Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Славянску: «Баюся, калі вернецца ДНР, прымусяць закопваць Чорнае мора»


Дзяржаўная адміністрацыя Славянску праз год пасьля вызваленьня
Дзяржаўная адміністрацыя Славянску праз год пасьля вызваленьня

5 ліпеня адзначаецца год вызваленьня ўкраінскага гораду Славянск ад сэпаратыстаў. Жыхар Славянска Ігар распавёў Радыё Свабода, як аднаўляецца мірнае жыцьцё.

Славянск быў сымбалем змаганьня сэпаратыстаў у часе абвяшчэньня так званай ДНР. Амаль 120-тысячны горад быў бяз бою заняты сэпаратыстамі ў красавіку 2014. Толькі праз тры месяцы, 5 ліпеня, яго ўдалося вызваліць украінскаму войску.

5 ліпеня 2015, на ўгодкі вызваленьня, у Славянску адбываюцца ўрачыстасьці — шэсьці, мітынг, ускладаньне кветак у памяць пра загінулых ды іншыя мерапрыемствы.

Жыхар Славянску Ігар у часе ўлады сэпаратыстаў, вывозіў сваю сям’ю ў суседні горад Сьвятагорск. Спадар распавядаў Свабодзе, як жылося ў Славянску ў часе ўлады сэпаратыстаў, дасылаў фотаздымкі разгромленага гораду адразу пасьля яго вызваленьня.

Рэха вайны: разбомблены пад’езд у Славянску яшчэ чакае рамонту
Рэха вайны: разбомблены пад’езд у Славянску яшчэ чакае рамонту

Расейскамоўны Ігар увесь час прытрымліваўся праўкраінскай пазыцыі, ён быў зьдзіўлены таму, як людзі «купіліся на ідэі «ДНР». Цяпер Ігар жыве ў вызваленым горадзе, і распавядае, як аднаўляецца мірнае жыцьцё.

— Ігар, як цяпер жывецца ў Славянску? Ці засталося праз год пасьля вызваленьня нейкае рэха вайны?

— Мірнае жыцьцё ўсталёўваецца, можа і ня так хутка, як хацелася б. Аднаўляюцца прадпрыемствы, хаця, тыя, якія былі арыентаваныя на Расею — напрыклад «Слаўцяжмаш», машынабудаўнічае прадпрыемства, на жаль, не працуе. Астатняе больш-менш працуе. У прынцыпе, у горадзе адноўленае даваеннае жыцьцё — транспарт, інфраструктура. Ад вайны засталіся яшчэ разбурэньні ў пасёлку Сямёнаўка, дом па вуліцы Бульварнай, дзе цэлы пад’езд быў зьнесены трапляньнем снараду. Але будзем спадзявацца, што хутка адновяць. У дзяржаве вайна, таму я выдатна разумею, што зараз не заўсёды і да гэтага.

Войскі ў горадзе ёсьць, але іх прысутнасьць не адчуваецца. Заходзіш у спальны раён — нават міліцыі няма. Праедзе патрульная машына, але так, каб вайскоўцы на кожным кроку ўсіх «шманалі» — такога няма.

— Ці павярнуліся ўжо ўсе людзі ў Славянск, або нехта вырашыў зьехаць падалей ад вайны?

— Тыя, хто актыўна падтрымліваў «ДНР» або ўдзельнічаў у гэтых узброеных фармаваньнях, зьехалі разам са сваякамі. Зьехалі і грамадзяне «з тараканамі ў галаве», якія баяліся, што зараз прыйдзе Украіна ды «Правы Сэктар» і іх усіх зарэжуць... А асноўная большасьць вярнулася, жывуць ды працуюць. Некаторыя, бывае, зьяжджаюць, калі прыходзіць позва з ваенкамату — ня хочуць ісьці служыць. Але многія ідуць. У мяне зараз двое сяброў у войску, пайшлі па позьве. Пару тыдняў таму размаўляў з адным зь іх, кажа, што задаволены, цудоўныя адносіны ў калектыве. Але ведаю і такіх, якія ўцякалі пасьля атрыманьня позвы...

Будынак Службы бясьпекі Ўкраіны ў Славянску, дзе раней разьмяшчаўся штаб “галоўнакамандуючага ДНР” Ігара Гіркіна-Стралкова
Будынак Службы бясьпекі Ўкраіны ў Славянску, дзе раней разьмяшчаўся штаб “галоўнакамандуючага ДНР” Ігара Гіркіна-Стралкова

— А куды? У Расею?

