Менскі гарадзкі суд не задаволіў скаргу журналіста парталу tut.by Паўла Дабравольскага на пастанову Фрунзенскага раённага суду, які прызнаў яго вінаватым у непадпарадкаваньні і хуліганстве ды пакараў штрафам у 45 базавых велічынь.
Скаргу разглядаў судзьдзя Валер Камісараў.
Павал Дабравольскі пракамэнтаваў рашэньне суду:
«Гэтае рашэньне для мяне ня стала нечаканасьцю. Бачна зноў, што гэта адзіная сыстэма, Фрунзенскі раённы суд і гарадзкі, гэта нават адзіны будынак. Буду абскарджваць гэтую пастанову. Спачатку падам наглядную скаргу на імя старшыні гарсуду, калі не дапаможа — у Вярхоўны суд».
У сваёй скарзе Павал Дабравольскі даводзіў, што пратаколы ягоных нібыта правапарушэньняў аб непадпарадкаваньні і хуліганстве супярэчылі адзін аднаму. Таксама журналіст зьвярнуў увагу гарсуду на тое, што Фрунзенскі суд не дапытаў сьведак інцыдэнту Паўла Сяргея ды іншых — сьведчаньні давалі толькі міліцыянты.
«Атрымліваецца, што судзьдзя Камісараў стаў удзельнікам таго злачынства, якое адбылося супраць мяне ў гэтым будынку 25 студзеня», — сказаў Павал Дабравольскі.
Цяпер журналіст больш надзей ускладае на праверку, якую вядзе Сьледчы камітэт.
«Мяне там дапытвалі тройчы, узялі на праверку мой мабільны тэлефон і рэчы, кажуць, што праводзяць пэўныя дзеяньні, але калі будуць вынікі праверкі, мне невядома. Ужо павінны былі быць, але пакуль няма», — сказаў Павал Дабравольскі.