Ад 1 студзеня пачаў дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ № 222, які абавязвае «іпэшнікаў» мець сэртыфікат якасьці на кожную адзінку тавару. Дакумэнт мусіў набыць сілу яшчэ летась, але пасьля сустрэчы з прадпрымальніцкім актывам Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся на гадавую адтэрміноўку, каб людзі пасьпелі распрадаць рэшту запасаў. Днямі ён заявіў, што «мядовыя часы» для «спэкулянтаў» скончыліся і вяртаньня да ўсёдазволенасьці ня будзе.
Гандляры сьцьвярджаюць, што выканаць новыя патрабаваньні нерэальна, і ад пачатку году тысячы павільёнаў па ўсёй краіне спынілі працу. Здавалася б, у такой сытуацыі зьяўляюцца новыя магчымасьці для мясцовых прадпрыемстваў, якія спэцыялізуюцца на аналягічным асартымэнце. Да таго ж чыноўнікі абяцалі: прадпрымальнікам, якія выкажуць зацікаўленасьць у рэалізацыі айчыннай прадукцыі, будуць максымальна спрыяць.
Нідзе ў сьвеце няма дзяржаўных прадпрыемстваў, каб шыць адзеньне. Модная індустрыя — прыватны сэктар
Падчас форуму 1 лютага прадстаўнікі бізнэс-супольнасьці паставілі дыягназ беларускім вытворцам: наладзіць эфэктыўную супрацу праблематычна з-за бюракратычнай валакіты, а асартымэнтам узору 20-гадовай даўнасьці наўрад ці каго завабіш.
Як здарылася, што пасьпяховая некалі галіна закансэрвавалася ў «ліхіх 1990-х»? Чаму прывезеныя за тысячы кілямэтраў адзеньне і абутак таньнейшыя — нават пасьля сплаты шматлікіх збораў? Куды зьнікаюць таленавітыя выпускнікі навучальных установаў, якія павінны браць на ўзбраеньне ўсе апошнія тэндэнцыі? Нарэшце, якую ролю ў прыватна-дзяржаўным партнэрстве павінны адыгрываць Беларускі цэнтар моды ды іншыя падобныя ўстановы?
Прааналізаваць сытуацыю на рынку Свабода папрасіла заснавальніка віртуальнага Дому моды Сашу Варламава. Мадэльер, дызайнэр, рэжысэр цягам дзесяцігодзьдзяў застаецца знакавай асобай у беларускай фэшн-індустрыі. Ня зьменшыла ягонага аўтарытэту нават вымушаная 26-месячная адседка па крымінальнай справе, да якой, на перакананьне суразмоўцы, прыклалі руку некаторыя калегі па цэху. Дык у якім стане мадэльны бізнэс па-беларуску і якія пэрспэктывы яго разьвіцьця ў новых эканамічных рэаліях?
«Адразу папраўлю ў тым сэнсе, што, напэўна, трэба гаварыць не зусім пра мадэльны бізнэс. Мадэльны бізнэс — гэта, па сутнасьці, гандаль людзьмі, мадэлямі. У дадзеным выпадку гаворка найперш пра моду, пра фэшн-індустрыю. То бок пра індустрыю моды. Паняцьце „індустрыя моды“ ў нашым кантэксьце асноватворнае, таму што яно прадугледжвае і вытворчасьць, і продаж. Гэта цэлая паўнавартасная галіна. Мадэльны бізнэс — гэта збольшага рэкляма, там сапраўды патрэбныя мадэлі, якія рэклямуюць гатовыя вырабы ці аксэсуары. А індустрыя моды — гэта ўжо цэлая вытворчая сфэра».
Дык у якой ступені модная індустрыя ўплывае на нацыянальную эканоміку? Ці можа быць у прынцыпе эфэктыўнай галіна, якая, з аднаго боку, мусіць апэратыўна рэагаваць нават на найдрабнейшыя зьмены, якія адбываюцца штосэзону, а зь іншага — падпарадкоўвацца сыстэме доўгатэрміновага плянаваньня?