— Так, часта туды. Я размаўляў з працаўніком ваенкамату, кажа, што ніхто іх надта і не шукае, як уцякаюць. Грамадзкая пазыцыя розная, кожны робіць свой выбар.

— Як цяпер паводзяць сябе тыя жыхары Славянску, якія раней падтрымлівалі «ДНР», махалі сьцягамі, або галасавалі на рэфэрэндуме?

— Ёсьць, вядома, такія, што "вата" ў галаве засталася. Сустракаў і тых, хто бегаў са зброяй, калі тут было «ДНР». Цяпер яны маўчаць. Цяжка сказаць, на што яны цяпер спадзяюцца. Нават як помнік Леніну зьнесьлі месяц таму, то маўчаць. На плошчы пэнсіянэры паплакалі, і ўсё... Бо многія паглядзелі розьніцу. Я думаю, 90 працэнтаў цяпер падтрымліваюць Украіну. І вельмі радуе, што найперш моладзь за Ўкраіну. Працуюць валянтэры, зьбіраюць вайскоўцам ежу, розныя рэчы, я сам пару разоў у такіх акцыях удзельнічаў. Зараз сфармаваўся такі калектыў актывістаў, якія кантралююць улады, ходзяць на сэсіі гарсавету.

Я лічу, што выбар зроблены, і трэба імкнуцца да лепшага ў пляне разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, як у Эўропе. Яны далёка пайшлі ад нас наперад, і нам ёсьць чаму павучыцца.

— Пасьля вызваленьня Славянску ці затрымлівалі ўкраінскія ўлады сэпаратыстаў? Можа чыноўнікаў якіх памянялі?

— Наш мэр Нэля Штэпа спрабавала пасядзець на двух крэслах. Таму ў выніку атрымала і там, і там. Актыўных сэпаратыстаў адлоўлівалі, зброю забіралі. Але я ня чуў, каб былі нейкія канфлікты, усё досыць талерантна. Ніякіх тэрактаў у нас не было, спакойна. Людзі «наеліся» гэтай страляніны, яны паглядзелі, што калі прыйдуць тыя «вызваліцелі», то іх вызваляць і ад пэнсій, і ад заробку, і ад працы. Год таму пры ўсталяваньні «ДНР» я трапіў на плошчу, дзе галоўны камуніст Славянску распавядаў бабулькам, што будзе пэнсія па 5 тысяч грыўняў, будзе 6-гадзінны працоўны дзень. Карацей, працаваць меней, атрымліваць болей. Ну гэта было для тых людзей, якіх можна назваць люмпэнамі.

Жылы дом з новымі вокнамі і парамантаванымі сьценамі
Жылы дом з новымі вокнамі і парамантаванымі сьценамі

— Асабіста вы не баіцеся, што «ДНР» можа вярнуцца?

— Ня столькі «ДНР», колькі Расея. Усе цудоўна разумеюць, што мабілізацыйны рэсурс «ДНР» практычна вычарпаны. Асабіста я не баюся, бо за апошні год ва Ўкраіне зьявілася моцнае войска, якое можа супрацьстаяць ня толькі «ДНР», але і Расеі. Людзі перажываюць за войска, мы часам нават калектывам адзначаем перамогі Ўкраіны, як да прыкладу, пад Мар’інкай.

Без падтрымкі Расеі гэта ўсё б даўно ўжо скончылася. Ад людзей, якія жывуць на тэрыторыі «ДНР», я ведаю, што з Расеі туды возіцца ўсё вагонамі — боепрыпасы, зброя, тэхніка...

— На ваш погляд, якія пэрспэктывы ў гэтых сэпаратысцкіх тэрыторыяў? Атрымаюць незалежнасьць, стануць «замарожаным канфліктам», кшталту Прыднястроўя, або вернуцца ва Ўкраіну?

— Я так разумею, што Расея іх імкнецца вярнуць ва Ўкраіну. Таму што пачаліся размовы пра вяртаньне ва Ўкраіну на правах шырокай аўтаноміі. Шмат чаго залежыць і ад Украіны. Калі Ўкраіна рэальна перакрые мяжу з гэтымі «рэспублікамі», яны ляснуць. Там прамысловасьці ўжо ніякай. Бізнэс адтуль у асноўным зьехаў. Частка насельніцтва зьехала ў Расею. Цэны там ледзь не ў два разы вышэйшыя, чым ва Ўкраіне. Адтуль пачаўся сапраўдны «спажывецкі турызм» ва Ўкраіну. Сталі вар’яцкія цэны на білеты з Данецку да бліжэйшых украінскіх гарадоў, напрыклад Курахава, Валнаваха. Езьдзяць туды па прадукты. Як толькі Ўкраіна зробіць блякаду — яны ляснуць. Таму што рэальна там выжываюць. Я вось з чалавекам размаўляў, у яго жонка бюджэтніца ў Макееўцы пад кантролем сэпаратыстаў. За месяц ёй плацяць тысячу грыўняў. Ну гэта на ўзроўні студэнцкай стыпэндыі.

Адрамантаваны будынак школы, які быў пасечаны аскепкамі снарадаў
Адрамантаваны будынак школы, які быў пасечаны аскепкамі снарадаў

А Расеі яны не патрэбныя. Расейскія прадукты ў два разы даражэйшыя. Ды й карміць гэтае войска баевікоў — таксама трэба аднекуль браць грошы. Пэрспэктываў рэальнага разьвіцьця іх эканомікі, як чалавек, які шмат часу працаваў на вытворчасьці, я ня бачу. Вугаль? Кузбаскі вугаль для Расеі ў тры разы таньнейшы. Я думаю, яны зразумелі, што Расеі яны не патрэбныя, як і Ўкраіне ў такім выглядзе. Рана ці позна яны самі сюды вернуцца.

Украіне трэба проста паказаць, што тут жыць лепей. Праз рэформы. А чалавек — ён заўсёды шукае, дзе лепей.

Нельга адназначна ўспрымаць прэзыдэнта, урад. Тым ня меней, я лічу, дзяржава павярнулася ў правільны бок, і трэба рухацца.

На вуліцах Славянска – мір
На вуліцах Славянска – мір

— А што б вы сказалі тым людзям, якія жывуць ва Ўкраіне, але прытрымліваюцца прарасейскіх поглядаў?

— Няхай яны дакажуць, што тут фашызм. У чым гэты фашызм? Калі ім задаеш такія канкрэтныя пытаньні, яны ж адказаць ня могуць. Гэта як у Савецкім Саюзе ўсе асуджалі таго ж Троцкага, але яго ніхто не чытаў. Я ж кажу, да вызваленьня Славянску некаторыя баяліся, што сюды прыйдзе «Правы сэктар» і ўсіх зарэжа. І калі я спрабаваў запярэчыць такім людзям, то сам станавіўся ў іх вачах «Правым сэктарам». Чаму зараз ніхто нікога ня рэжа? Чаму ніхто тут не перасьледуе за тую ж расейскую мову? Калі прынясеш начальству дакумэнт на расейскай мове, цябе ніхто не папракне нават. Вось у мяне на працоўным стале большасьць дакумэнтаў па-расейску. Таксама, няма ніякага перасьледу паводле нацыянальнай прыкметы.

— Але ж па расейскім тэлебачаньні ўвесь час паказваюць розныя страхі, як у Заходняй Украіне ладзяць «фашыстоўскія маршы», уціскаюць расейскамоўных і гэтак далей.

— Калі ў тым годзе быў «дэнээраўскі» рэфэрэндум, карэспандэнтка газэты «Славянскія абвесткі» запытала ў мяне, чаму я не пайшоў на рэфэрэндум. Я ёй адказаў, што няма там за што галасаваць. То яна мяне ўсё пераконвала, што, маўляў, а як жа, прыйдуць фашысты. Пытаюся — якія фашысты, яна мне на поўным сур’ёзе кажа пра дывізію СС «Галічына». То я ёй і распавёў, колькі фармаваньняў СС было з расейцаў — 29-я дывізія СС, 25-ты корпус казачы. Кіраўніку гэтага корпуса ў Растове-на-Доне ёсьць помнік, асьвечаны праваслаўнай царквой. Выявілася, што жанчына гэтага ўсяго ня ведае. Вось ёй сказалі — «Галічына», бандэраўцы, гэта ў яе і адклалася...

Забавы для дзецей на плошчы Славянску
Забавы для дзецей на плошчы Славянску

Фашызм — гэта ідэалёгія ўзвышэньня адной нацыі над іншымі. Ніхто ў нас тут гэтага не прапаведуе. І гэтага ніколі ня было. І не было ніколі ў Заходняй Украіне.

А на расейскім тэлебачаньні распавядаюць розныя байкі. І што тут мы бярозы высякаем з-за няпрыязі да расейцаў, і сьнегіроў забіваем... Быццам бы ва Ўкраіне дзяцей у школе вучаць, што гэта старажытныя ўкраінцы выкапалі Чорнае мора. То цяпер, калі ў мяне пытаюцца, ці баюся я, што павернецца «ДНР», то я адказваю, што баюся, бо калі прыйдуць, то прымусяць закопваць назад Чорнае мора...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG