Мікола Статкевіч адзначае «чарговае абвастрэньне, і тэндэнцыі выглядаюць супрацьлеглымі. Але ж — не прывыкаць».
Такі ліст палітвязень даслаў з ПК-17 12 сакавіка, паведамляе spring96.org.
Таксама Мікалай Статкевіч адзначае, што ад пачатку сакавіка нарэшце пачаў атрымліваць асноўныя незалежныя газэты.
У лісьце Статкевіч аналізуе сытуацыю ў дэмакратычным асяродзьдзі краіны. Ён піша: «У любым выпадку аб’яднаньне дэмакратычных сілаў неабходнае, каб хаця б аднавіць сваю суб’ектнасць на палітычным полі. Бо шмат ад будучай кампаніі ў такіх зьнешнепалітычных варунках чакаць цяжка».
Паводле жонкі палітвязьня Марыны Адамовіч, Мікола Статкевіч накіраваў трэцюю заяву ў Генпракуратуру і сказаў, што «лічыць сваю задачу —афіцыйна задакумэнтаваць тое, што адбывалася і адбываецца ў ПК-17, — выкананай».
«Другую задачу — не паддацца на правакацыі і прымусіць адміністрацыю выносіць яму спагнаньні цалкам і відавочна незаконна („по беспределу“, як там кажуць) ён лічыць выкананай таксама. Да таго ж, двухмесячная „перадышка“ на сьвежым паветры пасьля трох гадоў турмы падалася яму раскошай і падарункам лёсу, каб мець моц трываць і змагацца далей», — піша ў фэйсбуку Марына Адамовіч.
З гэтай нагоды ўчора ён афіцыйна адмовіўся ад «працы па самаабслугоўваньні», то бок прыборкі пляца, якую лічыць цалкам незаконнай, і скарыстоўваў дагэтуль, «як сродак для збору і падцверджаньня неабходнай інфармацыі для абвінавачваньня».
Паводле Адамовіч, з гэтага вынікае, што ў адміністрацыі зьяўляецца фармальная («законная») нагода для пераводу Статкевіча ў штрафны ізалятар, потым памяшканьне камэрнага тыпу, а тады перадачы справы ў суд для пераводу ў турму.
Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавых забурэньняў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык у судзе не прызнаў, а пазьней адмовіўся падаваць прашэньне аб памілаваньні.
Палітвязень адбывае пакараньне ў шклоўскай папраўчай калёніі № 17.