«Магу падзяліцца назіраньнямі, што адбываецца за апошнія, умоўна кажучы, 2–3 гады. Я практычна ўвесь час зьвязаны з тымі, хто вырабляе адзеньне, у мяне сталыя кантакты зь людзьмі, якія працуюць на прадпрыемствах і намагаюцца неяк круціцца, выжываць. У прынцыпе, можна казаць пра пэўную схему, нават індустрыю. Але наколькі гэтая схема пэрспэктыўная, наколькі яна дзейсная? Вядзе яна да нейкага разьвіцьця ці ад пачатку прызначана дзеля таго, каб нічога не адбывалася? І першае, што хачу сказаць: ні ў якай краіне, нават у суседняй Расеі, няма дзяржаўных прадпрыемстваў, каб шыць адзеньне. Модная індустрыя — гэта выключна прыватны сэктар. Наколькі ён грае важную ролю, наколькі аб’ём прадукцыі значны ў агульнай нацыянальнай эканоміцы — казаць не бяруся. Але, відаць, значны: усё ж гэта прадпрыемствы, гэта рэальны асартымэнт, гэта падаткі, а галоўнае — працоўныя месцы. Таму, як ні круці, так ці інакш модная індустрыя ўплывае на эканоміку дзяржавы».
Ёсьць сур’ёзныя людзі, грашовыя плыні, ценевая эканоміка. Але насельніцтва гэта ня тычыцца
На меркаваньне Сашы Варламава, адна з прычын застою ў лёгкай прамысловасьці палягае ў яе «другараднасьці» — негалосна менавіта такое месца вызначана для галіны ў дзяржаўнай герархіі:
Сёньня ты дырэктар шкарпэткавай фабрыкі, заўтра кіруеш парлямэнтам, а пасьлязаўтра з такой жа лёгкасьцю ўзначальваеш сыстэму адукацыі.
«Калі назіраеш за тым, што адбываецца, перад вачыма ўзьнікла цікавая карціна. Згадаўся стары савецкі фільм „Кін-дза-дза“. Сядзяць двое „гаспадароў“ плянэты ў басэйне, гуляюць адзін з адным, прыгаворваючы „ку“ і шчоўкаючы па званочку. Яны ў свой басэйн не бяруць ні трэцяга, ні чацьвёртага, бо лічаць, што самі цудоўна з усім спраўляюцца. А ўсё астатняе — гульня, навокал — цацкі, статысты, акторы. Раз-пораз мяняецца склад, хтосьці выконвае больш важную ролю, але ў любым выпадку гэта пэрсанажы, гэта гульня. Як чалавеку, які піша казкі, які займаецца модай — а можа, у мяне проста фантазія такая вобразная — мне ўявілася схема. Ёсьць нейкая група людзей. Яны ў пэўнай галіне займаюцца эканомікай і атрымліваюць рэальны вынік. У іх сапраўды добрыя эканамічныя працэсы, якія прыносяць плён. Можа, іх лабіруюць, можа, яны самі таленавітыя кіраўнікі, але ёсьць маленькая дэталь — туды дырэктараў не „ссылаюць“. Не спускаюць ніадкуль, як прызначаюць міністра — аднаго, другога. Сёньня ты дырэктар шкарпэткавай фабрыкі, заўтра кіруеш парлямэнтам, а пасьлязаўтра з такой жа лёгкасьцю ўзначальваеш сыстэму адукацыі».
Адсутнасьць аўтарытэтных прафэсіяналаў у кадравым рэестры, працягвае Саша Варламаў, — бяда ўсёй дзяржаўнай сыстэмы. Адны і тыя ж людзі зь лёгкасьцю перасоўваюцца як па вэртыкалі, так і па гарызанталі. А калі сфэра ня лічыцца стратэгічнай, то лёгка можа аказацца, што прадпрыемствам-аўтсайдэрам кіруе кухарка:
Гэта ўсё роўна спэктакль. Ніхто ня мае на ўвазе, што тэатар, спэктакль будзе даваць эканамічны вынік — туды ідуць дзеля забавы, а ня дзеля таго, каб выйсьці з кішэнямі, поўнымі грошай.
«Ёсьць пэўная група людзей — магчыма, яна называецца прэзыдэнцкім рэзэрвам, магчыма, яшчэ неяк — але яны выканаўцы, дзейныя асобы. Па аналёгіі з тым, што ёсьць у спэктаклях: сёньня ты на першай ролі, заўтра на другой, а пасьлязаўтра ў кардэбалеце апошняй лініі. Потым нешта паказаў — і паставілі ў першую лінію. Гэта ўсё роўна спэктакль. Ніхто ня мае на ўвазе, што тэатар, спэктакль будзе даваць эканамічны вынік — туды ідуць дзеля забавы, а ня дзеля таго, каб выйсьці з кішэнямі, поўнымі грошай. Таму спэктакль у прынцыпе і разыгрываецца. Думаю, што прыблізна такая ж гісторыя і з трактарным заводам, і з аршанскім ільнокамбінатам, і з астатнімі. Калі паглядзець „творча-вытворчую“ біяграфію дырэктараў, кім толькі яны не працавалі — і тым, і другім, і пятым, і дзясятым. Атрымліваецца, што аднаго больш-менш удалага выканаўцу па-дэ-труа заўтра выстаўляюць салістам. А на саліста ён ня цягне, бо дагэтуль танцаваў па-дэ-труа. Ці, можа, убаку стаяў. Такім чынам, усё гэта нагадвае гульню ў пясочніцу: ёсьць сур’ёзныя людзі, значныя грашовыя патокі, сур’ёзная эканоміка, але ў цэлым насельніцтва гэта ня тычыцца. Што атрымліваецца ў выніку?»
Існуюць два тэатры: сапраўдны, дзе грошы выведзеныя зь бюджэту. І тэатар лялечны — астатняя эканоміка
Што атрымліваецца ў выніку некампэтэнтнага кіраўніцтва — Саша Варламаў сам жа і адказвае: «разброд и шатание». Калі кіраваць справай прызначаюць выпадковага чалавека з «абоймы», якога трэба хоць некуды прыстроіць, прыкры фінал гарантаваны:
„Элема“ — усё ж прадпрыемства. Але, мяркуючы па тым, як ідуць прызначэньні, яно таксама цацачнае, жартоўнае. Ніхто не разьлічвае, што яно падымецца і што яно ў прынцыпе каму-небудзь патрэбнае.
«Яскравы прыклад — „Элема“. Сяк-так існавала, выпускала вырабы. Рознае стаўленьне да прадукцыі, але ж насілі. Паставілі галоўным мастаком (крэатыўным дырэктарам) Івана Айплатава. Прайшоў год, стала значна горш — Іван сышоў. Нават таго, што было, ужо не вярнуць, як нельга двойчы ўвайсьці ў адну раку. Цяпер туды плянуюць крэатыўным дырэктарам Яніну Ганчарову, якая лічылася дырэктарам Беларускага цэнтру моды. Дагэтуль ім кіравала Люба Манулік — цэнтар працаваў, былі крамы ў Беларусі, у Расеі. Дарэчы, яна якраз не выканаўца, зьявілася там за савецкім часам, ведае працэс знутры. І раптам ставяць лялечку: ідзі, дзяўчынка, пагуляйся, усё роўна цэнтар для краіны — пустое месца. То бок адпачатку яго выкінулі з эканомікі, аддаўшы, як цацку: зламаеш дык зламаеш. А тое, што ня станеш разумнейшай і цацка не ператворыцца ў кампутар — дык гэта факт. Гуляй і нам, дарослым, не перашкаджай. Дакладна гэтаксама ставяцца да „Элемы“. „Элема“ — усё ж прадпрыемства. Але, мяркуючы па тым, як ідуць прызначэньні, яно таксама цацачнае, жартоўнае. Ніхто не разьлічвае, што яно падымецца і што яно ў прынцыпе каму-небудзь патрэбнае. Каб было інакш, няўжо б прызначалі выпадковых людзей, тым больш дзяўчынку, якая толькі-толькі разваліла Цэнтар моды?».
На перакананьне Сашы Варламава, Менску не наканавана стаць моднай сталіцай да таго часу, пакуль уся спадарожная індустрыя будзе ўспрымацца як баляст. Адпаведна, наіўна чакаць прарыву ад прадпрыемстваў, прысуд якім падпісаны на дзяржаўным узроўні:
Чаму нікому з прызначэнцаў не даюць месца на закрытых для іншых, эканамічна стабільных, сур’ёзных прадпрыемствах? Ды таму, што яны для сваіх, ніхто гуляцца там ня будзе, там зарабляюць грошы.
«Я казаў пра „Элему“, але такая ж палітыка і ў адносінах да „Сьвітанка“, „Алесі“, „8 сакавіка“, іншых фабрык у Менску, Гомелі, Воршы, куды прызначаюць „левых“ людзей. Прызначаюць чаму? Таму што ставяцца да гэтых прадпрыемстваў як да несур’ёзных, ад іх нічога не чакаюць, ніякага прыбытку. Але чаму нікому з прызначэнцаў не даюць месца на закрытых для іншых, эканамічна стабільных, сур’ёзных прадпрыемствах? Ды таму, што яны для сваіх, ніхто гуляцца там ня будзе, там зарабляюць грошы. Туды такіх лялек не паставяць, ніякага статыста ня возьмуць і ніадкуль не перавядуць. Калі спэктакль сапраўдны, то актор мімансу ня будзе выконваць першую партыю, ён застанецца ў мімансе. Загадчыка складу не прызначаць дырэктарам — калі спэктакль па-сапраўднаму і арыентаваны на посьпех. Выходзіць, ёсьць два тэатры: адзін — сапраўдны, дзе салідны прыбытак, дзе працуюць грошы, выведзеныя зь бюджэту. І тэатар лялечны — уся астатняя эканоміка, куды прызначаюць лялечных пэрсанажаў, якія ў прынцыпе нічога не вырашаюць. Па вялікім рахунку, яны і не павінны нешта вырашаць. Гэта як раней: быў спэктакль у палацы і спэктакль балаганны, на кірмашы. Розьніца істотная? Несумненна».
Эканоміка дзеліцца на сур’ёзную і жартаўлівую. Пэнсію плацяць з жартаўлівай, таму яна такая маленькая
Саша Варламаў кажа, што ў сваіх ацэнках апэлюе да алегорыяў, бо ён чалавек творчы. Але яму вельмі непрыемна, што за масоўку з загадзя прапісанымі ролямі намагаюцца трымаць больш як 9 мільёнаў чалавек:
«Я чаму разважаю з творчых пазыцыяў? Таму што я не эканаміст. Я рэжысэр, мастацтвазнаўца, дызайнэр, журналіст. Аднак законы мастацтва стасуюцца і да ўсіх іншых сфэраў. Законы лялечнага, батлеечнага тэатру — яны бачныя, прасочваюцца. Гэтаксама як і законы прафэсійнага тэатру, закрытага ад нас, ад нашых вачэй, якія прыносяць сапраўдныя грошы. Куды ставяць не выпадковых статыстаў, а насамрэч таленавітых дырэктараў. Чаго ж ня даць дзяўчынцы пагуляцца ў сапраўдным тэатры? Дык у сапраўдным нельга, таму што гэта сваё. Вось, уласна кажучы, такія развагі, зьвязаныя з модай. Нікога не хачу ні ў чым абвінавачваць. Але проста ёсьць, зноў жа, два тэатры, два бюджэты. Ёсьць бюджэт сур’ёзны, а ёсьць жартоўны. Ёсьць эканоміка сур’ёзная, а ёсьць жартоўная. Вось мне пэнсію плацяць з жартоўнай эканомікі. Таму яна такая малая. Усё гэта грунтуецца выключна на вобразах, разумееце?»
Летась Саша Варламаў адзначыў 60-гадовы юбілей. Ён нарадзіўся ў Менску. Скончыў Унівэрсытэт культуры, быў там намесьнікам загадчыка катэдры харэаграфіі, напісаў больш за 70 навуковых артыкулаў для энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі». Стварыў першы ў Беларусі Тэатар моды. Скончыў асьпірантуру ГІТІС (мастацтвазнаўства, тэатральная крытыка). Вучыўся ў мадэльераў Славы Зайцава, Іны Булгакавай, Галіны Мяшковай, Ірыны Емяльянавай.
У 1987–1991 — рэжысэр, харэограф, пастаноўшчык менскага Тэатру моды. 1992–2013 — дырэктар Агенцтва моды Сашы Варламава, мастацкі кіраўнік Цэнтру сучаснага стылю і моды Universum Models, арганізатар праекту моды і фота «Млын моды».
У траўні 2011-га быў арыштаваны, абвінавачаны паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд прызнаць Варламава вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў і эканамічных злоўжываньнях і асудзіць на 5 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У ліпені 2013-га пасьля 2 гадоў зь лішкам, праведзеных у сьледчым ізалятары, быў вызвалены ў залі суду. Сваёй віны Саша Варламаў не прызнаў.
Нягледзячы на маральны прэсінг і праблемы са здароўем, пасьля выхаду на волю адкрыў «Віртуальны дом моды Сашы Варламава», займаецца дызайнам. Ад 2014-га — аўтар праекту «Тэатар моды „Шкаф“».