Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафаваны пастар Нікалаенка: «Хрыстос таксама ня ўсім падабаўся»


Пастар пратэстанцкай царквы «Праабражэньне» Сяргей Нікалаенка зь верніцай
Пастар пратэстанцкай царквы «Праабражэньне» Сяргей Нікалаенка зь верніцай

19 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Віктар Казачок пастанавіў аштрафаваць пастара пратэстанцкай суполкі Царквы Божай «Праабражэньне» Сяргея Нікалаенку на 20 базавых велічыняў (3,6 мільёна рублёў) за правядзеньне набажэнства ў арандаваным памяшканьні па вуліцы Савецкай, 126. Суд прызнаў набажэнства афіцыйна зарэгістраванай рэлігійнай суполкі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам, паколькі яно не было ўзгоднена з адміністрацыяй Цэнтральнага раёну.

У судзе пастар Нікалаенка не прызнаў віны ў парушэньні парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства. Ён прадставіў суду копіі пасьведчаньня аб рэгістрацыі Гомельскім аблвыканкамам сваёй рэлігійнай суполкі «Праабражэньне», дамовы на арэнду памяшканьня, асабістыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць ягоны статус як духоўніка. Абгрунтаваў у сваім выступе і права вернікаў на набажэнства супольна зь іншымі асобамі, замацаванае ў беларускай Канстытуцыі і ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь. Тым больш што яно праводзілася ў памяшканьні ў нядзелю, 31 траўня, калі вернікі адзначалі прастольнае сьвята Тройцы.

Судзьдзя Віктар Казачок удакладніў толькі, ці меў пастар пісьмовы дазвол адміністрацыі Цэнтральнага раёну на набажэнства і ці ёсьць у яго на ўтрыманьні малалетнія дзеці. А пачуўшы, што малалетніх дзяцей чацьвёра, тут жа абвясьціў рашэньне: «Вінаваты. Штраф 20 базавых — мінімальны паводле артыкула 23.34, хаця ён не такі ўжо й малы — 3 мільёны 600 тысяч».

Пастанову аб пакараньні штрафам Сяргей Нікалаенка мае аспрэчыць у абласным судзе, бо лічыць яе несправядлівай:

«У нас ёсьць афіцыйны дазвол на правядзеньне набажэнства ў Гомелі — мы зарэгістраваная рэлігійная суполка. Адзінае, чаго ў нас не было, — гэта ўзгадненьня на правядзеньне набажэнства ў Цэнтральным раёне. На ўліку мы ў раёне Савецкім. Мы падалі ўсе дакумэнты, але на той час, як прыйшла міліцыя, яны не былі падпісаныя — тэрміны чамусьці былі зацягнуты самой адміністрацыяй. На ранейшых нашых набажэнствах былі прадстаўнікі ўлады, ідэалягічнага аддзелу. Ведалі выдатна, што мы там праводзім. Вусна яны дазвалялі, не забаранялі гэтага рабіць».

Пакараньне штрафам пастар лічыць парушэньнем свабоды веравызнаньня:

У адпаведнасьці з артыкулам 31 Канстытуцыі мы можам вольна выяўляць свае рэлігійныя погляды самі і супольна зь іншымі

«Гэта парушэньне нашых свабодаў. У адпаведнасьці з артыкулам 31 Канстытуцыі мы можам вольна выяўляць свае рэлігійныя погляды самі і супольна зь іншымі. Мы імкнуліся дзейнічаць у прававым полі, але бачыце, як атрымалася — не зусім карэктна. Вельмі складана разабрацца ў нашых законах, якія часта супярэчаць адзін аднаму. Ва Ўкраіне і Расеі — там наагул не патрэбна рэгістраваць царкву. Дастаткова паведаміць уладам, што яна ёсьць. А ў некаторых краінах і наагул ня трэба паведамляць — можаце спакойна зьбірацца, маліцца, прапаведаваць. У нашай жа краіне адзін закон дазваляе, а іншы абмяжоўвае нашы правы і свабоды. Магчыма, камусьці мы не падабаемся. Але ж Хрыстос таксама ня ўсім падабаўся».

Вернік рэлігійнай суполкі спадар Станіслаў апавёў, што АМАПаўцы зайшлі ў залю, дзе вялося набажэнства, і адразу пачалі здымаць усіх на відэакамэру, а пасьля апытвалі прысутных:

«Пыталіся, калі прыходзім, калькі разоў зьбіраемся на тыдзень. І пры канцы задавалі пытаньне: „Чаму ня ходзіце ў звычайную праваслаўную царкву? Чаму менавіта сюды?“ Я адказваў: „Тут больш раскрыта Божае слова — мы яго вывучаем“. Абурае тое, што парушаюць нашы правы на веравызнаньне. Я люблю Бога, веру ў Яго. Чаму я не магу памаліцца там, дзе стаю?»

Я люблю Бога, веру ў Яго. Чаму я не магу памаліцца там, дзе стаю?

Пратакол на пастара Нікалаенку маёр міліцыі Цэнтральнага РАУСу Сяргей Жытнікаў складаў праз тыдзень, пра што паведаміў яму праз тэлефон. Выклікаў тэрмінова ў аддзел. Гэта было 7 чэрвеня, нядзеля. Пастар ня мог тэрмінова прыехаць у міліцыю. Жытнікаў напісаў у пратаколе, што той наагул адмовіўся ад подпісу.

Прысутны ў судзе прадстаўнік БХК, выкладчык рэлігіязнаўства ва ўнівэрсытэце імя Францыска Скарыны Віктар Адзіночанка так камэнтуе інцыдэнт з пратэстанцкай суполкай:

«Гэта зарэгістраваная суполка. У яе ёсьць усе дакумэнты. А факт нейкай там няўзгодненасьці — ён настолькі дробны, што можна было наагул выклікаць пастара й папярэдзіць, каб пакуль там не зьбіраліся. У іх адбывалася набажэнства. На набажэнства прыйшла міліцыя з АМАПаўцамі, як быццам бы гэта нейкая сходка злачынцаў. Усё перапынілі, апытвалі людзей. Усё гэта вельмі дзіўна. І прысуд вельмі дзіўны».

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Cудаленка, які таксама назіраў за разглядам адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да пастара Нікалаенкі, так кажа пра пакараньне штрафам:

«Уразіла тое, што рэлігійная суполка, зарэгістраваная Гомельскім аблвыканкамам, павінна яшчэ атрымліваць дазвол ад мясцовых уладаў на правядзеньне набажэнства. Навошта? Гэта глупства, якога не павінна быць у дэмакратычнай краіне. Сёньня ў Менску знаходзяцца дэпутаты Эўрапарлямэнту — ім у сталіцы даводзяць, як у нас усё добра. А тут — бачыце, што робіцца на месцы».

Некалькі гадоў таму перад набажэнствам у будынак зарэгістраванай у Гомелі пратэстанцкай абшчыны «Жывое слова» прыйшлі разам зь міліцыяй і невядомымі ў цывільным прадстаўнікі ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму й адміністрацыі Савецкага раёну. Наведнікі заявілі, што сходы й набажэнствы ў памяшканьні незаконныя, а музыка перашкаджае суседзям. Пракуратура Савецкага раёну вынесла тады пастару Дзьмітрыю Падлобку афіцыйнае папярэджаньне.

Пастар Падлобка прыходзіў сёньня на суд падтрымаць свайго калегу. Ён мяркуе, што пакараньне кіраўніка рэлігійнай суполкі «Праабражэньне» зьвязана, хутчэй за ўсё, з асаблівым стаўленьнем некаторых чыноўнікаў да пратэстанцкіх плыняў у рэлігійным руху:

«Я мяркую, што часьцей за ўсё за гэтым стаіць непрыязь тых, хто мае ўладу, магчыма, іхніх асобных прадстаўнікоў, да эвангельскіх, пратэстанцкіх цэркваў. Як часьцяком кажуць, да сэктантаў, сэктаў. І ў гэтым выпадку яны ўключаюць сваё права на выкарыстаньне законаў, якія часам супярэчлівыя, абсурдныя, бо даюць магчымасьць уціскаць і абмяжоўваць правы вернікаў, якія ня робяць нічога кепскага. Яны жадаюць толькі маліцца, чытаць Біблію, услаўляць Бога, у якога вераць. Словам, рабіць тое, што ім гарантавана Канстытуцыяй».

Вернікі пратэстанцкай суполкі Царквы Божай «Праабражэньне» паведамілі, што адміністрацыя Цэнтральнага раёну не дала ім пісьмовага дазволу на правядзеньне набажэнства ў актавай залі «Гомельсаўгасбуду», дзе яны раней зьбіраліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG