Прычыны сьмерці салдата 120-й асобнай мэханізаванай брыгады Дзьмітрыя Ўдода будуць «дасканала вывучаныя», паабяцаў у камэнтары тэлеканалу «Беларусь-1» вайскавод Паўночна-заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі Аляксандар Вольфавіч.
На месцы здарэньня цяпер працуе Сьледчы камітэт, распачатая крымінальная справа паводле артыкулу аб парушэньні правілаў абыходжаньня са зброяй, што пацягнула сьмерць па неасьцярожнасьці.
Як сказаў Аляксандар Вольфавіч, камандаваньне «выказвае глыбокія спачуваньні маме, бацьку і ўсім родным і блізкім Дзьмітрыя, усебакова падтрымае іх і дапаможа».
«Усе прычыны будуць дасканала вывучаныя. Вінаватыя ў гэтым здарэньні будуць прыцягнуты да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь», — паабяцаў ён.
«Калі ў яго хвілінка, ён заўжды пазвоніць», — маці загінулага салдата
20-гадовы салдат тэрміновай службы Дзьмітры Ўдод загінуў 4 красавіка падчас плянавых заняткаў. Здарэньне адбылося ў агнявым гарадку 120-й асобнай мэханізаванай брыгады, якая знаходзіцца недалёка ад менскага Ўручча. Старшы мэханік-кіроўца БМП атрымаў агнястрэльнае раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём.
Пра здарэньне апэратыўна паведаміла Міністэрства абароны. Паводле афіцыйнай інфармацыі, экіпаж БМП парушыў захады бясьпекі пры дзеяньнях па ўзбраеньні баявых машынаў. Дзьмітры Ўдод праслужыў амаль год. Лістоў не пісаў, але кожны дзень ранкам сазвоньваўся зь сям’ёй.