Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч пракамэнтаваў памілаваньне карупцыянэраў, вялікія штрафы актывістам апазыцыі і справу зьбітага журналіста tut.by Паўла Дабравольскага.
«Асабіста я сьпісу памілаваных карупцыянэраў ня бачыў»
Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валер Калінковіч патлумачыў журналістам, якім чынам памілаваныя карупцыянэры змаглі абыйсьці забарону працаваць на кіроўных пасадах.
«Памілаваньне можа быць у выглядзе вызваленьня асуджанага ад асноўнага пакараньня, з захаваньнем дадатковага, а можа быць з вызваленьнем асуджанай асобы як ад асноўнага, гэтак і дадатковага пакараньня. Калі гаворка пра карупцыйныя злачынствы, дык дадатковае пакараньне — гэта забарона на пэўны тэрмін займаць кіроўныя пасады. Калі прынятае такое рашэньне, дык няма перашкод у працаўладкаваньні на пасаду, гэта законам прадугледжана», — сказаў Валер Калінковіч адносна прызначэньня шэрагу пакараных за карупцыю чыноўнікаў на кіроўныя пасады.
Сам Валер Калінковіч, паводле ягоных словаў, сьпісу памілаваных карупцыянэраў ня бачыў. А на дадатковае пытаньне журналіста, як гэтая практыка ўплывае на барацьбу з карупцыяй, сказаў, што гэта яму камэнтаваць цяжка, бо ня ён прымаў такія рашэньні.
З пачатку году ўжо каля дзясятка былых карупцыянэраў прызначаныя дырэктарамі стратных заводаў і гаспадарак. Адкрыў сьпіс памілаваных хабарнікаў былы намесьнік генпракурора Аляксандар Архіпаў.
«Кожны павінен выконваць закон — і журналіст, і міліцыянт»
Да Валера Калінковіча зьвярнуліся па камэнтар пра інцыдэнт са зьбіцьцём журналіста tut.by у будынку Фрунзенскага суду. Замест таго каб пакараць вінаватых у зьбіцьці журналіста, раённы суд аштрафаваў яго самога за непадпарадкаваньне. У судзьдзі Калінковіча папрасілі парады: як журналіст павінен сябе паводзіць, калі бачыць, што ў судзе зьбіваюць затрыманага?
Людзі, якія знаходзяцца ў будынках афіцыйных устаноў, павінны выконваць закон. Гэта тычыцца і міліцыі, і журналістаў.
«Людзі, якія знаходзяцца ў будынках афіцыйных устаноў, павінны выконваць закон. Гэта тычыцца і міліцыі, і журналістаў. Што да сытуацыі з Паўлам Дабравольскім, наколькі ведаю, ён абскардзіў рашэньне суду адносна яго ў Менскім гарадзкім судзе, пастанова яшчэ не ўступіла ў сілу».
У справе зьбіцьця журналіста Паўла Дабравольскага прадстаўнікі МУС не прыносілі выбачэньняў.
Пра штрафы актывістам у 50 базавых: «Магчыма, яны шмат разоў парушалі закон»
У Валера Калінковіча пацікавіліся: чаму суды даюць актывістам апазыцыі велізарныя штрафы, у 40–50 базавых велічынь, якія несувымерныя зь сярэднім заробкам у краіне.
«Ня ведаючы акалічнасьцяў пэўнай справы, немагчыма нешта камэнтаваць», — адказаў Валер Калінковіч і дадаў, што пастановы аб штрафах можна абскардзіць у законным парадку.
«Але ніводная скарга актывіста не была задаволеная, таму гэта і выглядае як расправа паводле палітычных меркаваньняў», — сказалі яму на гэта.
Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду адказаў:
Значыць, падставаў для карэкціроўкі пастановы вышэйстаячы суд не знайшоў, ён мае на гэта права.
«Значыць, падставаў для карэкціроўкі пастановы вышэйстаячы суд не знайшоў, ён мае на гэта права. Калі тая ці іншая асоба сыстэматычна дапускае правапарушэньні або мае судзімасьць па крымінальнай справе, гэта прызнаецца за абцяжваючыя абставіны».
Паводле прэсавага рэлізу Вярхоўнага суду, летась адміністрацыйна пакараных грамадзянаў стала болей на 12%. Усяго было пакарана каля 250 тысяч чалавек, больш за палову зь іх — за дробнае хуліганства, расьпіцьцё алькаголю ў грамадзкіх месцах і нанясеньне цялесных пашкоджаньняў.