Падразьдзяленьні СБУ сумесна зь іншымі складнікамі Сіл абароны Ўкраіны 20 лютага нанесьлі ўдар па нафтаперапамповачнай станцыі «Нававялічкаўская» ў Краснадарскім краі Расеі, якая абслугоўвае нафтаправод Ціхарэцк — Наварасійск-2, паведамілі 22 лютага ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны (УСУ).
Гэтыя элемэнты нафтаперапамповачнай інфраструктуры задзейнічаныя ў забесьпячэньні расейскага войска, сказана ў паведамленьні Генштабу. Наступствы ўдару ўдакладняюцца.
Апэратыўны штаб Краснадарскага краю Расеі 20 лютага паведамляў, што ў станіцы Нававялічкаўскі Краснадарскага краю загарэлася электрападстанцыя, пажар ліквідавалі.
За першыя два месяцы 2025 году бесьпілётнікі атакавалі сама меней 17 расейскіх нафтааб’ектаў, падлічыла выданьне Astra.
У ноч на 17 лютага ў выніку атакі была выведзеная з эксплуатацыі нафтаперапампоўваючая станцыя «Крапоткінская» Касьпійскага трубаправоднага кансорцыюма ў Краснадарскім краі.
Раней пад атакі ў гэтым рэгіёне таксама траплялі Ільскі і Афіпскі НПЗ і прадпрыемства ТАА «Славянск-ЭКА».
З пачатку 2024 году расейскія НПЗ рэгулярна зазнаюць атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў. На некаторых заводах са строю выходзілі ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты, якія патрабавалі рамонту. Тым ня менш, ужо ў красавіку 2024 году Расея змагла часткова аднавіць магутнасьці ключавых нафтаперапрацоўчых заводаў.
Паводле падлікаў ВВС на жнівень 2024 году, з пачатку таго году УСУ сама меней 64 разоў атакавалі НПЗ і нафтавую інфраструктуру на тэрыторыі Расеі.
Форум