Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць стратных прамысловых прадпрыемстваў у Беларусі ў студзені–верасьні 2017 году зьнізілася з 402 да 365, але пры гэтым сумарныя чыстыя страты вырасьлі на 24,2% да 847,4 млн рублёў. Страты на адну стратную арганізацыю вырасьлі на 36,8%, заўважае БелаПАН.
Чысты прыбытак усіх прамысловых арганізацыяў вырас у 1,6 раза да 2,9 млрд рублёў, прыбытак ад рэалізацыі вырас на траціну да 7 млрд. Сабекошт тавараў і паслугаў вырас на 11,2%. Рэнтабэльнасьць склала 9,6% за студзень–верасень 2017 году супраць 8,1% за такі пэрыяд 2016-га.
У пытаньні давядзеньня заробкаў да абяцаных Аляксандрам Лукашэнкам «па пяцьсот» даляраў менавіта на прамысловасьць спадзяецца віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка. Да канца году, верыць ён, прамысловасьці ўдасца выйсьці на сярэдні налічаны заробак у 1000 рублёў, хоць на кастрычнік заробак у прамысловасьці складаў 929,1 рубля.
Заробкі будуць «дакручваць» да «па пяцьсот» не праз аптымізацыю, а праз «налічэньне і зьмяшчэньне работнікам прэміяў і іншых выплатаў» — так прапануюць рабіць прынамсі ўлады Цэнтральнага раёну Менску ад прадпрыемстваў на сваёй тэрыторыі.
Эканаміст Яраслаў Раманчук у камэнтары БелаПАН кажа, што стратных прадпрыемстваў насамрэч больш, чым у афіцыйнай статыстыцы: маўляў, шмат прадпрыемстваў працуюць з рэнтабэльнасьцю, меншай за 5%. Ён прапануе прыватызаваць стратныя прадпрыемствы ў спадзеве на «рэанімацыю сіламі інвэстараў і стварэньне на іх базе новай вытворчасьці. Улады ж не мяняюць прызначэньне стратных прадпрыемтсваў, кажа ён: «хочуць падагнаць дохлага каня або ажывіць даўно ссохлае дрэва».