Сяргею Пятрухіну — 45 год, ён быў акторам берасьцейскага тэатру, працаваў на мясцовым радыё, быў намесьнікам дырэктара вясковага клюбу. Цяпер працуе намесьнікам дырэктара па рэкляме ў ювэлірнай майстэрні.
Найбольшая вядомасьць прыйшла да Сяргея Пятрухіна празь відэаблог «Народны рэпарцёр», які ён пачаў весьці два гады таму. Сканцэнтраваўся на карупцыі і злоўжываньнях чыноўнікаў і сілавікоў. Сам Сяргей кажа, што сучасныя тэхналёгіі, інтэрнэт, дазваляюць выяўляць і адлюстроўваць справы, якія часам спрабуюць утойваць людзі, якія маюць уладу.
У пачатку ліпеня інтэрнэт абляцела вестка, што міліцыянты забралі ў блогера Сяргея Пятрухіна кампутар і тэлефон. Спадар выказаўся тады Свабодзе, што зьвязвае гэта зь некаторымі матэрыяламі, якія ён рабіў на тэму карупцыі.
У выніку, кампутар і тэлефон Сяргею Пятрухіну вярнулі «пасьля азнаямленьня з інфармацыяй на гэтых носьбітах».
Свабода пагутарыла зь Сяргеем Пятрухіным пра тое, як актор стаў блогерам, ці не баіцца перасьледу за свае матэрыялы, і навошта ён выправіўся ў дэпутаты.
Я ўбачыў, што чалавек — гэта проста пыл. Хоць дэкляруецца, што галоўная каштоўнасьць — чалавек
— Сяргей, раскажыце, чаму вы надумалі займацца блогам, здымаць свае відэасюжэты пра карупцыю?
— У нас дома працякаў дах, былі вялікія непарадкі з рамонтам. З натугай вяліся перамовы з камунальнікамі. І так мне гэта апрыкрала, што я пастанавіў зрабіць фільм. І ледзь толькі ён выйшаў — ужо назаўтра пачалі рамонт. І я перш ня думаў рабіць блог, але потым яно мяне зацягнула. Я купіў камэру, пачаў здымаць.
Першыя відэа — як у Берасьці з цэнтру гораду высялялі людзей. Штучна рабілі будынкі аварыйнымі, людзей высялялі на прадмесьці і «рэалізоўвалі інвэстпраекты». Прытым высяленьнем людзей займаўся не інвэстар, а горад, што выклікала падазрэньне аб карупцыі.
Разам зь Дзянісам Турчаняком з руху «За свабоду» мы займаліся гэтай праблемай, і я адкрыў для сябе, што законы ў краіне не працуюць. Гэта значыць, закон працуе супраць людзей. Чыноўнікі зь любой сытуацыі выкручваюцца. Я ўбачыў, што чалавек — гэта проста пыл. Хоць дэкляруецца, што галоўная каштоўнасьць — чалавек. Угледзеўшы такую несправядлівасьць, адчуўшы яе на сваім прыкладзе, мяне гэта абурыла.
Я лічу, што калі дзяржава нешта дакляруе — то трэба гэта ўсім рабіць. І чыноўнікі мусяць весьці рэй, каб народ браў прыклад зь іх.
Тое, што не працуюць законы, — я пераканаўся
— Вы не прафэсійны журналіст, але вашы рэпартажы зацікавілі тысячы людзей. У чым сакрэт? У саркастычным тоне вашых відэа?
— Я так мысьлю. Любіў некалі глядзець перадачы Парфёнава, Дзіброва (расейскія журналісты, — РС). Я ж дарослы чалавек, маю сфармаваны погляд на сьвет і, спадзяюся, магу свае думкі выражаць. Дый працую я не адзін. Цяпер я б ня даў рады такім складаным справам — мне дапамагаюць сябры, зь якімі мы пішам сцэнары, юрысты дапамагаюць.
— У сваіх расьсьледаваньнях вы часта «наступаеце на пяткі» людзям, якія маюць уладу ў Берасьці. Ці не пагражалі вам у сувязі з гэтым?
— Не, такога ня было. Але тое, што не працуюць законы, — я пераканаўся. Я ўвогуле, зьдзіўлены, як чалавек, які працуе ў дзяржкантролі, структуры, якая правярае ўгоды зь зямлёй, — як ён застаўся на сваім працоўным месцы? Гэта проста мэганахабнасьць, гэта плявок у людзей. Яго злавілі на тым, што яму гарвыканкам выдзеліў надзел у цэнтры гораду, дзе жылі людзі. І гэтых людзей горад расьсяляў. Ён ня мог гэтага ня ведаць. І ён застаўся, працуе. Пішуць, як ён ловіць нейкіх пінскіх прадпрымальнікаў, якія гандлююць бялізнай.
— Але ці ня страшна вам займацца такімі рэпартажамі аб карупцыі? Усё ж вы чапляеце інтарэсы мясцовай улады.
— У гэтым я цалкам трымаюся лініі нашага ўраду. Яны дакляруюць змагацца з карупцыяй, яны выдалі закон пра 50 базавых узнагароды за дапамогу раскрыцьцю карупцыйных справаў. Я толькі ім дапамагаю. Я раблю тое, да чаго заклікае прэзыдэнт, — змагаюся з карупцыяй.
Дзе-нідзе ёсьць несумленныя чыноўнікі. Калі яны крадуць — яны павінны за гэта адказваць. Яны проста ганьбяць усіх астатніх людзей, якія ва ўладзе.
Мяне часам знаёмыя як сустракаюць, са зьдзіўленьнем пытаюцца — во, маўляў, ты жывы? Цябе заб’юць, кажуць. І мне гэта зусім незразумела. Чаго? Хто мяне заб’е?
Наконт таго, ці ня страшна. Мяне часам знаёмыя як сустракаюць, са зьдзіўленьнем пытаюцца — во, маўляў, ты жывы? Цябе заб’юць, кажуць. І мне гэта зусім незразумела. Чаго? Хто мяне заб’е? Я ж усё паводле закону раблю. І вы бярыце зь мяне прыклад і так рабіце. Тады можа ў нас і жыцьцё памяняецца. Ня трэба даваць, каб з вас зьдзекаваліся і аб вас ногі выціралі. Ёсьць жа законы, і трэба зрабіць так, каб яны працавалі. Але трэба гэтага перш захацець.
— Скажыце, ці былі ў вас нейкія рэпартажы, дзякуючы якім разьвязваліся праблемы людзей?
— Так, і для мяне гэта вельмі прыемна. Дом на вуліцы Гогаля меркавалі расьсяляць на прадмесьці. Але нашае ўмяшаньне пакінула жыхароў у цэнтры гораду, ім далі кватэры ў цэнтры — нават большыя за старыя.
Ну ізноў жа — пасьля матэрыялу пра выдзяленьне надзелу чыноўніку дзяржкантролю завялі крымінальную справу. Я лічу, што гэта таксама добры вынік.
— Ці працавалі над нейкімі сьмешнымі, абсурднымі тэмамі?
— У матэрыяле «ОБЭП решил похмелиться» расказваецца, як супрацоўнікі аддзелу па змаганьні з эканамічнымі злачынствамі канфіскавалі калекцыю алькаголю ў жыхара Кобрына. Людзі прыйшлі дахаты да чалавека 9 траўня, афіцэры. У чалавека ў сям’і прапісана 4 чалавекі, у іх магло быць да 20 літраў алькаголю, а яны забралі калекцыю 18 літраў. І потым судзьдзя згарнуў справу празь «нязначнасьць правапарушэньня». Дык там жа няма таго правапарушэньня. Судзьдзя ратавала проста гонар гэтых супрацоўнікаў, якія канфіскоўвалі.
У выпадку, калі стану дэпутатам, у мяне будуць іншыя паўнамоцтвы, большы доступ да тых тэмаў, якія цікавяць
— Цяпер вы зьбіраеце подпісы, каб вылучыцца кандыдатам у дэпутаты парлямэнту. У вас і праўда ёсьць шчырае спадзяваньне стаць дэпутатам?
— Рэч у тым, што пра мяне даведаюцца людзі. Я вам скажу: ходзячы па кватэрах, стоячы ў пікеце і зьбіраючы подпісы, я бачу, што мяне людзі ведаюць, пазнаюць. Многія бачылі мае фільмы.
У выпадку, калі стану дэпутатам, у мяне будуць іншыя паўнамоцтвы, большы доступ да тых тэмаў, якія цікавяць. Буду рабіць дэпутацкія запыты і разьбірацца ў гэтых справах.
Сабралі ўжо больш за палову подпісаў. Час яшчэ ёсьць, укладаемся ў плян.
Курс нашай улады на змаганьне з карупцыяй я падтрымліваю, але я ня бачу, каб улада сама змагалася з карупцыяй
— А вось якім вы сябе лічыце — апазыцыйным, або праўладным чалавекам?
— Я заўсёды быў у апазыцыі да любой улады. Бо ў любой краіне ўсякая ўлада хоча грамадзтва, як любіць казаць прэзыдэнт, «нахіліць». Якая б улада не прыйшла, я ўсё роўна буду глядзець на яе падазрона. Павінна сфарміравацца грамадзянская супольнасьць, якая ўладу кантралюе. А ў нас гэтая супольнасьць яшчэ слаба разьвітая.
Курс нашай улады на змаганьне з карупцыяй я падтрымліваю, але я ня бачу, каб улада сама змагалася з карупцыяй. Пасадзяць некага дробнага, а потым паставяць старшынёй калгасу. Вось гэтага я не разумею. Бо я думаю, што злоўжываньні вельмі вялікія, а тое, што мы даведаліся — гэта маленькая кропля.