вясной пераможца атрымала... стажыроўку ў маскоўскім ЦУМе. Пры тым, што калі праектам займаўся я, уваходзіў у журы на „Русском силуэте“, мы практыкаваліся ў Клода Банучы, у іншых усясьветна вядомых стылістаў. А тут — стажыроўка ў ЦУМе.

Гэта пачалося пасьля таго, як у „мадэльеры“ запісаўся намесьнік міністра Якжык — галоўнае дзейнае зьвяно ў галіне ідэалёгіі, а таксама спадарыня Емяльянчык, якая кіруе разьмеркаваньнем прызавых месцаў на „Млынах“ сёньняшняга ўзору. Увогуле ў нас павінна быць не Міністэрства адукацыі, а Міністэрства ідэалёгіі. Таму што гэтыя людзі не ствараюць умоваў, каб навучыць прафэсіі, іх задача — прымусіць маўчаць».

Саша Варламаў, архіўнае фота
Саша Варламаў, архіўнае фота

Саша Варламаў перакананы, што конкурс «Поколение Next» павінен цікавіць беларусаў у першую чаргу, бо зь мінімальнымі выдаткамі дазваляе па-сапраўднаму раскрыцца тым, у каго толькі пачынае фармавацца разуменьне высокага стылю. Тым больш апошнім часам імпрэза атрымала міжнародную клясыфікацыю — сьледам за Беларусьсю падключыліся канкурсанты зь Літвы і Латвіі.

Экспэртамі піцерскай «Індустрыі моды» — выкладчыкі Дзяржаўнай мастацка-прамысловай акадэміі імя Штыгліца (у гонар мэцэната, які заснаваў навучальную ўстанову, але пасьля рэвалюцыі яго «пасунула» з шыльды Мухіна), а таксама Дзяржаўнага ўнівэрсытэту прамысловых тэхналёгіяў і дызайну. Менавіта гэтыя людзі, як удакладняе суразмоўца, першымі адгукнуліся на ягоную прапанову аб супрацоўніцтве пасьля больш як двухгадовай турэмнай адседкі:

«Калі тры гады таму мяне вызвалілі з турмы і я пачаў думаць, чым займацца, то прыйшоў да простай высновы — тым самым, чым і раней. Тым больш, мае сябры з Санкт-Пецярбургу вельмі цёпла адгукнуліся на прапанову аб супрацоўніцтве, запрасілі ў прафэсійнае журы, ну і яшчэ я быў судакладчыкам у мастацкага кіраўніка конкурсу Маі Кузьняцовай — мы абмяркоўвалі пытаньні сучасных тэндэнцыяў у сьвеце моды. Што адметна, за ўдзел у конкурсе „Поколение Next“ ня трэба плаціць ніякіх унёскаў — арганізатары самага буйнога мерапрыемства ў паўночна-заходнім рэгіёне, зьвязанага з модай, не бяруць ані з кога грошай. Але даюць канкурсантам стэнды, забясьпечваюць усім неабходным.

На конкурсе «Поколение Next»
На конкурсе «Поколение Next»

У сваю чаргу, выкладчыкі акадэміі і ўнівэрсытэту кожны дзень абнаўляюць „настаўніцкія“ стэнды — рэчамі, якія вырабляюць самі. Дарэчы, гэта ўсё можна набыць, усё ручной работы. То бок выкладчык ён не таму, што абараніў дысэртацыю, а таму, што сапраўды таленавіты спэцыяліст і дзейны дызайнэр.

У беларускіх тэхналягічных ВНУ практычна ніхто з пэдагогаў не выстаўляецца, і студэнты за пяць гадоў у бальшыні сваёй нават не ўяўляюць, майстар якога ўзроўню іх навучае».

Супраца з прафэсіяналамі-практыкамі мела плён і ўзаемную выгаду — дзясяткі беларускіх студэнтаў-пачаткоўцаў атрымалі неацэнны досьвед кантактаваньня з маладымі калегамі і аўтарытэтнымі экспэртамі. Аднак, не хавае засмучэньня Саша Варламаў, сёлета вольніцу было вырашана прыкрыць:

«Прынялі кулюарнае рашэньне, і пайшло-паехала. Па тэлефанаграме загадалі ўсім ВНУ, якія маюць адносіны да беларускай моды, забараніць ці прынамсі настойліва рэкамэндаваць студэнтам адмовіцца ад плянаванай паездкі на „Поколение Next“. Найперш таму, што там задзейнічаны Варламаў, які „дрэнна ўплывае на імідж дзяржавы“. А я, між іншым, заўсёды Беларусь адстойваў, мы практычна ніколі не вярталіся бязь першага месца. Апошнім разам, у мінулую восень, дзяўчынка з Інстытуту сучасных ведаў заявілася ў дзьвюх намінацыях і атрымала два першыя месцы за адну калекцыю — па графічным дызайне і па новых мэтадах мадэляваньня. І вось удзячнасьць...»

Карэспандэнт: «То бок няўдзел у конкурсе — выключна з-за асобы Варламава?»

«Так, з-за таго, што там — я. Увогуле атрымліваецца нонсэнс: я маю права працаваць, але не магу нічога рабіць, таму што выкладчыкам загадана мяне пазьбягаць. Я ж бачу, як на нейкіх паказах яны тайком прабіраюцца да мяне, паціскаюць руку і шэпчуць — „трымайцеся“. А як толькі камэра накіроўваецца ў наш бок, імгненна зьбягаюць. Ім проста забаронена са мной кантактаваць. Рэальны прыклад: увосень я пачаў перамовы з кіраўніцай Віцебскага цэнтру сучаснага мастацтва Валянцінай Кірылавай. Яна запрасіла мяне, каб я пачаў працаваць і ствараць калекцыі разам зь віцебскімі студэнтамі. Дык вось яе ўжо тройчы выклікалі „на дыван“ у аблвыканкам, дзе папярэдзілі: калі Варламаў тут зьявіцца, ты больш ніводнага праекту ня ўбачыш».

Пасьля гэтага, дадае мадэльер, спадарыня Кірылава працаваць у зьвязцы з Варламавым рэзка перадумала.

Гэта ж тычыцца і іншага праекту — Народнага моладзевага тэатру «Кола» з таго ж Віцебску. Аўтар творчай ініцыятывы, рэжысэр Улада Цьвікі пасьля асэнсаваньня магчымых наступстваў меркаванага супрацоўніцтва заявіла, што ўсё ж сямейны спакой для яе важнейшы.

На конкурсе «Поколение Next», фота з старонкі конкурсу на Фэйсбуку
На конкурсе «Поколение Next», фота з старонкі конкурсу на Фэйсбуку

Саша Варламаў лічыць, што жаданьне адукацыйнага ведамства ўратаваць студэнтаў-дызайнэраў ад «шкоднага ўплыву» на самой справе выльецца ў самаізаляцыю і немагчымасьць цьвяроза ацэньваць свае здольнасьці. Тым больш падобныя гісторыі ўжо мелі месца падчас імпрэзы ў Санкт-Пецярбургу — толькі ў працэсе паказу да некаторых беларускіх удзельнікаў даходзіла, што іх вучылі зусім не таму, што сёньня запатрабавана ў сьвеце:

«Уявіце сабе: прыяжджае, умоўна кажучы, наша Маша. У Беларусі яна зорка, гераіня, лепшая за ўсіх. А тут яе калекцыя проста замінае астатнім, бо насамрэч страшная, зусім ні пра што.

Памятаю, як рыдала студэнтка пасьля аднаго з конкурсаў — высьветлілася, што дома яе адпачатку вучылі не таму. І што яна прывезла, ня тое каб паказваць, наогул шыць нельга было. Я пачаў хадзіць на розныя мерапрыемствы, быў на „Беларускім тыдні моды“ ў Ганчаровай, глядзеў, як зьяўляюцца новыя імёны. І зразумеў, у чым розьніца. У Піцеры адбіраюць праз інтэрнэт: хто ўзяў больш галасоў, той і выходзіць у фінал, хоць 100 чалавек. Галасуеш за тое, што падабаецца.

А нашы варацца самі па сабе, хоць амаль заўсёды былі ў фінале: паколькі я прадстаўляў цэлую краіну, мне было абяцана ў кожнай намінацыі ня менш за дзьве калекцыі, ня менш за два аўтары. Гэта прамысловы тэкстыль, дэкаратыўны тэкстыль, канструяваньне адзеньня, новыя формы мадэляваньня. Па намінацыях мог запрасіць двух чалавек, і іх прынялі б, нават каб не прагаласавалі.

Самае галоўнае — прыехаць, пабачыць сваю ўбогасьць, зразумець памылкі і ў 22 гады пачаць перавучвацца. Яшчэ ня позна, нават у 35 людзі маюць шанец нешта зразумець».

Саша Варламаў усьцешаны, што, нягледзячы на прэсінг, знайшлася дзяўчына, якая прынамсі паспрабавала кінуць выклік сыстэме. Дызайнэр Вераніка Канашэвіч паспрабавала дастукацца да арганізатараў «Поколения Next» ужо пасьля таго, як прыём заявак быў спынены і агучаныя імёны пераможцаў паўфіналу. Тым ня меней праз пасярэдніцтва Сашы Варламава ёй дазволілі стаць рэзэрвовай удзельніцай. Іншымі словамі, калі хто зь фіналістаў зь нейкіх прычынаў ня здолее ўзяць удзел у сакавіцкім паказе, іх месца зоймуць калекцыі Веранікі пад назвамі «Малазімы» і «Банвіян».

З калекцыі Веранікі Канашэвіч
З калекцыі Веранікі Канашэвіч

Пасьпяховы некалі мадэльер канстатуе, што, па сутнасьці, у Беларусі для яго ўведзена забарона на прафэсію. Заняць ранейшае месца ў індустрыі моды не дае перадусім пазыцыя дзяржаўных ведамстваў, якія занесьлі Варламава ў сьпіс «ворагаў народу». Менавіта з гэтай прычыны толькі пры нейкім неверагодным зьбегу абставінаў удасца паўдзельнічаць у конкурсе «Поколение Next» у Санкт-Пецярбургу — пры адсутнасьці беларускіх удзельнікаў наяўнасьць беларуса ў журы немэтазгодная.

Як кажа апальны Варламаў, цяпер выжываць даводзіцца зь мінімальнай пэнсіі, эканомячы практычна на ўсім. Аказваецца, палова пэнсіі вылічваецца на пакрыцьцё «стратаў», якія ён нібыта нанёс дзяржаве:

«Краіна ў прынцыпе знаходзіцца ў сытуацыі, калі забіваюць абсалютна ўсё. Лёгіка жалезная: паміраць — дык з музыкай, гінуць — дык усім караблём, каб з „Тытаніка“ больш ніхто ня ўсплыў... Варламаў сёньня — раздражняльнік для сыстэмы. Гэта чалавек, зь якім забаронена кантактаваць, які ня мае магчымасьці кансультаваць, ня мае магчымасьці працаваць і ня можа паехаць на конкурс „Поколение Next“. Таму што прымаючы бок аплочвае выдаткі, калі ёсьць удзельнікі — гатэль і дарогу. Тэарэтычна магу, але дзеля гэтага патрэбна 500 даляраў — дарога туды-назад і жыльлё. А дзе я іх вазьму?

У мяне пэнсія — 940 тысяч рублёў. У 1991 годзе я стаў інвалідам ІІ групы, і паколькі ня мог працаваць так, як раней, далей атрымліваў маленькі заробак (нягледзячы на тое, што пры саветах меў 500–700 рублёў). А пэнсію па інваліднасьці пачалі налічваць толькі ад 1994-га, і цяпер яна — 1 мільён 800 тысяч. Праўда, зь іх 940 тысяч кожны раз забірае дзяржава — нібыта я камусьці нешта вінен. Яны так вырашылі — насуперак таму, што я ўтрымліваў агенцтва, плаціў заробак. Карацей, такое вось самаўпраўства, і Варламаў яшчэ і вінаваты».

На конкурсе «Поколение Next»
На конкурсе «Поколение Next»

У траўні 2011 году Варламаў быў арыштаваны і абвінавачаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд прызнаць яго вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і эканамічных злоўжываньнях і асудзіць на 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У ліпені 2013-га пасьля 2 гадоў зь лішкам, праведзеных у сьледчым ізалятары, быў вызвалены ў залі суду. Сваёй віны не прызнаў.

Нягледзячы на маральны прэсінг і праблемы са здароўем, пасьля выхаду на волю адкрыў «Віртуальны дом моды Сашы Варламава», займаецца дызайнам. Ад 2014-га — аўтар праекту «Театр моды „Шкаф“».

Саша Варламаў — заснавальнік першага ў Беларусі Тэатру моды. Скончыў асьпірантуру ГИТИС (мастацтвазнаўства, тэатральная крытыка). Вучыўся ў мадэльераў Славы Зайцава, Іны Булгакавай, Галіны Мяшковай, Ірыны Емяльянавай. У 1987–1991 — рэжысэр, харэограф, пастаноўшчык менскага Тэатру моды. 1992–2013 — дырэктар Агенцтва моды Сашы Варламава, мастацкі кіраўнік Цэнтру сучаснага стылю і моды Universum Models, арганізатар праекту моды і фота «Млын моды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG