Міністар інфармацыі Лілія Ананіч распавяла ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» пра адказ Міністэрства ўнутраных справаў адносна зьбіцьця журналіста і двух актывістаў падчас разгляду ў судзе «справы графіцістаў».
«Мы атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных справаў, які яскрава сьведчыць аб парушэньні працэсуальнага заканадаўства і ўжываньні законных мераў узьдзеяньня на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту, — казала Ананіч. — Журналіст ня можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць гэта не журналістыка, значыць гэта нейкія дзеяньні, скіраваныя на дыскрэдытацыю прафэсіі, а не на атрыманьне інфармацыі».
Падчас затрыманьня актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка людзі ў цывільным таксама схапілі журналіста Tut.by Паўла Дабравольскага. Трох маладых людзей зьбілі, а потым аштрафавалі.
Паводле афіцыйнай вэрсіі, прынятай на падставе паказаньняў саміх міліцыянтаў, Дабравольскі пабег у калідор за міліцыянтамі, якія затрымлівалі актывістаў, «пачаў навальвацца» на аднаго зь іх, «хапацца за каўнер яго курткі і цягнуць на сябе», таксама «выказваў нецэнзурную лаянку на адрас дзейнай улады і супрацоўнікаў міліцыі». Сам Дабравольскі распавядае, што яго зацягнулі ў службовае памяшканьне і пачалі зьбіваць са словамі: «Вольнай журналістыкі захацеў — на, атрымай». У яго зафіксаваныя лёгкія цялесныя пашкоджаньні.
Павал Дабравольскі, як распавядае ён Свабодзе, зьдзіўлены словамі Ананіч і не зьбіраецца здавацца ў адстойваньні сваёй праўды:
«Мяне зьдзівіла фраза, што я зьяўляюся „актыўным бокам канфлікту“. Актыўным бокам я, зразумела, не зьяўляўся. З тымі хлопцамі, якія ладзілі акцыю, я ня быў знаёмы. Ня ведаю, з чаго гэта вынікае. Іншае, што мяне зьдзівіла, гэта фраза пра „законнасьць мераў“ з боку АМАП. Калі зьбіваюць да крыві і калі гэта „законныя меры“... Ну, выбачайце!
Праз суд мы спрабуем абскардзіць прысуд і штраф. Што датычыцца зьбіцьця, гэтым займаецца Сьледчы камітэт. Мы напісалі заяву, і ён цяпер праводзіць праверку, мы нічога рабіць ня можам. Праца ідзе па двух франтах, але што мы маглі зрабіць — гэта толькі абскардзіць прысуд адносна штрафу, а разьбірацца з АМАП-аўцамі мы ня можам. Калі скажуць, што злачынства ня выяўлена, а Дабравольскі схлусіў, будзем думаць, як дзейнічаць бязь Сьледчага камітэту, але спадзяемся, што яны будуць сваю працу рабіць належным чынам».
Раней у «правакацыі» Дабравольскага абвінавачваў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька.
На відэазапісах розных журналістаў бачна толькі, як хапаюць Шыцька і Сяргея, але далейшыя дзеяньні ў калідоры, куды адвялі актывістаў і Дабравольскага і куды іншых журналістаў не пусьцілі людзі ў цывільным, на відэа журналістаў не зафіксаваныя. Павал згадвае, што быў у будынку суду некалькі дзён таму, каб аднавіць у памяці дэталі кшталту нумароў кабінэтаў. Ён зьвярнуў увагу на тое, што ў калідоры, дзе яго пачалі зьбіваць, няма камэраў нагляду — ці іх ужо зьнялі, ці іх там ніколі і не было. Таму відэа зьбіцьця, нават калі яно было, зьявіцца хіба ў «абмежаванага кола людзей», кажа Дабравольскі.