Сын дагэтуль любіць гуляць у лекара
Алёна з сынам Андрэем, як і летась, арандуюць кватэру ў Гомелі. Тут яны праводзяць большую частку жыцьця ўжо другі год.
«З Чаркасамі параўноўваць ня буду, — кажа Алёна. — Зразумела, што родны горад бліжэйшы. Але й тут няблага».
Летам 2015 году Андрэю паставілі дыягназ «востры лімфабластны лейкоз» (рак крыві). Але пасьля курсу агрэсіўнай хіміятэрапіі ўвесну 2016 году ў хлопчыка пачалася рэмісія. Цяпер ён праходзіць толькі падтрымліваючую хіміятэрапію. Калі ў яго не здараецца інфэкцыйнага фону (гэта калі выяўляюцца інфэкцыі або псуюцца аналізы крыві. — РС), маці прыводзіць Андрэя на прыём да лекара толькі раз на тыдзень.
«Спадзяюся, усё будзе так і далей», — кажа Алёна.
Амаль пастаянна ў Гомелі жыве маці Алёны, дапамагае глядзець за ўнукам. Да мужа Антона і сваякоў у Чаркасах яны езьдзяць раз на месяц. З усёй сям’ёй спадзяюцца пабачыцца і на навагоднія сьвяты.
Тады ж адсьвяткуюць у хатнім коле пяты дзень народзінаў Андрэя, які ён адзначаў 6 сьнежня. Акрамя віншаваньняў ад многіх людзей, якія ведаюць ягоную гісторыю, Андрэй атрымаў у падарунак жывога хамэлеона і цацачны аўтавоз.
«Ён заўжды быў рухавым дзіцём, — кажа Алёна. — Дагэтуль любіць гуляць у лекара. Цяпер яшчэ на лёгіку гульні ў яго. Усім цікавіцца».
За год валянтэры пашылі больш за 10 тысяч цацачных сьнегавікоў
Застацца ў Гомелі і заплаціць за ўвесь курс лекаваньня Семілітам дапамаглі грошы, сабраныя на продажы самаробных сьнегавікоў. Рэдакцыя парталу Tut.by правяла майстар-клясу і арганізавала кампанію па вырабе цацачных сьнегавікоў у сьнежні 2015 году. Тысячы людзей па ўсім сьвеце сталі замаўляць і шыць сьнегавікоў, каб дапамагчы Семілітам.
За чатыры дні пасьля публікацыяў пра Андрэя і сьнегавікоў на рахунак Семілітаў летась паступіла 19 тысяч даляраў — столькі грошай трэба было на лекаваньне. Але замовы на цацкі не спыняліся, і Алёна разам з валянтэрамі стала іх шыць далей. На сёньня яны пашылі больш за 10 тысяч цацак. Заробленыя грошы сталі пералічваць на лекаваньне іншых дзяцей. Такім чынам за год дапамаглі 15 дзеткам.
Алёна заснавала групу ў фэйсбуку «Благо-снеговик», дзе пішуць пра хворых дзяцей і валянтэраў кампаніі. Посьпех сьнегавікоў натхніў і іншых ладзіць падобныя кампаніі. Напрыклад, яшчэ адна даволі папулярная ва Ўкраіне ініцыятыва #чашкакофе ўзьнікла пасьля «сьнегавічкоў для Андрушы».
Справа ў тым, што дагэтуль людзі па ўсім сьвеце замаўляюць сьнегавікоў. Штотыдзень Алёна разам са сваякамі і валянтэрамі шые цацкі. Дапамагаюць сваякі і сябры. Каманда валянтэраў — міжнародная. Актыўныя людзі шыюць сьнегавікоў у Беларусі, Украіне і Ізраілі.
«Можна сказаць, што гэта ўжо міжнародны дабрачынны рух», — пагаджаецца Алёна.
У сярэднім Алёна і каманда шыюць і высылаюць па 15–20 сьнегавікоў на тыдзень — гэта залежыць ад замовы. А на мінулым тыдні давялося пашыць сто цацак. Іх замовіў украінскі тэлеканал «Інтэр» для дабрачыннага аўкцыёну.
«Сёлета замовы меншыя, чым летась, — кажа Алёна. — Цяпер, перад навагоднімі сьвятамі, іх стала трохі больш».
Прапаноўвалі паехаць лячыцца ў Нямеччыну і Гішпанію, але мы засталіся ў Гомелі
Пасьля таго як пра ініцыятыву Алёны напісалі сусьветныя мэдыі, да яе сталі зьвяртацца зь іншых замежных клінік. Гішпанскія і нямецкія спэцыялісты прапаноўвалі перавесьці сына на лекаваньне да іх. Але Семіліты вырашылі застацца ў Гомелі.
«Адсюль блізка да дому, і ўвогуле Беларусь — раднейшая за іншыя краіны, тут усё зразумела, — кажа Алёна. — Мы самі вырашылі застацца тут».
Андрэй — не адзінае дзіця з Украіны, што лечыцца ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека ў Гомелі. Пра яго Алёна даведалася ад іншых украінцаў, якія ўжо вазілі ў Гомель сваіх дзяцей.
«Лекаваньне ва Ўкраіне не давала выніку, — кажа Алёна. — Хоць у Чаркаскім анкалягічным шпіталі нас угаворвалі застацца. Казалі, што ў Кіеве яшчэ можна пазмагацца».
Пасьля пасьпяховага лекаваньня ў Гомелі і рэмісіі яшчэ прынамсі 30 тыдняў Андрэй павінен быць пад пільным наглядам лекараў. Потым можна будзе вярнуцца ва Ўкраіну.
«Думаю, у школу ён пойдзе ва Ўкраіне, — кажа Алёна. — Калі інфэкцыйнага фону ня будзе, праз 6–8 месяцаў можна будзе ўжо вярнуцца дамоў. Але ўсё адно будзем сюды на абсьледаваньне прыяжджаць. Таксама і да сяброў, якіх тут знайшлі».