Вязень Плошчы, барысаўчанін Аляксандар Малчанаў, які пэўны час знаходзіўся ва Ўкраіне ў зоне АТА, паведаміў, што супраць яго ў Беларусі пачатая крымінальная справа за наёмніцтва.
«Крута, цяпер я магу сябе лічыць паўнавартасным баевіком-наймітам. Гучыць магутна», — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Ці насамрэч гэта справа пачатая і як бачыць Аляксандар Малчанаў свае пэрспэктывы, ён распавёў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды.
— Аляксандар, як вы даведаліся, што супраць вас пачатая справа?
— Хто менавіта паведаміў, я не магу сказаць, бо ў іх могуць быць пэўныя праблемы, бо яны знаходзяцца ў Беларусі. Але я маю зносіны з шэрагам суайчыньнікаў праз інтэрнэт і тэлефон. Да мяне дайшлі зьвесткі, што, напрыклад, каля месяца таму да пакупнікоў майго дома, які я прадаў у Барысаве, прыяжджалі нейкія супрацоўнікі КДБ і гутарылі зь імі пра мяне. Хаця падрабязнасьцяў гэтай размовы я ня ведаю. Я думаю, што якраз пра тое, чым я займаюся ва Ўкраіне.
Я, аднак, ня ведаю, чаго яны хацелі ад пакупнікоў, бо я зь імі на гэтыя тэмы не размаўляў. У прынцыпе, нічога карыснага яны не маглі ім сказаць. Відаць, на ўсялякі выпадак апыталі.
Таксама некаторых маіх знаёмых і даволі блізкіх людзей: альбо іх выклікалі ў КДБ, альбо прыходзілі да іх проста на працу. Пыталіся, у тым ліку, калі я прыяжджаў у Беларусь, ці не паказваў ім якія фатаздымкі з фронту, ці не прывозіў зброю, ці не плянаваў я нешта ў Беларусі. Таксама задавалі многія іншыя пытаньні пра мае дзеяньні ва Ўкраіне.
— Ці вы адчуваеце цяпер сябе ў бясьпецы?
— Мне ўсё роўна. Калі я апошні раз адʼяжджаў зь Беларусі, я разумеў, што так ці інакш на мяне там будзе заведзена куча крымінальных спраў. І ня важна, артыкул «найміцтва» ці які іншы. Я разумею, што тут, ва Ўкраіне, мне КДБ-шнікі нічога ня змогуць зрабіць. І было б нават забаўна паглядзець, каб сюды якая група прыехала і паспрабавала, Натуральна, праблемы былі б толькі ў іх, і вельмі сурʼёзныя.
— Вы маеце ўжо грамадзянства Ўкраіны?
— Грамадзянства ў мяне беларускае. І ў сувязі з гэтым маю тут ва Ўкраіне пэўныя складанасьці. У мяне ёсьць від на жыхарства, мне цяжка зь ім недзе афіцыйна працаўладкавацца, таму цяпер працую грузчыкам на адным з рынкаў Кіева.
— Натуральна, вяртацца ў Беларусь вы не зьбіраецеся...
— Цяпер, я разумею, калі я прыеду — гэта адразу тэрмін, і значны. То бок пакуль у Беларусі не памяняецца сытуацыя, я думаю, мне там лепш не зьяўляцца.
Таму пакуль цяпер на фронце ціха, спрабую, калі не адновяцца баявыя дзеяньні, неяк уладкавацца ў Кіеве. Хутка дабудуюць мой дом, то бок буду неяк спрабаваць зарабіць грошай на рамонт.
— Як вы ставіцеся да перасьледу ў Беларусі беларусаў, якія ваююць на ўкраінскім баку?
— Гэта было адпачатку прадказальна, што патрыёты Беларусі для іх — гэта першыя ворагі. То бок пакуль ля ўлады знаходзіцца Лукашэнка, зразумела, што такое будзе, і было б дзіўна, калі б гэтага не было. Усё чакана.
Паводле МУС Беларусі, у сьледчыя органы перададзена ўжо 28 спраў, якія тычацца прыкладна 130 беларусаў, якія бяруць удзел ва ўкраінскім канфлікце.