Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спорт і мова: новыя рэкорды — па-беларуску


Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, Свабода вырашыла нагадаць пра ўнёсак у прапаганду беларускай мовы з боку спартоўцаў. Апошнім часам шэраг выбітных атлетаў акрэсьлілі прыязнае стаўленьне да беларускай мовы, а кульмінацыяй яднаньня на моўнай глебе стаў верасьнёўскі праект «Мова Cup».

Ініцыятыва моўна-спартовага фэстывалю паходзіла ад слыннай плыўчыхі, алімпійскай прызэркі Аляксандры Герасімені. Яна лічыць, што такі канглямэрат здольны прабіць сьцяну абыякавасьці і наноў абудзіць у беларусах цікавасьць да сваіх каранёў:

Аляксандра Герасіменя
Аляксандра Герасіменя

«Сутнасьць у тым, што ў эпоху глябалізацыі мы павінны чымсьці розьніцца ад іншых, і, як я лічу, у першую чаргу нас павінна адрозьніваць менавіта наша мова. Мне цяжка сказаць, чаму беларусы саромеюцца размаўляць на роднай мове, але такое адчуваньне, што зараз паступова прачынаецца наша нацыянальная сьвядомасьць, усё больш людзей спрабуе і хоча размаўляць па-беларуску. Спадзяемся, што ўсё яшчэ вернецца, што колькасьць школаў на беларускай мове спыніць зьмяншацца, і аўтарытэт нашай мовы будзе, як некалі, бясспрэчны. На жаль, я ведаю, што многія дзеці, нават якія навучаюцца на беларускай мове, у жыцьці ўсё роўна на ёй не размаўляюць. Чаму так здараецца? Магчыма, з-за таго, што такое склалася стаўленьне ў грамадзтве: калі хтосьці размаўляе па-беларуску, зь яго пачынаюць сьмяяцца. І я ня толькі дзяцей маю на ўвазе, нават дарослых. Гэта няправільна, гэта неадукаванасьць».

Адзін з франтмэнаў «Мова Cup», беларускі дзесяціборац, срэбны алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка на ўласным досьведзе расказвае, чаму важна ідэнтыфікаваць сябе як беларуса, асабліва на міжнароднай арэне:

Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

«Спартоўцы, напэўна, часьцей за іншых адчуваюць моўны фактар непасрэдна на сабе. Калі мы едзем у іншыя краіны, то карыстаемся пераважна расейскай. Асабіста для мяне такая сытуацыя ня вельмі прыемная, бо ўсе астатнія размаўляюць на сваіх родных мовах. Мне, прыкладам, куды прыемней размаўляць па-беларуску. Па-першае, трэба памятаць свае карані, традыцыі, па-другое, хочацца індывідуальнасьці. Свая, родная мова — гэта адна з галоўных рысаў адметнасьці. Таму я стараюся гаварыць па-беларуску, таму і быў удзельнікам „Мова Cup“. Яшчэ раз кажу: асабліва на міжнародных спаборніцтвах выглядае дзіўна, што ўсе размаўляюць на сваіх мовах, і толькі мы — па-расейску. Бальшыні, вядома, усё роўна, але многім за такое баліць. Ня хочацца, каб нас лічылі расейцамі толькі за тое, што мы гаворым на іх мове. Трэба нешта ў гэтай сытуацыі мяняць».

Дзесяціборац Краўчанка: Родная мова — галоўная рыса нашай адметнасьці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00
Наўпроставы лінк

Выдатная беларуская яхтсмэнка, чэмпіёнка сьвету ў парусным спорце Тацяна Драздоўская згадвае, што дзяцінства праводзіла ў вёсцы сваёй маці на Ўзьдзеншчыне, дзе мясцовыя аднагодкі спраўна папаўнялі яе беларускі слоўны запас. Але цкаваньне «вясковай» мовы за савецкім часам прывяло да таго, што многія ад яе адцураліся, каб не выглядаць «нерэспэктабэльна»:

Тацяна Драздоўская
Тацяна Драздоўская

«Ад таго часу ўсё і пайшло, ад гэтай вось палітыкі русыфікацыі. Як мая мама згадвае (бо я ж не жыла ў той час), яе нават саромілі „сялянскай мовай“, былі сапраўдныя ганеньні за мову. Натуральна, маладой дзяўчыне такія кпіны былі вельмі балючыя... Без сумневу, наш народ больш за іншых задушылі той русыфікацыяй. Зрэшты, беларусы, мабыць, больш і паддаваліся гэтаму. Усе былыя савецкія рэспублікі здолелі захаваць свае мовы, тыя ж азіяты, каўказцы, прыбалты — усе размаўляюць па-свойму, украінцы дабіваюцца гэтага. Асабіста мне прыемна чуць, калі людзі размаўляюць на роднай мове, хочацца, каб да гэтага прыйшлі і беларусы. Канечне, я згодная: гэта мая віна, што я не размаўляю па-беларуску цяпер, але, магчыма, калі кожны пачне пакрыху спрабаваць, усё стане на свае месцы. Да гэтага, зразумела, трэба прыйсьці. Што тычыцца мяне, то я на самой справе вельмі люблю беларускую мову, беларускую культуру, вельмі хацелася б нацыянальнага адраджэньня».

Юрась Булат
Юрась Булат

Ці не найбольш беларусізаваныя — прадстаўнікі беларускай школы адзінаборстваў. Адзін з самых пасьлядоўных прапагандыстаў роднай мовы — шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы ў тайбоксе, пасьпяховы трэнэр Юрась Булат. Ён і сам выдатна гаворыць па-беларуску, і падцягвае моўны ўзровень сваіх выхаванцаў. Ня дзіва, што ў спадара Булата і адпаведныя захапленьні:

Наўпроставы лінк

«Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч — яны адназначна ў маіх прыярытэтах, гэта тое, што насамрэч падабаецца. А яшчэ шмат перакладаю, чыста для сябе — зь іншых моваў на беларускую і наадварот. Ня тое што я паліглёт, але крыху па-ангельску размаўляю. З улікам таго, што адбываецца ў нашай краіне зь дзьвюхмоўем, валодаю адной і другой мовамі. І мне проста цікава, як будзе нейкае слова гучаць на нашай мове, на замежных мовах. Такая вось цікавасьць у мяне, можна нават сказаць, хобі. Што тычыцца маёй беларускасьці, то найперш прыклалі руку настаўнікі: спачатку ў школе, а потым і ў інстытуце. Увогуле па спэцыяльнасьці я інжынэр-электрык, скончыў энэргетычны факультэт, цяпер гэта Нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт. Тады шмат якія прадметы выкладаліся ў нас на беларускай мове, прычым рабілі гэта энтузіясты, выкладчыкі, якія з уласнай ініцыятывы пісалі брашуры, рыхтавалі мэтадычкі. То бок гэта ня нейкі загад зьверху, проста шмат патрыётаў-выкладчыкаў было ў сфэры адукацыі. І я ведаю, што, дзякуй богу, такіх адданых патрыётаў Беларушчыны досыць шмат і цяпер».

Міхась Курловіч
Міхась Курловіч

Міхась Курловіч — праўдападобна, самы малады трэнэр у гісторыі беларускага спорту, — мае толькі 23 гады. Ён адзін з асноўных памочнікаў Мікалая Казекі, галоўнага трэнэра фрыстайлістаў. Міхась досыць пасьпяхова пачынаў кар’еру, станавіўся прызэрам эўрапейскіх першынстваў, але далейшы шлях вызначыў менавіта ў кірунку настаўніцтва:

Наўпроставы лінк

«Ведаеце, самае дрэннае ва ўсім гэтым — тое, што мы кажам пра беларускую мову, пра беларускую нацыянальную сымболіку як пра нешта ненармальнае, забароненае. Увогуле для мяне ў гэтым няма нічога такога, каб зьдзіўляцца, таму што мы і ёсьць беларусы, тыя, пра каго прынята гаварыць у трэцяй асобе. Бо хто, калі не мы самі, павінен ведаць свае сьцягі, сваю гісторыю і размаўляць на сваёй мове? І тое, што цяпер такі рух ня надта масавы, — гэта толькі адзін бок мэдаля. Я ўсё ж спадзяюся, што ўсяму свой час і Беларусь абавязкова будзе размаўляць на сваёй мове. Зрэшты, сьцьвярджаць, што гэта здарыцца аўтаматычна, таксама не выпадае. Усё будзе, калі зьявіцца такое жаданьне ў саміх грамадзянаў. Мы можам кожны вырашаць самастойна, як сябе паводзіць, на якой мове размаўляць, як адчуваць сябе ў такім стане. Але вырашаць за ўсю краіну ніхто з нас ня здольны. Як ні банальна, трэба пачынаць зь сябе».

Тым часам пачалі зьяўляцца рэальныя дапаможнікі для тых, каму рупіць моўнае пытаньне. Культурыст у мінулым Мікола Касьцюкевіч выношвае задуму выдаць сэрыю слоўнікаў па асобных відах спорту. Першы — хакейны — выйшаў сёлета, хоць яго выпуск хацелі прымеркаваць да менскага чэмпіянату сьвету. Ці азначае гэта, што кожны раз давядзецца пераўвасабляцца ў прадстаўніка таго ці іншага віду спорту?

Мікола Касьцюкевіч
Мікола Касьцюкевіч

«Тут крышку прасьцей атрымліваецца, бо ўжо існуюць адпаведныя падручнікі і, скажам так, гатовыя слоўнікі. Таму я працую пераважна з дапаможнай літаратурай. Калі казаць пра хакей, то ёсьць тры асноўныя слоўнікі, якія ахопліваюць гэтую тэматыку — яны ангельскія, альбо ангельска-расейскія і наадварот. Лексыка там, шчыра кажучы, даволі абмежаваная, уся яна ўзятая для майго слоўніка, плюс пайшлі ў справу падручнікі па агульнай фізычнай культуры і спорце, а таксама канкрэтна па хакеі. То бок адтуль запазычаная лексыка, ну і, вядома ж, пэўныя практычныя назіраньні, кантакты з гульцамі і спэцыялістамі ў хакеі далі дадатковую інфармацыю. Справа ў тым, што ў мяне дома сабраная даволі ўнікальная калекцыя — усе беларускія слоўнікі, якія калісьці выходзілі. Гэта недзе сем соцень арыгіналаў, каля сотні скапіяваных на ксэраксе і дзесьці паўсотні сканаваных. Але ёсьць усе слоўнікі, якія выходзілі і дзе ёсьць хоць бы адзін беларускамоўны элемэнт. Таму падмурак істотны».

Пра важнасьць карыстаньня беларускай мовай выказваліся прадстаўнікі самых розных відаў спорту, сярод якіх бягуньня Аліна Талай, футбаліст Віталь Радыёнаў, хакеіст Андрэй Стась, гімнастка Міліта Станюта, адзінаборцы Віталь Гуркоў, Дзьмітры Валент, Дзьмітры Варац ды іншыя. Свой унёсак у справу беларусізацыі робяць тэлекамэнтатары Павал Баранаў, Дзьмітры Герчыкаў, нядаўна вярнуўся да камэнтаваньня па-беларуску Ўладзімер Навіцкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG