Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовы фэрмэр з Наваградчыны хоча ў дэпутаты і сабраў 2200 подпісаў


Вадзім Леван
Вадзім Леван

Ініцыятыўныя група сябра руху «За свабоду» Вадзіма Левана, які працуе фэрмэрам у Наваградку, пры норме адна тысяча подпісаў, якія неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, мае ўжо ўдвая болей.

На пытаньне Свабоды, навошта яму столькі подпісаў, Вадзім адказаў так:

«А такі агульны настрой у нашай групы. Нас 25 чалавек, многія або ўзялі адпачынак на працы, альбо закінулі ўласныя справы, і штодня мы зьбіраем подпісы. Яны патрэбныя не для колькасьці. Проста кожны новы подпіс — гэта размова зь яшчэ адным выбарцам. Размова грунтоўная. Мы палічылі, што ў сярэднім на адзін подпіс траціцца 15 хвілін. Мы хочам паказаць, што мы ёсьць, што мы працуем, што мы спадзяёмся на тых, хто падпісаўся за мяне, што яны і прагаласуюць за мяне 11 верасьня.

Сярэдні ўзрост нашай групы — 25 гадоў. Яе касьцяк склалі людзі, зь якімі я праводзіў два гады таму першую ў маім жыцьці выбарчую кампанію ў мясцовы савет. Гэта Дзяніс Тараскевіч, Аляксандра Навагран, Руслан Мазоль ды іншыя. Тады мы толькі ўсяму вучыліся, да ўсяго прыглядаліся. Асаблівых амбіцыяў не было. А зараз падрыхтавалі для выбарцаў сваю народную праграму, праграму рэформаў. Людзі зь ёю знаёмяцца і кажуць: добрая праграма, можа, хоць што зьменіцца да лепшага!

Людзям падабаецца, што я ня нейкі абібок, што развожу авечак і кароў. А калі я кажу, што мая жонка Жанна — фэльчар-акушэр у радзільным доме, што мы маем трох сыноў Арсенія, Цімура і Марціна — подпісы ставяць яшчэ ахвотней.

Зараз мы праводзім унутраную праверку сабраных подпісаў. І час ад часу камусьці з падпісантаў тэлефануем. Рэакцыя цудоўная — людзі дзякуюць, што пра іх не забываюцца. Просяць удакладніць, калі будзе сустрэча з кандыдатам, дзе яго можна яшчэ пабачыць, абяцаюць галасаваць за мяне. Людзі запомнілі нас. Ім падабаецца, што каманда маладая, добразычлівая. Толькі часам хтосьці са сталых людзей папракае: маўляў, малады яшчэ, куды яму ў дэпутаты

Часам людзі ў мяне пытаюцца: якая ваша палітычная пазыцыя, за што вы змагаецеся? Я адказваю, што зьвязаў свой лёс з рухам «За свабоду». А гэты рух падтрымлівае праэўрапейскіх і прабеларускіх кандыдатаў у дэпутаты. Я хачу, каб мае сябры, мае знаёмыя, урэшце рэшт усе беларусы жылі гэтаксама, як сёньня жывуць людзі ў Польшчы ці Чэхіі. Я хачу, каб беларусы не забываліся, што яны беларусы ад нараджэньня, а не нейкія там тутэйшыя. І галоўнае, што, калі мы здолеем кансалідавацца, то многага зможам дамагчыся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG