Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Давыдзька абвінаваціў зьбітага журналіста TUT.by у правакацыі, а той назваў словы кіраўніка БТ хлусьнёй


Генадзь Давыдзька, архіўнае фота 2010 году
Генадзь Давыдзька, архіўнае фота 2010 году

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька прысьвяціў чарговы выпуск сваёй праграмы «Клюб рэдактараў» зьбіцьцю журналіста TUT.by Паўла Дабравольскага.

Давыдзька фактычна абвінаваціў журналіста ў правакацыі. Гэтую пазыцыю зь ім падзялілі рэдактар «Советской Белоруссии» Павал Якубовіч і кіраўнік БелТА Дзьмітры Жук.

У сваю чаргу, сам Дабравольскі ў інтэрвію Свабодзе назваў словы старшыні Белтэлерадыёкампаніі і іншых удзельнікаў праграмы хлусьнёй.

Чарговы выпуск «Клюбу рэдактараў» меў назву «Асьцярожна, правакацыя!». Давыдзька казаў, што інцыдэнт з журналістам у судзе яму нагадаў зьбіцьцё студэнтаў на Майдане 30 лістапада 2013 году — маўляў, тады таксама была правакацыя.

Павал Дабравольскі
Павал Дабравольскі

«Усе іхнія (удзельнікаў праграмы. — РС) довады пабудаваныя на хлусьні. Паводле слоў Давыдзькі, я ўварваўся ў службовае памяшканьне (што зьяўляецца хлусьнёй), пачаў крычаць і правакаваць (што зьяўляецца хлусьнёй), на просьбы „Выйдзіце, калі ласка“ не рэагаваў (што таксама зьяўляецца хлусьнёй)», — кажа Павал Дабравольскі.

Затым Давыдзька паказаў фота Дабравольскага са сьлядамі зьбіцьця і паставіў пад сумнеў, што за 20 хвілін зьбіцьця амапаўцамі маглі быць такія нязначныя наступствы. «За 20 хвілін гэтая драпіна?», — спытаў Давыдзька.

«На самой справе мне было нанесена некалькі дзясяткаў удараў нагамі, што пацьвердзіла экспэртыза, — кажа Дабравольскі. — Скепсіс Давыдзькі зводзіцца да таго, што мяне ў рытме труса дубасілі безь перапынку ўсе гэтыя 20 хвілін. Але так інтэнсіўна білі толькі каля хвіліны. А затым былі рэдкія, але рэгулярныя ўдары. Білі, зразумела, ня ў поўную сілу — мэта ж не забіць, а прычыніць боль. Ну, і куртка мяне неяк выратавала. А тое, што ён паказаў фота з адным саднем — гэта скажэньне рэчаіснасьці. Іх у мяне вельмі шмат».

Удзельнікі «Клюбу рэдактараў» таксама зьвярнуліся да біяграфіі Паўла Дабравольскага, узгадаўшы што пэўны час ён працаваў (дакладней — быў на стажыроўцы) ва Ўкраіне ў выданьні «Новое время», якое падтрымлівала Майдан.

Нават у Данецкім аэрапорце, захопленым ДНРаўцамі, дзе мне было знаходзіцца адназначна нельга, журналісцкае пасьведчаньне падзейнічала на тых людзей, якія мяне забралі. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. (...) У адрозьненьне ад таго, што адбылося ў судзе ў Менску.

«На самой справе нават у Данецкім аэрапорце, захопленым ДНРаўцамі, дзе мне было знаходзіцца адназначна нельга, журналісцкае пасьведчаньне беларускага сайта «Ежедневник» (пра які там, упэўнены, ніхто ніколі ня чуў) падзейнічала на тых людзей, якія мяне забралі. Яны паводзілі сябе вельмі карэктна. Так, мяне ўтрымлівалі гадзін пяць, мы чакалі нейкую шышку. Але, па-першае, пры гэтым узброеныя сэпаратысты зьвярталіся да мяне на «вы», па-другое, ніякіх цялесных пашкоджаньняў мне нанесена не было — у адрозьненьне ад таго, што адбылося ў судзе ў Менску. У мяне было тры паездкі на Данбас, я быў на Майдане ў студзені — і я ўсё гэта прайшоў бяз драпіны. А тут такое. Прычым яны гэтага нават не прызнаюць. Давыдзька ж пачаў са слоў «нібыта зьбіцьцё», — кажа Дабравольскі.

Напрыканцы праграмы Давыдзька прыходзіць да высновы, што правакацыя атрымалася: журналіст раскруціў сваё прозьвішча, а пэўныя палітычныя групы атрымалі палітычныя дывідэнды.

«У цэлым гэты сюжэт і суботняя публікацыя ў „Советской Белоруссии“ (аналягічная па зьмесьце. — РС) — гэта рэакцыя, якая грунтуецца на хлусьні. Гэтая рэакцыя паказвае, што ў процілеглага боку няма козыраў, і яны таму блефуюць», — кажа ён.

На думку Дабравольскага, тое, што да гэтага падключылі галоўную газэту і галоўны тэлеканал краіны, — гэта паказчык таго, што ўлады баяцца рэзанансу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG